Падведзены вынікі круглагадовага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні прыватных домаўладанняў, населеных пунктаў, прадпрыемстваў і арганізацый Ляхавіцкага раёна

Пераможца раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні ў 2012 годзе

Усё было ўпершыню і наноў, як пяецца ў даўно вядомай песні. У тым сэнсе, што конкурс у падобным выглядзе раней не праводзіўся. Дэбют адбыўся ў мінулым годзе, чаму пасадзейнічала снежаньскае 2011 года рашэнне райвыканкама «Аб арганізацыі штогадовых раённых аглядаў-конкурсаў па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку».
Дакумент рэгламентаваў парадак, зацвердзіў неабходныя інструкцыі, вызначыўся з намінацыямі, з крыніцамі фінансавання. У прыватнасці, адзін з пунктаў рашэння абавязвае фінансавы аддзел райвыканкама штогадова прадугледжваць выдаткаванне фінансавых сродкаў на правядзенне азначанага агляду-конкурсу. У першую чаргу — на прэміраванне яго пераможцаў і прызёраў. Памер матэрыяльнага заахвочвання залежыць ад намінацыі, занятага месца і «вагаецца» у межах ад 5 да 20 базавых велічынь.
Крытэрыі, што служаць асновай для вызначэння пераможцаў, адрозніваюцца ў залежнасці ад намінацыі. Але і маюць шмат агульнага, пераклікаюцца ў значэнні і гучанні. Калі коратка, то, каб прэтэндаваць на лаўрэацтва ў конкурсе, прадпрыемства, арганізацыя, прыватнае домаўладанне павінны паказаць ці даказаць сваю эстэтычную і функцыянальную ўпарадкаванасць. Тычыцца гэта і будынкаў, і падведамасных тэрыторый. Вітаюцца змястоўнасць ці адзінасць карціны, арыгінальнасць афармлення, наяўнасць так званых малых архітэктурных формаў, парковачных пляцовак, зялёных насаджэнняў, падсветкі і іншае. Пры гэтым, аднамаментнага паказу тавару тварам зусім не дастаткова: «трымаць сябе ў форме» трэба на працягу ўсяго каляндарнага года. Створаная распараджэннем старшыні райвыканкама камісія заклікана маніторыць сітуацыю, ставіць плюсы і мінусы, каб у канцы года вынесці «вердыкт».
Напрыканцы снежня камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Валерыем Богнатам прыняла рашэнне. Трэба сказаць, далося яно няпроста. Але ж у дэбатах і спрэчках прыйшлі-такі да агульнага назоўніка.
Сярод прадпрыемстваў і арганізацый усіх формаў уласнасці пераможцам раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні ў 2012 годзе прызнана ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас».
Сярод прадпрыемстваў сельскагаспадарчага профілю перамога ў конкурсе дасталася СВК «Ляхавіцкі», а сярод арганізацый бюджэтнай сферы — СШ №1.
У конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне сельскага населенага пункта першае і другое месцы вырашана было «не аддаваць». Па меркаванні камісіі, безумоўных лідараў намінацыі — вёску ці аграгарадок, якія б поўнасцю адпавядалі конкурсным крытэрыям, вызначыць зусім няпроста, калі ўвогуле магчыма. Трэцяе ж месца прысуджана аграгарадку Навасёлкі аднайменнага сельсавета.
У кампаніі прыватных сядзіб пераможцамі выйшлі домаўладанні Тамары Ганчарык (Ляхавічы, вул. Горкага, 33), Аляксандра Кушнярэвіча (Літва, вул. Камсамольская, 27), Васілія Махнача (аграгарадок Падлессе, вул. Савецкая, 25), Алены Туцін (Альхоўцы, вул. Юбілейная, 18), Пятра Ксёнжыка (аграгарадок Нача, вул. Мінская, 7) і Івана Пішча (аграгарадок Навасёлкі, вул. Цэнтральная, 7).
Пераможцаў чакаюць дыпломы раённага выканаўчага камітэта і грашовыя прэміі.
Акрамя таго, камісія палічыла неабходным адзначыць са станоўчага боку СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», УП «Ляхавіцкае ПМС», СВК «Шлях новы», РАНС, гімназію, райбальніцу, а таксама домаўладанні сем’яў Тарабеш, Кур’ян-Папко, Паляшчук, Пражога, Наздрыных (усе з аграгарадка Навасёлкі) — за належную арганізацыю работы па добраўпарадкаванні і падтрыманне неабходнага санітарнага стану на падведамасных аб’ектах, творчы падыход да афармлення прысядзібных тэрыторый. Адным словам, за парадак у доме і вакол яго.
Між іншым, з надыходам новага 2013-га стартаваў і чарговы штогадовы этап агляду-конкурсу. Далучайцеся!
Ірына ГРЫНЯЛЕВІЧ,
загадчык сектара ЖКГ аддзела
архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, сакратар камісіі,
Іван КАВАЛЕНКА, карэспандэнт, «ЛВ».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *