Была ляхавічанка, а сёння я — мінчанка

Наступны прыпынак ”Баранавічы -Палескія”. І вось я практычна дома, дзе мяне чакаюць бацькі. Але на бліжэйшыя пяць гадоў я — мінчанка. Раней, калі прыязджала ў Мінск на экскурсію ці проста з бацькамі наведаць родных, адчувала сябе не так, як сёння. Новы самастойны лад жыцця, вучоба, універсітэт і журналістыка кардынальна змянілі мяне і мае погляды на жыццё.
Зараз я студэнтка-першакурсніца Інстытута журналістыкі БДУ. Для мяне гэта новы этап: цікавыя знаёмствы, новая сістэма навучання, карацей сказаць — іншае жыццё. Вучыцца больш складана, чым у школе, але вельмі цікава: нам, будучым журналістам, не даюць ніводнага дня пражыць сумна.
На днях мы адсвяткавалі Дзень першакурсніка. Таму зараз ужо магу назваць сябе паўнапраўнай студэнткай БДУ. Нам падрыхтавалі столькі нечаканых сюрпрызаў, што ад убачанага і пачутага замірала сэрца. Вядучым быў папулярны Дзядзя Ваня, і вельмі ўразілі яго адносіны да нас. Ён быў адкрыты, з задавальненнем адказваў на пытанні, даваў інтэрв’ю, падтрымліваў студэнтаў, жартаваў і хваляваўся, як мы. А потым зусім нечакана для ўсіх выйшаў на сцэну Аляксандр Саладуха, які выканаў свой хіт «Там, где зреет виноград» і звычайна «ўзарваў» зал. Віншавалі нас і старэйшыя студэнты: спявалі, танцавалі. Вельмі спадабалася светлавое прадстаўленне. Усе з хваляваннем чакалі моманту, калі журы вызначыць пераможцу. Мая група (друкаваных СМІ) перамагла ў конкурсе прома-ролікаў. Арыгінальнае і крэатыўнае выступленне прынесла перамогу групе інфакама. Вельмі прыемна было назіраць за рабятамі, тым больш у іх групе выступала мая зямлячка Іна Кучэйка.
Асаблівасцю ўніверсітэцкага жыцця з’яўляецца далучэнне да вялікага свету культуры. Кожны тыдзень напоўнены падзеямі, у тым ліку — знаёмствам з тэатральнымі пастаноўкамі. Мне асабліва спадабаліся «Кастусь Каліноўскі», «Ліса і вінаград», «Сіні аўтамабіль». Неад’емная частка культурнага жыцця — наведванне музеяў. За нядоўгі час вучобы паспела пабываць у музеях Вялікай Айчыннай вайны, Мінскага гета, гісторыі БДУ.
Хочацца падзяліцца, як у нас праходзяць семінары і лекцыі. Гэта не проста звычайныя заняткі па тэме, а, напрыклад, дыскусіі накшталт тэлепраграмы «Няхай гавораць!». Гэта заўсёды эфектыўна, бо ў памяці застаюцца яскравыя выступленні аднагрупнікаў і слушныя заўвагі выкладчыка. А антычная літаратура толькі на першы погляд здаецца складаным прадметам, захапляе сваёй арыгінальнасцю. Аднак, доўгі шлях прайшла літаратура, каб стаць такой, якую мы ведаем сёння! Пачынаеш чытаць творы Гамера, Сафокла, Менандра — і хочацца хутчэй даведацца: а што там далей? Чым усё скончыцца?
На «асновах паліграфіі» нам дазваляюць адчуць сябе сапраўднымі рэдактарамі: мы крытыкуем, рэдагуем, аналізуем прэсу. А вось адчуць значнасць і важкасць друкаваных СМІ можна на семінарах па асновах журналістыкі. Немагчыма перадаць уражанні, калі перад табой практычна ўсе газеты нашай Радзімы. Тут «Віцьбічы», «Сельская праўда», «Бабруйскі кур’ер», «Асiповiцкi край», шмат іншых газет. Вельмі прыемна трымаць у руках сваю родную раёнку «Ляхавіцкі веснік» — тут заўсёды многа навін, інтэрв’ю з цікавымі людзьмі, карысныя парады і многае іншае, што задаволіць інтарэс самых розных і патрабавальных чытачоў.
Але самае галоўнае — адчуваю: гэта маё, справа, з якой я хачу звязаць свой лёс. Мне падабаецца гэты рытм жыцця, як кажуць, 25-гадзінны працоўны дзень. Здаецца, часу на адпачынак зусім няма, але гэта не стамляе: справа, якой я займаюся, і ёсць мой адпачынак. Бо толькі калі я працую і захоплена справай, адчуваю сябе па-сапраўднаму шчаслівай.
Мэта ў мяне ёсць, курс зададзены. Засталося толькі прайсці гэты складаны, але цікавы шлях. І я ведаю, што ўсё атрымаецца!
Маргарыта КУХТА,
студэнтка Інстытута
журналістыкі БДУ.

3 thoughts on “Была ляхавічанка, а сёння я — мінчанка

  • 30/11/2012 в 18:18
    Permalink

    Красавица, умница. Энергия бьет через край. Молодец, Маргарита!

  • 12/12/2012 в 23:58
    Permalink

    молодец солнышко. Давай там заканчивай Інстытута журналістыкі БДУ и возвращайся скорее на родину, и будзе «Была Мінчанка , а сёння я — ляхавічанка» ))))

  • 18/12/2012 в 21:14
    Permalink

    Сложно сказать, что будет.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *