Па экалагічных сцяжынках з традыцыямі Ляхавіцкага строю. У Ляхавічах прайшла XIII навукова-практычная канферэнцыя

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

XIII навукова-практычная канферэнцыя, якая прайшла 1 лістапада на базе гімназіі, абвергла ўсе містычныя прыкметы гэтай лічбы.  Свае даследаванні паспяхова прэзентавалі 40 школьнікаў Ляхавіччыны, і палова з іх атрымала ўзнагароды

З павелічэннем колькасці ўдзельнікаў штогод удасканальваецца і майстэрства юных навукоўцаў. Нават не верыцца, што за трыбунай старшакласнікі, – так ярка, пераканаўча і грунтоўна дзяліліся яны вынікамі сваіх напрацовак.
Васьмікласніца Начаўскай школы Вікторыя Анціпарук (кіраўнік навукова-даследчай работы Наталля Катко) прапанавала, як зменшыць колькасць смецця на вуліцы, дома і ў школе; Дар’я Врублеўская з Малагарадзішчанскай школы (кіраўнік Галіна Лук’янчык) вызначыла мядовыя маскі як адзін з эфектыўных спосабаў паляпшэння стану скуры; нетрадыцыйныя крыніцы энергіі шукала Карына Галавін з Навасёлкаўскай СШ (кіраўнік Яўгеній Бегель).
Тэма малой радзімы, яе прыцягальнасці для гасцей гучала ў чатырох секцыях канферэнцыі і нават на англійскай мове: «Іх імёнамі названы вуліцы горада Ляхавічы», «Ляхавіцкі строй: традыцыі і сучаснасць», «Даследаванне культурнай спадчыны раёна і яго патэнцыялу для прыцягнення турыстаў», «Ацэнка эколага-турыстычнага патэнцыялу Ляхавіцкага раёна і стварэнне двухдзённага эколага-турыстычнага маршруту экспедыцыі «Экалагічныя сцяжынкі Ляхавіччыны». Конкурсныя работы прадэманстравалі арыгінальны погляд школьнікаў на вырашэнне біёлага-экалагічных праблем, выкарыстанне матэматычных метадаў і г.д.
У выніку абмеркавання і дэталёвага аналізу журы прысудзіла дыпломы III ступені 11 работам, тры даследаванні адзначаны дыпломамі  II ступені, чатыры атрымалі «золата». Пра іх падрабязней.
Старшакласнік Жарабковіцкай СШ Аляксандр Русакевіч ужо мае навуковы вопыт. Разам з настаўніцай Галінай Бунель на гэты раз яны на працягу года ацэньвалі прадукцыйныя якасці мяшаных ягнят першага пакалення, атрыманых пры скрыжоўванні парод мерыналандшаф і прэкас  ва ўмовах ААТ «Жарабковічы». Вынікі даследавання будуць карысныя і іншым фермерскім і падсобным гаспадаркам пры вырошчванні мяшаных парод авечак.
Дзевяцікласніца Кацярына Русакевіч (Востраўская СШ) аналізавала вучэб-ны дапаможнік па беларускай мове як сродак фарміравання культу-ралагічнай кампетэнцыі асобы вучня. Разам з
настаўнікам Юрыем Дземідам прыйшлі да высновы, што вывучэнне роднай мовы дапамагае сфарміраваць усебакова развітую асобу. Садзейнічае гэтаму і «камплектацыя» згаданага падручніка.
Мэтай свайго даследавання гімназістка Анастасія Харошка (настаўнік Алена Максімчык) вызначыла пошук эфектыўных шляхоў захавання роднай беларускай мовы. Для гэтага дуэт навучэнкі і педагога параўноўваў культуры Беларусі і Вялікабрытаніі, аналізаваў білінгвізмы (двухмоўе) і імкнуўся паказаць ролю і месца двухмоўя ў сучасным грамадстве.
Коласаўская «Новая зямля» – спадчына, якую не стамляюцца вывучаць сучаснікі, у тым ліку нашы землякі. «Сустрэча ў Парэччы»: даследаванне малазразумелых сучасніку назваў і паняццяў, ужытых Коласам у паэме «Новая зямля» – тэма даследавання гімназісткі Таццяны Бруй (кіраўнік Таццяна Яварчук). Практычная значнасць яго ў аўтарскім гімназічным тлумачальным міні-слоўніку малазразумелых сучаснаму чытачу назваў і паняццяў паэмы, створаных у працэсе даследавання.
Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская, вітаючы ўдзельнікаў раённай канферэнцыі «З навукай у будучыню», падкрэсліла, што навукова-даследчая дзейнасць не толькі дазваляе раскрыць здольнасці, але і павысіць інтэлектуальны патэнцыял асобы школьніка, а самыя дапытлівыя змогуць заявіць пра сябе і на рэспубліканскім узроўні. Так, у мінулым годзе тры навучэнцы з Ляхавіцкага раёна сталі лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адоранай моладзі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Скриншот с сайта отдела по образованию райисполкома