На Ляхавіччыне ў прыватным сектары становіцца менш кароў, а колькасць здадзенага малака павялічваецца

Дзіўная рэч: у прыватным сектары становіцца ўсё менш кароў, а колькасць здадзенага малака павялічваецца. Нехта, напэўна, скептычна пасмяяўся, маўляў, разбавілі. Не ўгадалі! Аказваецца, усё залежыць ад якасных параметраў малака: чым вышэйшая тлустасць, тым больш прадукцыі ідзе ў залік малаказдатчыку (базісная тлустасць складае 3,6 працэнта). Вось і атрымліваецца: на пачатак года ў прыватным сектары налічвалася 1440 кароў. За 9 месяцаў закуплена малака з асабістых падвор’яў 4114 тон у пераліку на базісную тлустасць. На кожную карову, што знаходзіцца ў прыватным сектары, прыпадае па 2857 кілаграмаў малака.
Такім чынам, прыватны сектар даў 11 працэнтаў малака ад усёй яго колькасці, што паступіла за гэты перыяд на малаказавод з сельгаспрадпрыемстваў раёна.
Уся гэтая статыстыка гаворыць пра тое, што трымаць на асабістым падвор’і карову і сёння выгадна.

— Напіся, Ільюшка, малачка — яшчэ цёпленькае, толькі падаіла кароўку, — бабуля Люда налівае сырадой у кружачку і падае ўнуку.
Людміла Юруць з Тальмінавіч расказвае, што спачатку трымалі ў гаспадарцы адну карову, каб забяспечыць малаком дзяцей і ўнука, якія жывуць у горадзе. А пасля пераканаліся, што гэта справа хоць і нялёгкая, але выгадная, самі вырасцілі яшчэ адну карову. Цяпер лішкі малака прадаюць дзяржаве, і кожныя 10 дзён паступаюць у сямейны бюджэт грошы за здадзеную прадукцыю. Працаваць даводзіцца нямала: двойчы на месяц сям’я пасвіць статак, летам нарыхтоўвае сена, у севазвароце на прысядзібным участку абавязкова штогод адводзіцца месца пад караняплоды, купляюць канцэнтраты.
— І ўсё ж, як бы там ні было, трымаць карову ў асабістай падсобнай гаспадарцы выгадна, — зазначае гаспадыня. — Да таго і СВК «Тальмінавічы» дапамагае ў нарыхтоўцы кармоў, клапоціцца пра пашу для прыватнага статка, калі трэба, аказвае ветэрынарныя паслугі.
Колькасць кароў на падвор’ях у раёне змяншаецца. Калі на пачатак мінулага года значылася 1719 галоў, то на пачатак 2012 зарэгістравана 1440 (на 16,2 працэнта менш). Прычыны самыя розныя. Адна з іх — старэюць заўзятыя гаспадары, якія яшчэ зусім нядаўна не ўяўлялі свайго жыцця без кароўкі-карміцелькі, сёння вымушаны яе збываць. А на змену пажылым прыходзіць моладзь, у якой зусім іншы падыход да жыцця — не абцяжарваць сябе клопатамі, лепш купіць пакет малака ў магазіне. Вось і тлумачэнне, чаму зніжаецца закуп малака з асабістых падвор’яў грамадзян. Летась заданне выканана на 89,6 працэнта — з ім не справіліся ні ў адным сельсавеце.
Сёлета за 9 месяцаў на малочны завод паступіла 4114 тон малака, закупленага ў насельніцтва. Больш актыўна сталі прадаваць лішкі прадукцыі жыхары Падлескага, Жарабковіцкага, Конькаўскага, Навасёлкаўскага сельсаветаў. Стабілізаваць сітуацыю імкнуцца паўсюдна. Як расказала галоўны эканаміст райсельгасхарчу Ірына Страмавус, сёлета малаказдатчыкам выплачана 285 мільёнаў рублёў надбавак за здадзенае малако. Ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях аказваюцца паслугі прыватнаму сектару, асабліва тым гаспадарам, якія ўтрымліваюць кароў і лішкі прадукцыі прадаюць дзяржаве. Без праблем можна змалоць зерне, палячыць жывёлу ці правесці прафілактычныя ветэрынарныя мерапрыемствы, прадаецца жывёла для дарошчвання, кармы. Напрыклад, сёлета прададзена па сабекошце 1,4 тысячы тон сена, 0,2 тысячы тон саломы, 0,9 тысячы тон камбікармоў, адводзяцца сенакосы і пашы. Акрамя таго, сельгаспрадпрыемствы раёна клапоцяцца і пра севазварот на прысядзібных участках грамадзян. У прыватнасці, па іх заявах выдзяляюць зямельныя ўчасткі на палях.
Вельмі спрыяе справе ўвага работнікаў сельвыканкамаў да праблем прыватных гаспадароў. Але шмат і пытанняў, напрыклад, праверка якасці закупляемага малака. Гэтым цікавяцца малаказдатчыкі ў кожным сельсавеце. У раёне няма малакапрыёмных пунктаў і кантроль праводзіцца ў лабараторыях на фермах сельгаспрадпрыемстваў. Часта недапрацоўкі малаказборшчыкаў становяцца прычынай спрэчных сітуацый. Вось і Людміла Юруць з Тальмінавіч незадаволена работай свайго малаказборшчыка, які тлустасць малака вызначае іншы раз «на вока». Шмат падобных нараканняў паступае ў Свяціцкі, Крывошынскі, Востраўскі сельвыканкамы. Нават ёсць прапанова збор малака з асабістых падсобных гаспадарак грамадзян аддаць у рукі прыватніка. Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Ланкуць, ёсць магчымасць аказаць падтрымку ў выглядзе субсідыі на набыццё спецыяльнай апаратуры для вымярэння якасных параметраў, — 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму таму (з ліку беспрацоўных), хто адкрые сваю справу.
Пакуль жа гэтае пытанне застаецца галоўным і самым спрэчным для ўсіх малаказдатчыкаў.
Напэўна, варта было б малаказборшчыкам карыстацца хоць арыометрамі (спецыяльнае прыстасаванне для вымярэння шчыльнасці малака), — яны ёсць у кожнай гаспадарцы.
Станоўчы вынік у гэтай рабоце будзе тады, калі ў ім зацікавіцца і той, хто прадае сваю прадукцыю, і той, хто яе закупляе.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *