Праміле антырэкорда. За першае паўгоддзе на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна выяўлены 19 вадзіцеляў, якія кіравалі транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення

Фото: https://resbash.ru

У Столінскім раёне дзяржаўтаінспектары спынілі нецвярозага матацыкліста. П’яны за рулём – з’ява, канешне, надзвычайная, але, на жаль, не такая ўжо і «эксклюзіўная». Уразілі лічбы, агучаныя ў міліцэйскіх зводках: у крыві вадзіцеля двухколавага транспарту аказалася… 4,8 праміле алкаголю.

У памяці – яшчэ адзін антырэкорд, што ў лістападзе мінулага года паставіў жыхар нашага раёна. На службовым трактары 54-гадовы вадзіцель наехаў на драўляную агароджу, уцякаў ад ДАІ, ствараючы пры гэтым аварыйную сітуацыю для іншых удзельнікаў дарожнага руху. У яго крыві тады было 5,4 праміле алкаголю. Ужо сёлета міліцыя затрымала жыхара аграгарадка Русінавічы з 3,1 праміле алкаголю ў крыві.

Старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС Аляксандр Анікевіч паведаміў, што за першае паўгоддзе на тэрыторыі раёна выяўлены 19 вадзіцеляў, якія кіравалі транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, прычым двое з іх – паўторна на працягу года.

Факт. У Беларусі плануюць устанавіць больш жорсткае пакаранне для п’яных вадзіцеляў, асабліва тых, хто ўчыніў аварыю са смяротным зыходам. Калі змяненні ў Крымінальны кодэкс будуць прыняты, то п’янаму вадзіцелю, па віне якога ў аварыі загінулі людзі, давядзецца пазбавіцца волі на тэрмін да васьмі гадоў (цяпер да сямі гадоў). Аналагічнае пакаранне панясуць і тыя, хто перадасць свой транспарт-ны сродак нецвярозаму вадзіцелю (цяпер пакаранне для іх – да пяці гадоў пазбаўлення волі).

Так, ляхавічанін 1966 года нараджэння ў красавіку ехаў на аўтамабілі без вадзіцельскага пасведчання. Па знешніх прыкметах супрацоўнікі АДАІ палічылі, што мужчына нецвярозы, але ад праходжання медагляду ён адмовіўся. А гэта цягне для вадзіцеля тыя ж прававыя наступствы, што і кіраванне ў стане алкагольнага ап’янення (штраф у памеры ад 50 да 100 базавых велічынь з пазбаўленнем права кіравання транспартным сродкам на працягу трох гадоў) . Пакаранне гора-вадзіцеля не спалохала, і ўжо ў чэрвені ён зноў трапіў у поле зроку міліцыянераў. Аўтамабіль на гэты раз арыштаваны ў даход дзяржавы, а вадзіцель зноў аштрафаваны, акрамя таго, за паўторную на працягу года «п’яную» язду ён можа пазбавіцца і волі. Цяпер раённы аддзел Следчага камітэта вывучае матэрыялы справы.

Яшчэ аднаго жыхара раёна двойчы на працягу года (а за два гады – тройчы) затрымлівалі за кіраванне мотаблокам у п’яным стане. Акрамя штрафу, яму на пяць гадоў давядзецца забыць пра вадзіцельскае месца.

Дарэчы, з 19 п’яных вадзіцеляў – чатыры жанчыны. У чэрвені ў Патапавічах дзяржаўтаінспектары спынілі гужавую павозку, вазніца якой – жыхарка Падлесся – пад уздзеяннем алкаголю проста заснула. Каб яе дабудзіцца, спатрэбілася дапамога медыкаў. На парушальніцу ПДР складзены адміністрацыйны пратакол.

П’яная язда нярэдка заканчваецца трагедыяй. Сёлета ўжо адбылося ДТЗ, адзін з удзельнікаў якога быў адурманены алкаголем. У сакавіку на выез-дзе з Ляхавічаў у накірунку Баранавічаў на п’янага 57-гадовага веласіпедыста наехаў аўтамабіль. За парушэнне ПДР веласіпедыст аштрафаваны.

Хапае парушальнікаў і сярод пешаходаў: з пачатку года 118 з іх выйшлі на праезную частку «пад градусам». У той момант іх не надта хвалявала, што небяспека побач…

РАУС пастаянна арганізуе дзяжурства на дарогах, асабліва на найбольш небяс-печных участках, пад пільнай увагай рэспубліканскія трасы Ляхавічы-Баранавічы, Крычаў-Слуцк-Івацэвічы. Праводзяцца шматлікія акцыі, сустрэчы ў працоўных калектывах і навучальных установах, а таксама выезды-дзяжурствы сумесна з медыкамі і валанцёрамі. Але, напэўна, каб знізіць градус на дарогах, патрабуецца зацікаўленасць не толькі міліцыянераў, але і ўсіх удзельнікаў руху.

У тэму. Літаральна некалькі фактаў апошніх дзён.У жудаснай аварыі пад Белаазёрскам загінулі пяць чалавек, у тым ліку трое дзяцей. П’яны вадзіцель не справіўся з кіраваннем аўто… Страшна падумаць, чым магла закончыцца для сямі пасажыраў паездка з аэрапорта Львова ў Брэст з нецвярозым вадзіцелем (медыцынскі агляд выявіў у выдыхаемым паветры канцэнтрацыю пароў абсалютнага этылавага спірту 2,7 праміле). Міліцыянеры затрымалі аматара выпіць за рулём. І, магчыма, гэтым выратавалі не адно жыццё.

Першы намеснік начальніка РАУС Андрэй Гіль падкрэсліў, што мерапрыемствы па папярэджанні ДТЗ з удзелам нецвярозых будуць актывізавацца, але па максімуму эфектыўнымі яны стануць толькі пры дапамозе неабыякавых грамадзян: «Калі вы ўбачылі, што на дарозе – за рулём, на веласіпедзе, пешшу – знаходзіцца чалавек у стане ап’янення, паведаміце пра гэта ў дзяжурную часць РАУС па тэлефонах 6-09-37 або 102. Магчыма, менавіта ваш званок дапаможа прадухіліць трагедыю».

Галіна КАНЬКО.