Імкненні педагогаў Ляхавіччыны стварыць непаўторныя куточкі дзіцячага свету

Багаты і шчодры верасень на кветкі,цяпло, усмешкі. І на юбілеі. Наш горад — імяніннік. А да свята заўсёды рыхтуюцца. У раёне быў праведзены конкурс сярод устаноў адукацыі на лепшае добраўпарадкаванне. Пад увагу бралася, наколькі эстэтычна, арыгінальна, з густам работнікі школ, дзіцячых садкоў аформілі, добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол устаноў, наколькі бяспечныя ўмовы навучання стварылі. Па гэтых крытэрыях і вызначаліся пераможцы.

Усе вельмі стараліся, кожны педагагічны калектыў імкнуўся стварыць для рабят непаўторны куточак дзіцячага свету. Па словах начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Леаніда Калбасы, 1 месца сярод устаноў дашкольнай, сярэдняй адукацыі па добраўпарадкаванні занялі дзіцячы сад №2 і Крывошынская СШ. Работнікі сада №2 упрыгожылі дзіцячыя пляцоўкі казачнымі скульптурнымі кампазіцыямі, стварылі атмасферу цуда, якая дорыць добры настрой і ўсмешку маленькім выхаванцам. Тэрыторыя літаральна патанае ў кветках.

Крывошынская школа гасцінна сустракае восеньскімі суквеццямі, радамі вечназялёных прыгажунь-туй. Пры азеляненні школьнай тэрыторыі тут кіраваліся ўсімі правіламі ландшафтнага дызайну: спалучэнне раслін па колеры, вышыні, часе цвіцення.

2 месца паміж сабою падзялілі Начаўскі і Жарабковіцкі дзіцячыя сады, Русінавіцкая пачатковая школа і СШ №1.

Мноства малых архітэктурных формаў, дарожкі здароўя, альпійскія горкі, «рамонкавыя паляны», бардзюры з аксамітак, удалае спалучэнне кветак маляўніча ўпрыгожылі садкі. Колькі фантазіі, творчасці праявілі выхавальнікі пры добраўпарадкаванні тэрыторыі!

Знешні выгляд Русінавіцкай школы прыцягвае не толькі колькасцю клумб, але і нейкай толькі ёй характэрнай асаблівай утульнасцю, вытанчанасцю. Куды ні глянеш — усюды выпеставаныя клапатлівымі рукамі настаўнікаў і вучняў шматгадовыя і аднагадовыя кветкі.

Элегантна, святочна, урачыста сустракае гараджан СШ №1. Яна заўсёды, як на далоні, адкрытая для агляду з усіх бакоў. І гэта накладвае асаблівую адказнасць на работнікаў установы. У залежнасці ад пары года змяняецца знешні выгляд школы: летнімі кветкамі непрыкметна змяняюцца вясновыя, восеньскімі — летнія. Не мяняецца адно — заўсёдны парадак і чысціня.

У спісе пераможцаў конкурсу добраўпарадкавання — Ліпскі дзіцячы сад і Дараўскі вучэбна-педагагічны комплекс «Дзіцячы сад — сярэдняя школа». У іх ганаровае 3 месца. Маленькіх наведвальнікаў Ліпскага садка прыгажосць сустракае ля самага ўваходу — распісная агароджа, прыбраны ў дэкаратыўна-кветкавае аздабленне двор, акуратныя дарожкі — паднімаюць настрой з першых крокаў .

Гульнёвая пляцоўка Дараўскага комплексу здалёк прыцягвае яркім афармленнем. Уздоўж дарожак зіхацяць кветкі, акуратна падстрыжаны газоны.

У такія ўстановы адукацыі дзеці не пойдуць — пабягуць!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Імкненні педагогаў Ляхавіччыны стварыць непаўторныя куточкі дзіцячага свету

  • 18/09/2012 в 16:10
    Permalink

    Спасибо за хорошие слова о первой школе. Это действительно так.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *