Парасткі прыгажосці ад камунальнікаў

Прыгожая інфармацыя ад БЕЛТА: у Брэсце да тысячагоддзя горада над Бугам высадзяць больш за мільён кветак. Наш райцэнтр сёлета не юбіляр, аднак, які ж населены пункт не жадае патанаць у рознакаляровай квецені незалежна ад дня нараджэння. Тым больш, што апошнія некалькі гадоў, як ні сумна гучыць, наш горад быў абдзелены кветкамі. І нават тыя ландшафтныя кампазіцыі, якія шэсць гадоў назад падарылі азеляніцелі з розных раёнаў Брэстчыны Ляхавічам да абласных «Дажынак», даўно патрабуюць калі не замены, то рэстаўрацыі. Якім фларыстычным аздабленнем парадуюць камунальнікі ляхавічан сёлета?
На календары толькі пачынаецца сакавік, але ўжо можна знайсці астравок, дзе па-сапраўднаму пахне вясной. Зазірніце ў цяпліцы камунгаса. На 70 квадратных метрах – горача і рупліва. Ва ўсю кіпіць работа, канчатковым вынікам якой гараджане і госці горада будуць любавацца з мая да позняй восені на плошчах, вуліцах райцэнтра. Шчыруюць у цяпліцах рабочыя ўчастка зялёнага будаўніцтва ЖКГ Іна Зубік і Любоў Жукава (на здымку) пад кіраўніцтвам майстра Алены Макрэцкай. Зараз сеюць насенне бегоніі, петуніі, сальвіі, агератума, цынерарыі. Усяго на клумбах і альпійскіх горках горада будзе высаджана 10 відаў кветак.
Адкрыем яшчэ некаторыя сакрэты. На пад’ездах да райцэнтра з’явяцца новыя малыя архітэктурныя формы ў кветкавым інтэр’еры. Аматары класічнага варыянта таксама могуць не турбавацца: зноў яркімі фарбамі ўспыхнуць цюльпаны на плошчах Перамогі, Леніна, каля гасцініцы.
Акрамя таго, як удакладніў дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі, гарадскі ландшафтны дызайн расфарбуюць зялёным колерам 80 туй, якія будуць высаджаны на пачатку вуліцы Леніна.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.