Бліц-апытанне правяла рэдакцыя «ЛВ»

Тэма адпачынку моладзі, арганізацыі вольнага часу актыўна  абмяркоўваецца на старонках раёнкі і выклікае мноства дыскусій як сярод чытачоў газеты, так і сярод наведвальнікаў сайта «ЛВ» www.lves.by.
Рэдакцыя чарговы раз вырашыла пайсці «у масы» з пытаннем «Як вы ацэньваеце магчымасці адпачынку моладзі ў Ляхавічах?», каб даведацца пра меркаванні гараджан. Вось вынікі бліц-апытання.
Таццяна, 25 гадоў, супрацоўніца ПМС:
— З адпачынкам у нашым горадзе сапраўды ёсць праблемы. Спрабавалі некалькі разоў з сябрамі выйсці вечарам у горад. Моладзі падабаецца бавіць час у кафэ «Алеся», але колькасць месцаў там, зразумела, абмежаваная. Трэба ці заказваць загадзя ці раней прыходзіць. З дзіцем можна пасядзець, паесці марожанага толькі ў кафетэрыі магазіна «Верас». Добра, каб быў якісьці дзіцячы гарадок, парк, дзе можна было б пакатаць дзіця на бяспечнай горцы, адпачыць так, каб з боку не дымілі цыгарэтай ці не распівалі алкаголь. У райцэнтры такіх месцаў, на жаль, мала.
А вось калі ты прыхільнік спорту, з такім адпачынкам, мне здаецца, у горадзе праблем не існуе, было б жаданне. Мой муж — чалавек актыўны, час ад часу гуляе ў спартшколе ў настольны тэніс, більярд, міні-футбол, баскетбол.
Дзмітрый, 22 гады:
— Адпачынак, у нас, мякка кажучы, арганізаваны не на належным узроўні. Можна сказаць, і не наладжаны. Калі для школьнікаў яшчэ працуюць гурткі, спартыўныя секцыі, то для моладзі, на мой погляд, у гэтым накірунку ўтварыўся прабел. Ды і рэклама спартыўных паслуг, забаўляльных мерапрыемстваў слабаватая. Схадзіў бы паплаваў у басейн — трэба ехаць у Клецк ці Баранавічы. А вось бібліятэку наведваю з задавальненнем. Ветлівыя і добразычлівыя супрацоўнікі заўсёды параяць і дапамогуць.
Ірына, 20 гадоў, студэнтка:
— Я прыязджаю дамоў на выхадныя. І варыянтаў адпачынку ў мяне і маіх сяброў няшмат. У «Алесі» проста так не пасядзіш, не патанцуеш — неабходна штосьці купіць. Праграма дыскатэкі гарадскога Дома культуры разлічана на рабят школьнага ўзросту, якіх пасля 22 гадзін адтуль выправаджваюць, і ў ГДК застаюцца некалькі чалавек — тыя, каму за 18. Канешне, мы знойдзем, чым сябе заняць, але каб у маштабах горада… Атрымліваецца, што для 20-30-гадовых варыянты арганізаванага адпачынку адсутнічаюць. Застаецца проста вуліца і лаўкі.
Дзяніс, 19 гадоў, студэнт:
— Адпачынак ацэньваю па 5-бальнай сістэме на 1 бал. Забаў для нашай узроставай катэгорыі проста няма.
Вера Іванаўна, 65 гадоў, пенсіянерка:
— З якім задавальненнем маё пакаленне хадзіла на танцы, вечарыны! Мы жылі чаканнем выхадных дзён, каб сустрэцца, абмяняцца ўражаннямі, адпачыць… На мой погляд, кожны чалавек можа, калі захоча, знайсці сабе занятак па душы. Але трэба паклапаціцца і пра тых, каго нічога не цікавіць. Неабходна арганізаваць такія мерапрыемствы, каб вольны час моладзі не стаў галаўным болем для родных…
Мікалай, 22 гады, работнік лясгаса:
— Пасля работы я аддаю перавагу адпачынку дома. У вольны час хаджу ў спартзалу — у мяне абанемент.
У наведвальнікаў сайта дыскусію выклікае і работа гарадскога Дома культуры.
Піша наведвальнік сайта пад нікам «ScoRpiO»:

— Мне было б цікава даведацца, якія мерапрыемствы запланаваны на бягучы ці наступны месяц у горадзе. Будзе нейкі тэматычны вечар? Выдатна! Выстава? Выдатна, я прыйшоў бы. Але чаму я нічога гэтага не ведаю?! Няўжо неабходна ісці ў ГДК, каб даведацца пра анонсы гэтых мерапрыемстваў?
А вось яшчэ каментарый:
— Я згодна, што рэкламы няма. Пра гэта неаднаразова гаварыла асабіста работнікам Дома культуры і ўсім, хто да гэтага мае дачыненне.
Наведвальнік сайта пад нікам «Сябар» пытае :
— Чаму не зрабіць якія-небудзь гульні, конкурсы або сустрэчы? А потым усе здзіўляюцца, чаму моладзь бяжыць з Ляхавіч. Бо рабіць тут няма чаго. Сумна. Усё аднолькава, дзень да дня.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Праблема сапраўды ёсць. Знайсці шляхі вырашэння і не пакінуць яе без увагі — задача не аднаго чалавека. І не толькі арганізацый і службаў. Магчыма, хтосьці зможа ўнесці цікавую прапанову — канкрэтную і рэальную, якую можна будзе ўвасобіць у жыццё?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *