Экзамен для профі. Раённы конкурс прафмайстэрства сярод тэхнікаў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы, заатэхнікаў-селекцыянераў, ветурачоў-гінеколагаў сёлета праходзіў у ААТ “Жарабковічы” Ляхавіцкага раёна /абноўлена/

Пераможцы раённага конкурсу прафесійнага майстэрства.

Штогадовы раённы конкурс прафмайстэрства сярод тэхнікаў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы, заатэхнікаў-селекцыянераў, ветурачоў-гінеколагаў сёлета праходзіў у Жарабковічах. За перамогу змагаліся 40 лепшых спецыялістаў з усіх сельгасарганізацый. Яны павінны былі прадэманстраваць веданне асноў кармлення і ўтрымання жывёлы, валоданне тэхналогіяй штучнага асемянення, безумоўнае захаванне тэхнікі бяспекі.

– Важна ведаць, наколькі дакладна спецыялісты гэтага профілю прымяняюць на практыцы тэорыю і ўменні, наколькі выніковая школа па абмене вопытам, якая садзейнічае павышэнню прафесійнага майстэрства, – зазначыла дырэктар  племянной станцыі па Ляхавіцкім раёне Таццяна Пунько.
Кожнаму канкурсанту неабходна было пераадолець некалькі этапаў – тэсціраванне, практычны і тэарэтычны. Хваляваліся і вопытныя, і тыя, хто робіць першыя крокі ў прафесіі.
Ксенія Долгая другі год працуе ветурачом-гінеколагам у КСУП «Востраў-Агра». Да тэарэтычнага іспыту рыхтавалася разам з калегам тэхнікам-асемянатарам гэтага ж сельгаспрадпрыемства Алегам Міклашэвічам. Колішнія выпускнікі Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа ў конкурсе прафмайстэрства ўдзельнічалі ўпершыню і вельмі перажывалі. Але журы было добразычлівым, аб’ектыўным, падтрымлівала ўдзельнікаў.
– Пытанні датычыліся таго, чым  займаешся штодня, – нічога складанага. Тым больш, два гады назад удзельнічаў у аналагічным абласным спаборніцтве, – гаворыць гінеколаг-асемянатар ЗАТ «Белпрампрыбор» Аляксандр Кожан.
Заатэхнік-селекцыянер ДП «Нача» Ірына Лук’янава ў прафесіі пяць гадоў. За гэты час, у многім дзякуючы і селекцыйнай рабоце, у «Начы» павялічыліся надоі, прывагі, палепшылася якасць малака. Дарэчы, тэхнік-асемянатар гэтай арганізацыі Генадзій Манько летась прызнаны лепшым сярод калег з усёй вобласці.
Старшыня журы загадчык лабараторыі РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па жывёлагадоўлі» Юрый Герман адзначыў высокі прафесійны ўзровень падрыхтоўкі канкурсантаў.
– Выдатная арганізацыя конкурсу, відавочна зацікаўленасць кіраўніцтва раёна ў падрыхтоўцы кадраў для жывёлагадоўлі, адсюль і вынікі, – падкрэсліў Юрый Герман.
Як заўжды, майстар-клас паказалі прадстаўнікі СВК «Ляхавіцкі». У намінацыі «лепшы аператар па штучным асемяненні БРЖ» пераможцам стаў Іван Патаповіч з СВК «Ляхавіцкі». Яшчэ адзін прадстаўнік гэтай гаспадаркі Сяргей Белавус падзяліў першынство з Аляксандрам Кожанам з «Белпрампрыбора» як лепшы спецыяліст па штучным асемяненні БРЖ. Лепшы ў раёне ветурач-гінеколаг Аляксандр Грэсь працуе ў ААТ «Жарабковічы», а заатэхнік-селекцыянер Ірына Лук’янава – у ДП «Нача».
Пераможцам уручаны прэміі і падарункі ад упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, племянной станцыі па Ляхавіцкім раёне, спонсараў конкурсу – СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», Ляхавіцкага філіяла Брэсцкага аграпрамысловага саюза, раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК, раённага аб’яднання прафсаюзаў. А сувеніры атрымалі ўсе канкурсанты – як стымул лепш пад-рыхтавацца да прафесійных спаборніцтваў у наступным годзе.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.