На пенсію… за ведамі. 1 лістапада ў аддзяленні дзённага знаходжання пажылых людзей Ляхавіцкага ТЦСАН адкрылі новы навучальны год ва ўніверсітэце трэцяга ўзросту

Вучыцца ніколі не позна. Гэта на ўласным прыкладзе
даказваюць наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання пажылых людзей Ляхавіцкага ТЦСАН. 1 лістапада тут адкрылі новы навучальны год ва ўніверсітэце трэцяга ўзросту.

Універсітэт упершыню адчыніў дзверы 16 лістапада
2016 года і запрасіў на факультэты замежных моў, краязнаўства, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Сёлета наведвальнікаў аддзялення чакае мноства новых напрамкаў: факультэты прававых ведаў, «здароў’е – прыгажосць – даўгалецце», «Green home». Дарэчы, куратары і валанцёры, якія будуць працаваць ва ўніверсітэце, робяць гэта на бязвыплатнай аснове.

Наведвальнікі аддзялення падрыхтавалі праграму для гасцей: танцы, песні, вершы. А які пачастунак чакаў усіх пасля адкрыцця: пірагі ўласнага прыгатавання, печаны гарбуз з цукрам і карыцай…
Фінальным акордам мерапрыемства стала адкрыццё прытулку для кветак «Green home». Сімвалічную стужку перарэзалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і са-цыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень, дырэктар ТЦСАН Таццяна Равінская.

– Ёсць прытулкі для жывёл. А мы вырашылі стварыць прытулак для бяздомных раслін. Сюды змогуць прынесці любыя расліны, нават парасткі. Калі камусьці спадабаецца кветка, яе можна забраць дадому, – гаворыць загадчыца аддзялення Кацярына Жукоўская.

Запалу і энергіі нашых пенсіянераў пазайздросціць нават моладзь.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Больш фота ТУТ.