Лікбез пра лес

Пра тое, што лес — наша багацце, мы чуем з дзяцінства. Але работнікі лесу разумеюць і ведаюць лепш за іншых сэнс і важнасць гэтых слоў. Будні гэтых людзей не заўсёды ахутаны рамантыкай, яны працуюць самааддана і плённа, з усведамленнем: ад таго, якую лясную спадчыну перададуць нашчадкам, залежыць не толькі прыгажосць роднага краю, але экалагічная і нават эканамічная бяспека краіны. Вынік іх паўсядзённай і руплівай працы ацэньваем мы, сучаснікі, але галоўную адзнаку паставяць наступныя пакаленні. Дылетанты разважаюць: пасадзілі лес, далей ён будзе расці сам па сабе. Але, на самай справе, яго трэба берагчы, даглядаць, любіць, ахоўваць ад пажараў і хвароб, аднаўляць, каб плошчы не змяншаліся, сачыць за парадкам і чысцінёй, клапаціцца пра лясных звяроў і птушак, арганізоўваць паляўнічую гаспадарку. Толькі работнікі лесу ведаюць, якімі намаганнямі захоўваецца самабытнасць і спрадвечнасць прыгожых і багатых беларускіх краявідаў.

На сённяшні дзень лясная гаспадарка Ляхавіччыны раскінулася на 53664 гектарах, з якіх 94 працэнты пакрыты лесам (у асноўным — сасна, елка, бяроза, асіна, чорная вольха). 275 прафесіяналаў лес абслугоўваюць і заняты на вытворчасці розных відаў прадукцыі.

Дырэктар лясгаса Міхаіл Свістун і старшыня прафкама Вольга Масейкова.

— Для кожнага з нашых працаўнікоў лясгас не толькі месца работы. Для нас лес — сапраўдны зялёны сябар, захапленне, справа жыцця. А для краіны — важны эканамічны і экалагічны рэсурс, з яго будуюць дамы, ён дорыць ежу, цяпло, выкарыстоўваецца як выдатнае месца адпачынку. Карысна для здароўя і прыемна для душы проста паблукаць па запаветных лясных сцяжынках і ўдосталь надыхацца чыстым паветрам, гаючым водарам і паслухаць птушыныя спевы. А колькі аматараў ціхага (і не толькі) палявання становяцца заўсёднікамі ці частымі гасцямі лесу, збіраюць ягады і грыбы, лекавыя расліны, — расказвае дырэктар прадпрыемства Міхаіл Свістун. Ён кіраўнік хоць і малады, але ў сваёй справе далёка не навічок. І прафесію калісьці выбраў свядома, як і большасць тутэйшых работнікаў.

У ДЛГУ — 6 лясніцтваў, іх працаўнікі вызначаюцца адказным стаўленнем да работы, прафесіяналізмам. Па ўсіх паказчыках на перадавых пазіцыях Востраўскае на чале з ляснічым Сяргеем Амбражэем. Заданні тут выконваюцца своечасова і якасна. Напрыклад, за месяц нарыхтоўваюць за 1000 кубаметраў лесу — у некалькі разоў больш, чым у іншых лясніцтвах.

У цяпліцах лясгаса займаюцца вырошчваннем экзатычных для нашага клімату туй, ядлоўцу, барбарысу і іншых культур. Усяго зачаранкавана 12 тысяч раслін. Пасадачны матэрыял лясгас вырошчвае ва ўласных гадавальніках, бо аднаўленне лясной гаспадаркі — важны накірунак дзейнасці.

Прадпрыемства пастаянна мадэрнізуецца. Зараз ідзе рэканструкцыя будынкаў кантор Куршынавіцкага, Мядзведзіцкага і Ляхавіцкага лясніцтваў (за ўласныя сродкі лясгаса), ствараюцца неабходныя ўмовы для работы і адпачынку працаўнікоў, добраўпарадкаваны тэрыторыі.

А вось кантора Ляхавіцкага лясніцтва нядаўна памяняла адрас: пераехала з Мыслабажы на вуліцу Усходнюю ў райцэнтры. І цяпер пад адным дахам з ім размешчана добраўпарадкаваная, з усімі выгодамі міні-гасцініца, дзе створаны добрыя ўмовы для пражывання спецыялістаў, што прыязджаюць у камандзіроўку ў лясгас.

Вадзіцель Андрэй Гатоўчыц вывозіць лес на магутным «Амкадоры».

— У Куршынавіцкім і Мядзведзіцкім лясніцтвах створаны міні-дэндрапаркі, будуць пабудаваны гаражы і пажарна-хімічныя станцыі. А яшчэ ў Куршынавічах закладзена «школка», дзе сеянцы вырастаюць у саджанцы, частка якіх ідзе на пасадку, а астатнія прадаюцца зелянгасам, — расказвае галоўны ляснічы Святлана Курэц.

— Нам, як паветра, неабходны падтрымка і разуменне людзей. На жаль, замест дапамогі часам атрымліваем адваротную сітуацыю. Некаторыя прыходзяць ў лес адпачываць, а пасля сябе пакідаюць смецце, бруд і неахайнасць. А гэта маленькая экалагічная катастрофа і для сённяшняга лесу, і для заўтрашняга. Апошнім часам у лясных масівах раёна з’явілася нямала добраўпарадкаваных, аснашчаных лаўкамі, альтанкамі, месцамі для развядзення кастроў зон для адпачынку. Сёння леснікам даводзіцца вывозіць адтуль горы смецця і рамантаваць паламанае. Асабліва пакутуюць ад такіх нашэсцяў прыдарожныя месцы адпачынку. Няўжо так цяжка навучыцца адпачываць культурна? — не без падстаў абураецца Святлана Курэц.

Цэх дрэваапрацоўкі «Крывошын» (узначальвае Фёдар Буцько) у лясгасе на асаблівым рахунку. Добрая слава пра яго як пра надзейнага партнёра, што пастаўляе якасную сыравіну і прадукцыю, выйшла далёка за межы Беларусі.

— За месяц у сярэднім цэх перапрацоўвае каля 600 кубічных метраў лесу-кругляка і выпускае да 250 кубаметраў піламатэрыялаў, з якіх 150 ідуць на экспарт. Наша прадукцыя экспартуецца ў Германію, Бельгію, краіны Прыбалтыкі. Пры ўсім гэтым першачаргова стараемся задаволіць патрэбы беларускіх спажыўцоў. Нягледзячы на тое, што назіраецца зніжэнне попыту на круглыя віды лесаматэрыялаў, лясгас павялічвае экспарт такой прадукцыі. За ліпень адпраўлена на экспарт 1550 кубаметраў, у жніўні — 1650, — расказвае галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Татарыновіч.

Маладыя кадры: інжынер-лесапатолаг Кацярына Клімашэвіч, галоўны механік Мікалай Шлык, інжынер па якасці Святлана Юргель, інжынер па лесакарыстанні Людміла Куліна.

У лясгасе пастаянна абнаўляецца і ўзбуйняецца машынна-трактарны парк. Сёлета набылі новы форвардар «Амкадор», які паспяхова спраўляецца з тралёўкай і вывазам драўніны. У верасні-лістападе з’явяцца чарговы харвестар — лесанарыхтоўчы камбайн, іншая тэхніка.

Яшчэ адзін клопат лясгаса — паляўнічая гаспадарка. Асноўная задача яе працаўнікоў (а гэта паляўніцтвазнавец і 3 егеры) — ахова і павелічэнне пагалоўя дзікіх жывёл.

Паляванне становіцца ўсе больш папулярным і запатрабаваным не толькі сярод паляўнічых Ляхавіцкага раёна, але і суседняга Баранавіцкага. За 8 месяцаў паляўнічая гаспадарка лясгаса зарабіла 56,5 мільёна рублёў. У хуткім часе мяркуецца арганізаваць платнае паляванне для замежных грамадзян.

— Пабудаваны домік паляўнічага (разлічаны на прыём адразу 7 чалавек), у якім ёсць усё неабходнае для адпачынку. Плануем будаўніцтва лазні, дзіцячай пляцоўкі, яшчэ больш добраўпарадкуем тэрыторыю. Зробім усё, каб зацікавіць паляўнічых не толькі самім паляваннем, але і добра арга-нізаваным адпачынкам, — расказвае Міхаіл Свістун.

Паляўнічы домік рады гасцям.

Планаў на бліжэйшую будучыню і на аддаленую шмат. Без сумненняў, у лясгасаўцаў усё атрымаецца, бо тут працуюць людзі, якія поўнасцю аддаюць сябе любімай справе. Дастаткова ўбачыць, з якой акуратнасцю, шчырасцю і апантанасцю леснікі даглядаюць за кожным кусцікам і дрэўцам, клапоцяцца пра жыхароў лесу.

І калі вытворчыя паказчыкі могуць многае сказаць пра работу прадпрыемства, то адносіны яго працаўнікоў да сваіх абавязкаў — пра адданасць выбранай прафесіі. Але не толькі работа аб’ядноўвае лясгасаўцаў.

— Разам мы адпачываем, падарожнічаем, адстойваем гонар прадпрыемства і раёна ў разнастайных спартыўных спаборніцтвах, конкурсах прафесійнага майстэрства, — расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Наталля Адаменка.

У лясгасе заўсёды рады ветэранам лясной гаспадаркі, да іх прыслухоўваюцца і паважаюць, не забываюць, ушаноўваюць. Вось і сёлета кожны з былых і сённяшніх працаўнікоў атрымае ў якасці падарунка да прафесійнага свята мёд — на здароўе.

Майстар лесу Ляхавіцкага лясніцтва Віктар Заяц.

На змену старэйшаму пакаленню прыходзіць маладое папаўненне лясгаса, у асноўным — са спецыяльнай адукацыяй. Маладыя трымаюць раўненне на вопытных прафесіяналаў — такіх, як леснікі Леанід Тарлюк, Канстанцін Русакевіч, Аляксандр Івановіч, Міхаіл Козел, ляснічы Сяргей Амбражэй, майстар лесу Віктар Заяц, бухгалтары Святлана Гатоўчыц і Таццяна Алексіч, інжынер па знешнеэканамічнай дзейнасці і па сумяшчальніцтве старшыня прафкама лясгаса Вольга Масейкова, трактарыст Пётр Івановіч, вальшчык лесу Мікалай Зубік, слесар Мікалай Скрунда. У лясгасе цэняць кожнага, бо кіраўніцтва разумее , што разам яны — адна каманда, у якой заўсёды дапамогуць, падтрымаюць, на якую можна спадзявацца ў любой справе.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *