Ляхавіччына: дарыць радасць дзецям

Дзмітрый Бурдук наведаў прыёмную сям’ю Пяткевічаў.

У раёне фінішаваў дабрачынны марафон «Калядны падарунак». Сёлета яго мэтай была дапамога дзецям-інвалідам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — сабраць навагоднія падарункі і сродкі на стварэнне безбар’ернага асяроддзя ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Як расказала дырэктар ЦКРНіР Наталля Маслоўская, за час правядзення марафону нашы землякі сабралі падарункаў і грашовых сродкаў на суму каля 20 мільёнаў рублёў. У тым ліку, райвыканкам падарыў цэнтру камп’ютар, а камунгас — спартыўныя трэнажоры і музычны цэнтр. Свае падарункі ўжо атрымалі 27 з 35 дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у бліжэйшы час калядныя сюрпрызы чакаюць астатніх рабят.

Якія ўсё ж яны цудоўныя і непадобныя на іншыя — навагоднія святы.
На Новы год і Каляды традыцыйна бывае шмат падарункаў, але асабліва запомняцца тыя, якія падрыхтаваны з любоўю і ўвагай. У кожнага з нас, незалежна ад узросту і сацыяльнага статуса, ёсць магчымасць зрабіць свята казачным, таямнічым і непаўторным. І гэта датычыцца не толькі блізкіх і родных, але і тых, каму дапамога асабліва неабходна — дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, рабят, якія засталіся без бацькоўскай апекі.
Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» ў Беларусі традыцыйна прымеркавана да навагодніх і калядных святаў. Яе галоўная мэта — падарыць радасць кожнаму дзіцяці.
Акцыя з размахам разгарнулася і на Ляхавіччыне. З першых яе дзён стала відавочна, што навокал шмат нераўнадушных, добразычлівых і шчырых людзей. Без увагі, клопату і падарункаў не засталося ні адно дзіця. Кіраўніцтва раёна, працоўныя калектывы, прадпрымальнікі, грамадскія аб’яднанні падрыхтавалі мноства прыемных сюрпрызаў.
У адзін з апошніх дзён 2012 года з самай раніцы ў дзіцячым доме сямейнага тыпу на вуліцы Славянскай, 5 у райцэнтры панавала ўзрушаная перадсвяточная атмасфера. Сярод мноства пакаёвых кветак тут удала ўпісалася ў інтэр’ер лясная прыгажуня — ёлачка. Стук у дзверы — і на парозе з’явіліся госці з падарункамі. З навагоднімі святамі прыёмную маму Марыю Пяткевіч і яе семярых дзяцей павіншаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук. Кіраўнік раёна пацікавіўся, як жывецца рабятам, якім для іх быў 2012 год, пра што мараць. У размове ўдзельнічалі ўсе, у тым ліку і самы маленькі — Назар і, канешне, Аніта, якая нядаўна вярнулася з дабрачыннага навагодняга свята ў Палацы Рэспублікі, дзе дзяцей з розных куточкаў Беларусі віншаваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.
Дзмітрый Бурдук разам са сваім намеснікам Святланай Юрлевіч і прадстаўнікамі аддзела адукацыі ўручыў рабятам падарункі.
Усе выхаванцы дзіцячых садоў раёна, а таксама вучні пачатковых класаў гарадскіх і сельскіх школ атрымалі навагоднія салодкія падарункі. З бюджэту на гэта было выдаткавана 67 мільёнаў рублёў.
З радасцю і нецярпеннем спяшаліся на навагодні ранішнік пачаткоўцы Тальмінавіцкай СШ. Мясцовыя настаўнікі падрыхтавалі для іх цікавую, поўную прыгод праграму. А яшчэ хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі салодкія падарункі ад шэфаў — СВК «Тальмінавічы». Не забылася кіраўніцтва гэтага сельгаскааператыва і пра вучняў старэйшых класаў — для іх будзе арганізавана экскурсія ў любы куток Беларусі, які рабяты самі выберуць.
Па-ранейшаму цесныя партнёрскія сувязі аб’ядноўваюць СВК «Жарабковічы» і мясцовую сярэднюю школу. Вось і напярэдадні навагодніх святаў праўленне СВК зрабіла сапраўды казачны падарунак — на святочныя прадстаўленні Дзед Мароз, Снягурка і іншыя казачныя персанажы завіталі ў новых вельмі прыгожых касцюмах. Прычым прыйшлі героі не з пустымі рукамі, а з 30-кілаграмовым мяшком цукерак!
СВК «Шлях новы» вядомы ў раёне сваімі дабрачыннымі справамі. Напрыканцы мінулага года, акрамя салодкіх пачастункаў для школьнікаў, сельгаскааператыў набыў для Навасёлкаўскага дзіцячага сада новую мэблю для гульнёвага пакоя.
А СВК «Ляхавіцкі» купіў цацак на 1,8 мільёна рублёў для Русінавіцкага дзіцячага садка.
Штогод БРСМ праводзіць дабрачынную акцыю «У Новы год з добрым сэрцам». Як расказала першы сакратар райкама БРСМ Ларыса Юшкевіч, з 10 па 20 снежня ва ўсіх пярвічках быў арганізаваны збор грашовых сродкаў на набыццё падарункаў для рабят з мнагадзетных, няпоўных, апякунскіх і неўладкаваных сем’яў, дзяцей-інвалідаў і дзяцей-сірот, а таксама рабят, якія знаходзіліся на лячэнні ў райбальніцы. Найбольш актыўны ўдзел у акцыі прынялі бээрэсэмаўцы Конькаўскага і Малагарадзішчанскага ДС-СШ, Крывошынскай і Востраўскай СШ, раённага аддзела ўнутраных спраў.
Традыцыйна ў пераднавагоднія святы абласное ўпраўленне ўнутраных спраў праводзіць на Брэстчыне дабрачынную акцыю «Дарога да сэрца». Яе мэта — сацыяльная падтрымка дзяцей, якія выхоўваюцца ў неўладкаваных сем’ях. Ляхавіцкія міліцыянеры прынялі ў ёй самы актыўны ўдзел. Сабралі грошы для патрэб выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. А потым, як расказаў старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Дзмітрый Дыдышка, быў кінуты кліч па прадпрыемствах, арганізацыях на збор сродкаў для набыцця калядных падарункаў для рабят з неўладкаваных сем’яў. На дабрачынны заклік міліцыянераў адгукнуліся прадпрымальнікі Валерый Радзюк, Віталій Карпіевіч, Андрэй Дуганаў, Аляксей Бацанаў, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, раённае аддзяленне таварыства Чырвонага Крыжа.
У кожнага з нас ёсць шанц зрабіць яшчэ адзін крок насустрач дабрыні і атрымаць у адказ шчырую дзіцячую ўсмешку. Рабіць дабро — так проста і прыемна.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *