Супрацоўнікі Ляхавіцкай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя правялі рэйд

На мінулым тыдні супрацоўнікі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя правялі чарговы рэйд-праверку па захаванні правіл вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і Воднага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Як расказаў галоўны спецыяліст райінспекцыі Аляксандр Курловіч, было складзена 3 адміністрацыйныя пратаколы (з пачатку года — 34) на парушальнікаў, і ўсе яны датычыліся няправільнай устаноўкі транспартных сродкаў ля вадаёмаў (рэкі, азёры, каналы, сажалкі і г.д.). Прычым усе аўтары «няправільнай» паркоўкі — жыхары суседніх раёнаў — Баранавіцкага, Нясвіжскага і Клецкага. А вось мясцовыя аматары рыбнай лоўлі больш законапаслухмяныя і даволі рэдка парушаюць менавіта гэта правіла заканадаўства.
Дарэчы, за такое свавольства згодна часткі 2 артыкула 15.35 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжана папярэджанне і штраф да 20 базавых велічынь. Каб не трапіць у лік ”шкоднікаў прыроды”, неабходна усё рабіць па законе. Тым больш, што каля месц, дазволеных для рыбнай лоўлі, развешаны лістоўкі з адпаведнай тлумачальнай інфармацыяй.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *