Администрация колледжа наградила лучшую академическую группу экскурсионой поездкой

Штогод у Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы праводзіцца агляд-конкурс на лепшую акадэмічную групу. Сёлета пераможцай прызнана 32-я група агранамічнага аддзялення (куратар Ларыса Мацейчык, стараста Яўгеній Шарафановіч). За ўпэўненую перамогу адміністрацыя каледжа ўзнагародзіла пераможцаў экскурсійнай паездкай па беларускім залатым кальцы «Нясвіж-Мір-Навагрудак».У адзін з цудоўных сонечных дзён залатой восені і адбылася доўгачаканая экскурсія. Краявіды трох абласцей — Брэсцкай, Мінскай, Гродзенскай — прамільгнулі за вокнамі аўтобуса, як кадры захапляльнага фільма.
І вось Нясвіж. Затаіўшы дыханне прайшліся па залах знакамітага Нясвіжскага замка, занесенага ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, пабывалі ў Фарным касцёле. Цікава было даведацца, што найбольшы росквіт горада пачаўся ў 16 стагоддзі і звязаны ў асноўным з імем Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі. Атрымаўшы ў спадчыну ад бацькоў драўляны Нясвіж, ён шмат зрабіў для яго рэканструкцыі і будаўніцтва. З 1584 па 1616 гады пры ўдзеле беларускіх і італьянскіх майстроў з улікам апошніх да- сягненняў фартыфікацыйнага мастацтва былі пабудаваны і горад, і замак, а само пасяленне, размешчанае крыху далей, апаясана ровам і валам. Каменныя вароты з магутнымі башнямі адкрывалі ўезд у горад. У 1740 годзе ў Нясвіжы адкрыўся адзін з самых вялікіх у Еўропе тэатраў балета, а таксама кадэцкі корпус, а ў прыгарадзе — школа флоцкіх афіцэраў для войска Радзівіла.
Не паспелі сціхнуць бурныя абмеркаванні ажыўшай нясвіжскай гісторыі, як перад падарожнікамі паўстаў велічны Мірскі замак — турыстычная славутасць Беларусі, які таксама занесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Мірскі замкавы комплекс — узор абароннага дойлідства. Самыя раннія збудаванні выкананы ў гатычным стылі. Уздоўж усходняй і паўночнай сцен замка быў узведзены трохпавярховы палац, вакол — земляныя валы з бастыёнамі на вуглах, ровам з вадой. Непадалёку сад у італьянскім стылі і штучнае возера. Удалае і непаўторнае спалучэнне архітэктурных стыляў готыкі, барока і рэнесансу і ў наш час робяць Мірскі замак адным з самых уражваючых і не толькі ў Еўропе.
Наступная кропка экскурсійнага падарожжа — старажытны Навагрудак — першая сталіца Вялікага княства Літоўскага. Гісторыкі аднеслі дату яго заснавання да 10 стагоддзя. У 12 стагоддзі ў пасяленне ўваходзілі крэпасці на Замкавай гары, умацаваны раён на тэрыторыі суседняй узвышанасці (Малы замак). Калісьці Навагрудак быў рэзідэнцыяй князёў Вялікага княства Літоўскага і буйным гандлёва-рамесным цэнтрам. Горад размясціўся на высокіх узгорках. Ад замка на многія кіламетры адкрываецца цудоўная прыродная панарама на прыгарадныя далі і лясы. Не выпадкова Навагрудчыну называюць «беларускай Швейцарыяй». Маляўнічасць гэтага куточка ўспета паэтамі.
Непрыкметна экскурсія наблізілася да фінальнага акорда. Але, напэўна, ўражанні ад яе застануцца надоўга. У такіх паездках разумееш, якая цудоўная і непаўторная наша Беларусь. Як добра быць маладым, і як здорава, калі побач твае сябры. Дзякуй, каледж, за такі цудоўны падарунак!
Мікалай ДАБРЫЯНЕЦ,
намеснік дырэктара
па выхаваўчай рабоце ЛДАКа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *