Мячы і матчы. Кожную нядзелю ў спартшколе міні-футбол

Раённая спартакіяда працоўных калектываў – спаборніцтва комплекснае. Свайго роду аматарскі марафон, які праводзіцца на працягу каляндарнага года і выпрабоўвае ўдзельнікаў стартаў рознымі відамі спорту і спартыў-нымі дысцыплінамі. Большасць этапаў пройдзена, засталося вызначыць мацнейшых у гульнявых відах спорту і падсумаваць агульны залік.
У снежні на гульнявую пляцоўку выйдуць валейбалісты, а пакуль свой турнір, які адначасова з’яўляецца і чэмпіянатам раёна, распачалі міні-футбольныя каманды. Усяго іх восем – калектываў, што заявіліся да ўдзелу ў міні-футбольным спектаклі. Тры суботнія сустрэчы, якія адбыліся ў гульнявой зале СДЮШАР раёна, прынеслі наступныя вынікі: «Белпрамтрэйдынг-Юні» з лікам 6:3 перайграла каманду ААТ «Жарабковічы»; прадстаўнікі райбальніцы выйшлі пераможцамі ў матчы з дружынай ДП «Нача» – 7:3. А самы буйны галявы разрыў суддзі зафіксавалі ў супрацьстаянні каманд РАНС і аграгарадка Падлессе: на дзевяць «уколаў» выратавальнікаў аграгараджане не адказалі ні разу. Па меркаванні Генадзія Новіка, які ўзначальвае структуру-арганізатара спартакіяды, іменна міні-футбольная дружына РАНС выглядала найбольш сыграным, тактычна зладжаным калектывам.
Другі тур міні-футбольнага чэмпіянату раёна адбыўся 17 лістапада. З-за занятасці па службе па-за пляцоўкай аказалася каманда РАНС. Недалічыліся арганізатары і дружыну «трэйдынга». Затое дэбютавалі на турніры футбалісты СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». Зрабілі гэта не вельмі вынікова: правялі дзве гульні і ў абедзвюх саступілі: спачатку камандзе райбальніцы, а затым і аграгарадка Падлессе.
Іншыя сустрэчы завяршыліся з такім вынікам: ААТ «Жарабковічы» абыгралі спачатку аграгараджан з Падлесся з лікам 8:4 і гадзінай пазней былі мацнейшымі ў супрацьстаянні з камандай ДП «Нача». У апошняй гульні была барацьба, але вызначальным стаў усяго толькі адзін забіты мяч.
Пасля двух гульнявых дзён першае турнірнае месца – па 6 ачкоў у кожнай – дзеляць каманды медыкаў і «Жарабковіч».

Іван КАВАЛЕНКА.