Баль дзюдо адбыўся ў Ляхавічах

Адкрыты Кубак горада Ляхавічы.

Мерапрыемства здавалася дастаткова радавым, не абяцала ні звышнапружаных спарынгаў, ні тэхнічна бездакорных дзеянняў барцоў, ні нечага іншага, што «збірае» стадыёны і залы. Але гэта толькі здалося. «Адкрыты Кубак горада Ляхавічы па дзюдо» быў шыкоўным відовішчам.
Барацьба вялася на трох татамі ў суправаджэнні гучных трэнерскіх падказак, рэзкіх каманд рэферы. Чуліся стрыманыя апладысменты гледачоў і незанятых у даны момант удзельнікаў турніру. Уявім сабе: у складзе 46 каманд адкрыты кубак Ляхавіч сабраліся аспрэчыць амаль 700 дзюдаістаў. З Масквы, горада Балашыхі Маскоўскай вобласці, Арла, Калінінграда, латвійскага Даўгаўпілса і практычна усіх гарадоў Беларусі, дзе развіваецца гэты від спорту: Брэст, Пінск, Віцебск, Полацк, Наваполацк, Гомель, Светлагорск, Мінск, а, напрыклад, суседнія Баранавічы выставілі адразу 3 каманды. Канешне ж, гаспадары спаборніцтваў ляхавічане, якія і сярод дзяўчат, і сярод юнакоў кожнага з узростаў мелі сваё прадстаўніцтва ва ўсіх вагавых катэгорыях.
Якое дзюдо было прадстаўлена ў Ляхавічах? Рознае. Скажам, 10-гадовыя хлопчыкі вызначаліся большай непасрэднасцю, недакладнасць асобных тэхнічных дзеянняў кампенсавалася шчырай стараннасцю. І ў ходзе спарынгу, і пасля яго завяршэння было шмат эмоцый. Радасць ці сум у залежнасці ад зыходу паядынку. Многія з 17-гадовых удзельнікаў турніру з’яўляюцца ўжо ўладальнікамі тытулаў дастаткова высокіх міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. З пастаўленай тэхнікай, добрыя тактыкі, хуткія ў дзеяннях і прыняцці рашэнняў. У іх паводзінах на татамі «чытаўся» часам праг- матызм, накшталт таго, што мэта апраўдвае сродкі яе дасягнення. Аднак былі і хуткія чыстыя перамогі. Так, запомнілася, што аднаму з дзюдаістаў з вядомым у краіне спартыўным прозвішчам для перамогі над сапернікам хапіла 6 секунд.

Другі прызёр спаборніцтваў ляхавічанін Кірыл Шастак.

Калі ў цэлым, дастаткова вынікова выступілі дзюдаісты са сталіцы Расійскай Федэрацыі, з Гомеля, Оршы, Клецка. Але і нашы, ва ўмовах такой сур’ёзнай канкурэнцыі, паказалі сябе ў дамашніх сценах зусім нядрэнна: заваявалі 6 прызавых месцаў. Найбольшага з ляхавічан — пераможнага — поспеху дабіўся Уладзіслаў Пілінога. Уладзіслаў Цярпіцкі і Кірыл Шастак свае схваткі за «золата» прайгралі і засталіся другімі прызёрамі турніру. Кірыл Пілінога, Ілья Пілінога і Крысціна Янушка спыніліся на шляху да фіналу, заваявалі трэція месцы.
Значнасць ляхавіцкаму турніру надае і той факт, што сваёй увагай яго засведчылі і асабліва важныя ў дзюдо асобы. Адзін з іх — настаўнік многіх знакамітых беларускіх дзюдаістаў, заслужаны трэнер Савецкага Саюза Сямён Гуманаў. Нягледзячы на паважаны ўзрост, адзін з пачынальнікаў развіцця гэтага віду адзінаборства ў Беларусі таксама выходзіў на ляхавіцкае татамі. Сказаць, што майстар-клас ад Сямёна Гуманава выклікаў у юных спартсменаў павышаную цікавасць, — не сказаць нічога…
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *