У жыцці заўсёды ёсць месца рыцарству

У суботу ў гульнявой зале СДЮШАР была вельмі незвычайная атмасфера. Такое ўпершыню, каб у Ляхавічах ладзіўся рэспубліканскі турнір па сярэдневяковых баях «Стальны дэбют». На адной з лакацый залы – невялікая выстава тагачаснай рыцарскай зброі, элементы рыштунку. Але галоўнае – рынг ці, у адпаведнасці з тэматычнай тэрміналогіяй, рысталішча. Памерацца сілаю, майстэрствам валодання мячом і шчытом у наш горад прыехалі прадстаўнікі клубаў гістарычнай рэканструкцыі з Мінска, Гродна, Віцебска, Магілёва, Баранавіч, Барысава, Вілейкі. Дарэчы, у нашым раёне на базе Ураджайнінскага СДК па праграме гістарычнай рэканструкцыі працуе прадстаўнік клуба гістарычнай рэканструкцыі «Кантон Цюрых» Яўгеній Аніскевіч.
Ад першапачатковай скептычнасці, маўляў – лёгкая імітацыя бою, вельмі хутка не засталося і ўспаміну. Баі з’яўляліся поўнакантактнымі, з выкарыстаннем стальных – хоць і не завостраных – узораў зброі тых часоў. Апроч удараў, правілы спаборніцтваў не забаранялі выкарыстанне барцоўскіх тэхнік, іншае. І ўсё гэта, будучы «закаваным» у ахоўны рыштунак вагой у некалькі дзясяткаў кілаграмаў. Відавочна, вытрымаць такі спарынг у стане толькі рознабакова падрыхтаваны атлет. Заняткі ўсходнімі адзінаборствамі і відамі барацьбы, практыкаваннямі на вынослівасць – тое з чаго складаюцца трэніроўкі сучасных рыцараў.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. БОЛЬШ ФОТА ТУТ