Лейчанка ўсё той жа – прагматык і рамантык у адной асобе

Мы гаворым: кансервавы завод – маем на ўвазе: Лейчанка. Ну вельмі ўжо дарэчы “пазычыць” вядомыя радкі з пераадрасацыяй іх Леаніду Паўлавічу. 32-гі год ён дырэктарствуе на Ляхавіцкім кансервавым і роўна столькі ж удасканальвае звычайную вытворчасць, у якой, здавалася б, веласіпеда ўжо не прыдумаеш. Аказваецца, можна: было б жаданне, здаровае самалюбства, абавязковасць, нераўнадушнасць і, канечне, надзейныя паплечнікі-калегі. Усё гэта на кансервавым ёсць, у многім дзякуючы яму – Леаніду Лейчанку.
Летась асілілі будаўніцтва новага цэха па вытворчасці агароднінных кансерваў. Сучасныя тэхналогіі, сучаснае абсталяванне, сучасны падыход да справы – усё гэта ў канчатковым раскладзе з’яўляецца барацьбой за сэрца пакупніка-спажыўца – каб ён выбраў прадукцыю завода. Прычым, барацьба гэта паспяховая, пераможная. Ну, а тое, што прадпрыемства патрацілася на рэканструкцыю, – гэта яго праблемы і дзяржаўныя: 60 працэнтаў укладзеных сродкаў (каля 4 мільярдаў рублёў) – уласна заводскія плюс ільготныя банкаўскія крэдыты, 40 працэнтаў (3 мільярды рублёў) – бюджэтныя. Леанід Паўлавіч перакананы, што новым цэхам пачынаецца той завод, якім ён стане ў будучыні і чыя прадукцыя будзе запатрабавана і на беларускім рынку, і ў экспартным варыянце.
Асартымент выпускаемай Ляхавіцкім кансервавым прадукцыі – каля 80 найменняў. Літаральна ў гэтыя дні пачалася перапрацоўка першага ўраджаю-2010 – бярозавіку. Леанід Лейчанка небеспадстаўна заклапочаны тым, каб не паўтарылася мінулагодняя гісторыя, калі лясгас неданазапасіў і, адпаведна, недазабяспечыў вытворчасць амаль на 35 працэнтаў. Таму і турбуецца дырэктар, просіць падтрымкі ў раённай улады. Тут кожны дзень вырашальны.
У мінулую пятніцу на сходзе акцыянераў ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод” размова, як і належыць, вялася і аб здабытках, і аб праблемах. Такі вось рабочы варыянт. Аднак, настрой ва ўсіх быў святочны. Прычына – узнагароджанне Леаніда Лейчанкі Ганаровай граматай Савета Мі-ністраў Рэспублікі Беларусь за шматгадовую, плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё прадпрыемства. Узнагароду дырэктару завода ўручыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук. Са шчырымі пажаданнямі далейшых поспехаў.
Вольга СВЯТЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *