Работы ляхавічанкі Аляксандры Цісельскай уражваюць, захапляюць, натхняюць

Мама Сашы Цісельскай, калі дачка яшчэ, як гаворыцца, пеша пад стол хадзіла, заўважыла ў дзяўчынкі схільнасць да малявання. І прывяла яе ў студыю выяўленчага мастацтва Дома творчасці да вопытнага педагога Леаніда Сокала, які разгледзеў у маленькай вучаніцы мастацкі талент. — Я і цяпер добра памятаю і захоўваю свае самыя першыя малюнкі. У асноўным гэта партрэты (калі іх так можна назваць) мамы і таты, малявала іх з такой любоўю і інтарэсам — не перадаць словамі, — успамінае Аляксандра. Школьніца Саша не пакінула сваё любімае маляванне — стала займацца на мастацкім аддзяленні Ляхавіцкай школы мастацтваў у групе пад кіраўніцтвам Сяргея Чарановіча і паралельна наведвала дзіцяча-юнацкую студыю выяўленчага мастацтва «Апалон». — Вельмі ўдзячна Сяргею Вячаслававічу, ён многаму навучыў, у першую чаргу, бачыць свет у фарбах і ўмець убачанае перанесці ў малюнкі. А яшчэ перадаў нам, сваім вучням, любоў да гісторыі Беларусі. Ён сам апантаны краязнаўца, і ў свайго педагога мы перанялі гэты інтарэс, любім маляваць замкі і палацава-паркавыя ансамблі, на якія так багата наша краіна, — расказвае маладая мастачка. Пацвярджэнне яе слоў — выпускная работа ў школе мастацтваў «Нясвіжскі палац». Потым яна намалявала карціны «Мірскі замак», «Навагрудскі замак», нават паспрабавала працаваць над партрэтамі Радзівілаў. І, канешне, не магла не пакласці на палатно прыгажосць, арыгінальнасць і вытанчанасць Востраўскай царквы — храма са сваёй малой радзімы. Менавіта гэтым летам у аграгарадку Востраў з поспехам прайшла выстава работ 21-гадовай Аляксандры Цісельскай. Яе малюнкі, напісаныя алоўкамі і фарбамі на паперы і палатне, уражваюць, захапляюць, натхняюць на ўспаміны і цёплыя думкі. Нібы ў казку трапляеш, гледзячы на заснежаны домік са святлом у вокнах каля зімовага лесу, альбо пераносішся ў іншы сюжэт. Памятаю, з якім гонарам дзядуля Аляксандры паказваў работы ўнучкі. Асабліва любімая тэма Аляксандры — кветкі: — Нацюрморты мне маляваць падабаецца больш за ўсё. Праз іх я прызнаюся ў любві прыродзе і прыгажосці. Пасля заканчэння Бабруйскага мастацкага каледжа Саша працуе мастаком-афарміцелем у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы ў Ляхавічах і, канешне, з задавальненнем і інтарэсам працягвае маляваць і для сябе, і для іншых. А натхненне, новыя тэмы і творчыя задумкі яна знаходзіць у самых галоўных прыхільнікаў сваёй творчасці — блізкіх і родных людзей. Аляксандра паспяхова сумяшчае работу і выхаванне сына Ванюшы з вучобай на завочным аддзяленні Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, яна — будучы псіхолаг. І сама яшчэ дакладна не ведае, будзе працаваць у культуры ці паспрабуе сябе ў якасці псіхолага-прафесіянала. Адно несумненна: маляваць яна будзе абавязкова! Галіна КАНЬКО. Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *