Аднойчы за паўтысячагоддзе таму…

У 2007 годзе «Ляхавіцкі веснік» па заказе аддзела фізічнай культуры, спорту  і турызму райвыканкама склаў і падрыхтаваў да друку буклет-даведнік  «Ляхавіцкі край вачамі патэнцыяльнага турыста». Пад яго вокладкай былі сабраны звесткі, цікавыя не толькі для гасцей нашага раёна, але і для яго жыхароў. Мы нагадалі гісторыю Ляхавіччыны і расказалі пра самыя цікавыя культурныя, архітэктурныя, прыродныя помнікі. Сёння, калі Ляхавічы святкуюць свой чарговы дзень нараджэння, — выдатная нагода прыгадаць радкі з буклета, прысвечаныя гісторыі нашага горада.

Тут стаяла Ляхавіцкая фартэцыя.

Упершыню Ляхавічы згадваюцца ў дакументах ХV стагоддзя: у паперах 1492 года кароль польскі і вялікі князь літоўскі Казімір дае дазвол пану Гаштольду (тагачаснаму ўладару Ляхавіч) на правядзенне тут кірмашоў. Менавіта гэты год сёння лічыцца годам нараджэння горада, хаця, мяркуючы па ўсім, мястэчка з назвай Ляхавічы ўзнікла значна раней.
Яно расло, развівалася, пераходзіла ад аднаго гаспадара да другога: каму заставалася ў спадчыну, каму ў пасаг, некалькі разоў яго абменьвалі і прадавалі. Барбара Радзівіл, Жыгімонт Аўгуст, Хадкевічы — Ян Геранім і потым яго сын Ян Караль, Сапегі, Масальскія, гетман Касакоўскі — гэта пералік, напэўна, далёка не поўны і не самы падрабязны, уладальнікаў Ляхавіч у розныя часы.
Ляхавіччына стала радзімай Фёдара Еўлашоўскага (1546) — аўтара гістарычных мемуараў, што і сёння з’яўляюцца важнай крыніцай звестак пра жыццё літоўска-рускай шляхты і падзеі другой паловы ХVІ стагоддзя. Але са старажытных часоў Ляхавічы былі вядомыя не толькі і не столькі гэтым. Бастыённы замак, пабудаваны пры гетмане вялікім літоўскім Яне Каралю Хадкевічу ў ХVІ стагоддзі і вядомы пад назвай Ляхавіцкая фартэцыя, вытрымаў 8 асад і быў адным з самых магутных умацаванняў не толькі ў Вялікім княстве Літоўскім, а і ў Рэчы Паспалітай.
Замак, пабудаваны на левым беразе Ведзьмы, быў акружаны рэчкай, перакрытай плацінай. Трапіць у яго можна было толькі па развадным мосце. Фартэцыя мела форму чатырохвугольніка памерам 175 на 220 метраў, акружанага рвом шырынёй да 15 метраў. Сёння на месцы, дзе стаяла Ляхавіцкая фартэцыя, — валун з шыльдай. Выява фартэцыі адлюстравана і на гербе горада.
Найбольшыя выпрабаванні на долю Ляхавіч выпалі ў час руска-польскай вайны 1654-1667 гадоў. Горад 4 разы гарэў і быў ператвораны ў руіны. Вайна і шматмесячная асада прывялі да таго, што тут засталіся цэлымі 17 з 300 дамоў, а большасць гараджан і жыхароў наваколля загінулі. Тым не менш, Ляхавічы былі адзіным горадам, які царскія войскі не змаглі заняць.
Пройдзе зусім няшмат часу, і ў 1706 годзе ў час Паўночнай вайны пасля паўгадавой асады і працяглага штурму, калі ў абаронцаў закончацца вада і порах, шведы разбураць здадзены замак і касцёл…
У выніку працяглых войнаў горад прыйшоў у заняпад і ў канцы ХVІІІ стагоддзя заставаўся невялікім мястэчкам. Яго жыхары — беларусы, яўрэі, татары — займаліся земляробствам, рамяством і дробным гандлем.

Як сімвал нашай удзячнасці продкам і землякам за іх мужнасць і працавітасць, у памяць пра Ляхавіцкі замак, што даў пачатак развіццю горада і меў важнае гістарычнае значэнне, — памятны знак у цэнтры горада, узведзены ў 1999 годзе.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Ляхавічы адышлі да Расійскай імперыі. Дзяржаўная граніца праходзіла каля Ляхавіч. Праз два гады, пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, горад страціў сваё ранейшае прыгранічнае і ваеннае значэнне.
Штуршок эканамічнаму развіццю Ляхавіч дало будаўніцтва Палескай чыгункі (лініі Сарны — Вільна). У 1897 годзе ў горадзе былі школа, бальніца, ганчарная майстэрня, 30 невялікіх лавак, вінакурня, пражывала больш за 5 тысяч чалавек, дзейнічалі царква, сінагога, мячэць. А праз тры гады тут працавала 91 малое прамысловае прадпрыемства, з’явілася пошта.
Згодна Рыжскага мірнага дагавора 1921 года, Ляхавічы адышлі да Польшчы і да верасня 1939 года ўваходзілі ў Баранавіцкі павет Навагрудскага ваяводства.
17 верасня 1939 года для Ляхавіч пачалася новая гісторыя.

Пра нас сённяшніх

З таго часу, пра які распавядалася вышэй, прайшлі гады і дзесяцігоддзі, на календары — іншае стагоддзе. І горад сёння іншы — па-ранейшаму невялікі, але сучасны, утульны, зручны і прывабны для насельніцтва і гасцей.

Больш як 90 вуліц і завулкаў працягласцю ад некалькіх дзясяткаў метраў да 2 і больш кіламетраў (як, напрыклад, самыя доўгія ў райцэнтры вуліцы Леніна і Кастрычніцкая), плошчы, паркі і скверы размяшчаюцца кампактна і займаюць усяго 806 гектараў.

На жаль, Ляхавічам не наканавана было стаць (пакуль?) турыстычным цэнтрам, а мясцовым славутасцям — месцам паломніцтва аматараў гісторыі. Але ад гэтага мы, ляхавічане (па стане на пачатак года нас налічвалася 10900), любім свой гарадок не менш, ганарымся яго слаўнай гісторыяй і землякамі. Дарэчы, не толькі тымі, чые імёны на слыху, але і тымі, хто вырошчваў і выпякаў хлеб, будаваў, лячыў і вучыў, наводзіў і падтрымліваў парадак… А яшчэ ўсімі, хто робіць гэта сёння. Ганарыцца сваёй зямлёй і яе людзьмі змалку вучаць у 4 гарадскіх да-школьных установах, 2 сярэдніх школах і гімназіі, Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы (з мінулага навучальнага года тут, нарэшце, стала магчымым набыць вышэйшую адукацыю), цэнтры дадатковай адукацыі і школе мастацтваў. Акрамя гэтых важных аб’ектаў, сацкультбыт райцэнтра нельга ўявіць без раённай бальніцы, 2 дамоў культуры, бібліятэк. Патрэбы насельніцтва задавальняюць каля 7 дзясяткаў гандлёвых кропак рознай формы ўласнасці, камбінат бытавога абслугоўвання, прадстаўніцтвы двух банкаў, раённыя вузлы паштовай і электрасувязі, ЖКГ і шэраг іншых арганізацый і ўстаноў. Што датычыць прамысловасці, найбуйнейшыя яе прадстаўнікі ў райцэнтры — малочны і кансервавы заводы. Безумоўна, гэта вельмі «сціснуты» варыянт нашай сённяшняй біяграфіі і геаграфіі. На старонках гэтага нумара «ЛВ» на некаторых адрасах мы спынімся больш падрабязна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *