Шануем гісторыю. Ствараем сучаснасць. Клапоцімся пра будучыню

Маленькая радзіма для многіх пакаленняў, тысяч і тысяч  людзей называецца Ляхавічамі. Не толькі горад — увесь раён атаясамляецца з гэтай назвай. Не толькі гараджане, але і вяскоўцы сёння імяніннікі. Усе разам мы шануем слаўную гісторыю дарагога сэрцу куточка беларускай зямлі — ад даўніх падзей і герояў, пра якіх ведаем з гістарычных даведак, да тых, у якіх і нашы сучаснікі-землякі змагаліся за свабоду і незалежнасць, перамаглі фашызм у Вялікай Айчыннай, самааддана і самаахвярна адразу ж пасля вызвалення ад акупантаў узяліся за мірнае будаўніцтва. Героі тых дзён — героі назаўсёды.
Гісторыю стваралі і ствараюць людзі. Колькі вядомых асоб і сціплых працаўнікоў пакінулі свае аўтографы ў летапісу Ляхавіччыны: будаўнікі і хлебаробы, медыкі і педагогі, культработнікі і інжынеры, кіраўнікі і рабочыя, ветэраны і моладзь. Наша маленькая радзіма па праву можа ганарыцца сённяшнімі стваральнымі пераменамі і здабыткамі. Ляхавіцкі раён сярод лідараў абласнога спаборніцтва на жніве. Дзякуй усім, хто шчыруе на палях і фермах, хто забяспечвае краіну хлебам. Нам ёсць кім і чым ганарыцца, на каго раўняцца. Цёзка раёна — СВК «Ляхавіцкі» — наш гонар і слава — будзе ўдзельнікам рэспубліканскіх «Дажынак», як і вадзіцель райаграсэрвісу Юрый Сяргей; СВК «Шлях новы» — пераможца абласнога спаборніцтва на жніве. 10 разоў на сцэну абласных «Дажынак» выклікаліся ляхавічане.
Візітоўкай Ляхавіччыны з’яўляецца брэндавая прадукцыя мясцовых малочнага і кансервавага заводаў і яшчэ аднаго цёзкі раёна — торфабрыкетнага. Наш стыль — гэта добраўпарадкаваныя вуліцы райцэнтра, будаўнічыя рыштаванні. У партрэтных рысах сучасніка — і мудрасць ветэрана, і жыццярадаснасць юнацтва, і непасрэднасць дзяцінства. На блаславеннай зямлі нараджаюцца, вучацца, працуюць, займаюцца творчасцю, развіваюць свае таленты і здольнасці цудоўныя людзі — нашы землякі. І ўсё гэта з клопатам і падтрымкай дзяржавы. Зірніце наўкол: якія стваральныя перамены ў нашым невялікім па колькасці насельніцтва райцэнтры, як аздобілі вясковы пейзаж і палепшылі якасць жыцця людзей аграгарадкі, як мадэрнізуецца вытворчасць, укараняюцца новыя тэхналогіі, ідзе рэканструкцыя фермаў, новае будаўніцтва. Усё гэта і многае іншае — Ляхавіччына сённяшняя, чый позірк, памкненні і праца накіраваны ў дзень заўтрашні. Продкі пакінулі землякам сваю спадчыну, і сённяшняе пакаленне стараецца працаваць дастойна, каб не было сорамна перад нашчадкамі. І гэта ёсць жыццё, у якім усе мы — дзеючыя асобы.
З юбілеем, Ляхавічы і ляхавічане!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *