Супрацьпажарны лікбез для Ураджайнай. У Ляхавіцкім раёне працавала назіральная камісія

На мінулым тыдні па многіх адрасах вёскі Ураджайнай заходзіла прадстаўнічая камісія: старшыня сельвыканкама, супрацоўнік РАНС, участковы інспектар міліцыі, стараста вёскі, работнік сацыяльнай службы. У такім складзе яны збіраюцца па чацвяргах, каб праводзіць актыўную прафілактычную работу сярод насельніцтва. Кожны звяртае ўвагу на свой сектар праблем, гатовы аказаць дапамогу ці пракансультаваць. Мэта агульная і надзвычай важная – прадухіліць бяду…

Назіральныя камісіі працуюць у Ляхавіцкім раёне не першы год – восем пры сельвыканкамах і адна ў горадзе. Гэта адзін з эфектыўных спосабаў праверкі стану пячнога і газавага абсталявання, а таксама магчымасць нагадаць жыхарам правілы бяспечнага жыцця. З пачатку года камісіі абследавалі каля 8000 домаўладанняў у раёне, 11000 чалавек абнавілі веды па правілах супрацьпажарнай бяспекі.

Асабліва актуальна дзейнасць камісіі зараз, калі прыйшлі першыя замаразкі, людзі пачалі паліць печкі, уключаць у кватэрах абагравальнікі.

Акрамя праверкі ацяпляльнага абсталявання – увага на ўмовы пражывання адзінкіх пенсіянераў, ветэранаў, інвалідаў, людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Асобная катэгорыя – мнагадзетныя сем’і, асабліва тыя, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Сваю працу камісія распачала ва Ураджайнай на вуліцы Куйбышава: завітала да пенсіянераў Леаніда і Юліі Сідор. У доме цёпла і ўтульна: паліцца печка – у гасцях маленькі праўнук. З пячным абсталяваннем усё ў парадку, але аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка няма. Таму парада камісіі паставіць АПА. Супрацоўнікі МНС пакінулі памяткі для бабулі і дзядулі, размалёўку для хлопчыка, каб дзіця ў гульнявой форме знаё-мілася з правіламі супрацьпажарнай бяспекі.

У наступным доме пражывае пенсіянерка Алена Пабягайла. Жанчына практычна не ходзіць. За ёй даглядае сын, рэгулярна прыязджае дачка. Камісія заспела мужчыну за курэннем у доме.

– Гэта не толькі шкодная звычка для вас, дымам дыхае ваша маці. Да таго ж, колькі бяды можа прынесці адна непатушаная цыгарэта або запалка, – гаворыць першы намеснік начальніка РАНС Сяргей Гатоўчыц.

У доме таксама не ўстаноўлены апавяшчальнік. Мужчына абяцае, што будзе курыць на вуліцы, а АПА ў бліжэйшы час установяць.

Дом Феафаніі Тумаш на вуліцы Лугавой. Да прыходу халадоў жанчына падрыхтавалася грунтоўна: печка ў парадку, АПА ўстаноўлены. У камісіі не было ніякіх пытанняў.

Наступны адрас пазначаны службамі як праблемны. Гаспадар кватэры ў шматпавярховым доме злоўжывае алкаголем, курыць. За неаплату ў кватэры адключаны электрычнасць, газ, вада. Сюды выязджалі на выклік супрацоўнікі РАНС – было паведамленне пра задымленне, але ўсё абышлося. Гаспадара камісія заспела, мяркуючы па абстаноўцы ў кватэры, пасля чарговага «застолля»…

Яшчэ два адрасы – мнагадзетныя сем’і Анціпавых і Рудкоўскіх. І зноў жа, да ацяпляльнага абсталявання пытанняў не ўзнікла, а вось АПА няма. Як адзін з варыянтаў – звярнуцца ў сацыяльную службу за матэрыяльнай дапамогай.

Прадпісанне па ўхіленні парушэння, дапамога ў вырашэнні бытавых праблем або проста парада – праца назіральнай камісіі важная і неабходная. Галоўнае – разумець мэты такой увагі і не ігнараваць рэкамендацыі.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.