Нефармальны «Клопат»

Выкарыстана ілюстрацыя. Фота з архіва «ЛВ»

Правапарушэнні з удзелам падлеткаў пачынаюцца з малога – спачатку пропускі заняткаў, потым «нядобрая» кампанія, цыгарэты, спіртное…
На прафілактычным уліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС знаходзіцца 30 падлеткаў (12 пастаўлены сёлета). За пяць месяцаў яны ўчынілі 22 правапарушэнні і адно злачынства, сямёра непаўналетніх знаходзіліся ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане ці распівалі спіртныя напіткі.
Летась выяўлены пяць фактаў рэалізацыі алкагольнай прадукцыі непаўналетнім у гандлёвых кропках. І хаця вінаватыя прадаўцы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і заплацілі штраф па 20 базавых велічынь кожны, асадак у душы застаўся.
Разам з настаўнікамі работнікі праваахоўных органаў частыя, хоць іншы раз і не вельмі жаданыя, госці ў сем’ях, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Сёлета ўжо восем дарослых панеслі адказнасць за ўцягванне непаўналетніх у супрацьпраўныя дзеянні, сямёра – за тое, што іх дзеці знаходзіліся ў грамадскіх месцах у позні час без суправаджэння дарослых.
Калі падлетак трапляе на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх, пачынаюцца пошукі вінаватых. Неабходна ўзмацняць прафілактычную і выхаваўчую работу. Па ўсіх напрамках. Патрабуе ўдасканалення і дзейнасць камісій па справах непаўналетніх пры сельвыканкамах. Нялішне напомніць: калі падлетак жыве ў праблемнай сям’і, значыць узмацніць уплыў трэба на ўсю сям’ю.
У маі пачалася рэалізацыя рэспубліканскай праграмы «Клопат», якая будзе доўжыцца да кастрычніка. Асноўная ўвага міліцыянераў, педагогаў накіравана на арганізацыю вольнага часу непаўналетніх, прафілактыку падлеткавай злачыннасці. На пастаянным кантролі – дзіцячыя пляцоўкі, стадыёны, прышкольныя летнікі, зоны адпачынку, установы культуры, асабліва ў вячэрні час.

Аляксей ПАЛЯШЧУК,
участковы інспектар ІСН РАУС.