Адрас, дзе нас чакаюць. Сярод даўніх і пастаянных падпісчыкаў «ЛВ» ляхавічанка

Сярод даўніх і пастаянных падпісчыкаў «ЛВ» ляхавічанка Наталля Крупайла.

Такіх у нашай раёнкі больш як 4500… Двойчы на тыдзень «ЛВ» прыносіць у дамы землякоў самыя важныя навіны, расказвае пра падзеі, аналізуе факты.

Вуліца Кастрычніцкая ў райцэнтры – адна з самых старых і працяглых. Жыхары прыватнага сектара і сёння звыкла адкрываюць паштовую скрыню, перш чым зайсці на свой падворак. Сярод разнастайных газет і часопісаў, што разносіць тутэйшы паштальён, самае папулярнае выданне – «Ляхавіцкі веснік». Так было і раней, калі раёнка мела назву «Савецкі патрыёт», потым, калі змяніла яе на «Будаўнік камунізму», і ў навейшай гісторыі з сучаснай назвай. Сёння на Кастрычніцкую раёнка прыходзіць па серадах і суботах па 55 адрасах – у кожны трэці дом. Адзін з іх – № 82, дзе жыве сям’я Крупайла.
– Маё знаёмства з газетай адбылося амаль 40 гадоў назад, калі прыехала ў Ляхавічы з Ганцавіцкага раёна. З таго часу пастаянна яе выпісваю. Цікава даведацца пра навіны з жыцця не толькі свайго раёна, але і вобласці, краіны. Заўжды з інтарэсам чытаю пра землякоў, іх поспехі і дасягненні, – расказвае гаспадыня Яўгенія Крупайла.
Прыемна, што сярод прыхільнікаў «ЛВ» і маладыя землякі. Наталля Крупайла – адна з многіх. Дзяўчына працуе выхавальнікам у дзіцячым садзе № 4. А дома ў вольны час сярод разнастайных клопатаў абавязкова знаходзіць час, каб не проста пагартаць раёнку, але ўважліва яе пачытаць. Прыхільніца «Ляхавіцкага весніка» і цётка Наталлі Марына, якая жыве ў Пінску.
Так, «Ляхавіцкі веснік» выпісваюць не толькі жыхары нашага раёна. Адпраўляецца яна больш чым па дзясятку адрасоў па розных рэгіёнах Брэстчыны, а таксама ў Мінск. Іншагароднія падпісчыкі маглі б, канешне, чытаць навіны ў сучасным электронным фармаце. Але сцвярджаюць: куды прыемней узяць у рукі свежы нумар і няспешна, з роздумам пачытаць яго, чым праглядваць старонкі ў інтэрнэце.
Мы, «веснікаўцы», гаворым шчыры дзякуй усім нашым даў-нім і пастаянным падпісчыкам і заўжды рады новым сябрам. Хочаце трапіць у іх кола? Падпісвайцеся на «ЛВ».
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.