Дазвольце павіншаваць! У ГДК праходзіла ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да 80-годдзя з дня ўтварэння аддзела ўнутраных спраў Ляхавіцкага райвыканкама

БОЛЬШ КАДРАЎ  У ФОТАРЭПАРТАЖЫ

Зоркі на пагонах і парадныя мундзіры, шматлікія віншаванні, узнагароды і падарункі, цудоўны настрой і сяброўская атмасфера – так было ў мінулую пятніцу ў гарадскім Доме культуры, дзе праходзіла ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да 80-годдзя з дня ўтварэння аддзела ўнутраных спраў Ляхавіцкага райвыканкама.

Кожнага з гасцей і ўдзельнікаў свята віталі кадэты і ўручалі падарункі. Далей – знаёмства з маштабнай выставай у фае ГДК. У кожнага стэнда свая асаблівасць, адметнасць. Юныя
ляхавічане парадавалі выставай тэматычных малюнкаў. У захапленні прысутныя былі ад жывой экспазіцыі: сённяшнія супрацоўнікі РАУС апрануліся ў колішнюю міліцэйскую форму. Былыя супрацоўнікі, сённяшнія ветэраны міліцыі з задавальненнем успаміналі час службы ў райаддзеле. А на плошчы Леніна на парадзе выстраілася службовая аўтамотатэхніка і быў міні-канцэрт духавога аркестра.

Са значным юбілеем усіх, хто звязаў свой лёс з забеспячэннем правапарадку, сённяшніх супрацоўнікаў РАУС і ветэранаў міліцыі павіншаваў намеснік начальніка УУС Брэсцкага аблвыканкама падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Кісель. Шмат шчырых слоў у адрас юбіляра сказалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Камінскі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса. Падзякаваў калектыву РАУС і ветэранам за вернасць прафесіі начальнік райаддзела Андрэй Студзянічнік і ўручыў падарункі. Лепшыя з лепшых за дасягненне высокіх вынікаў у службовай дзейнасці ўзнагароджаны граматамі і падзячнымі пісьмамі.
У зале было шмат родных і блізкіх супрацоўнікаў райаддзела. Сям’я – надзейная падтрымка і апора, яна дае дадатковыя сілы і энергію дастойна выконваць прафесійныя абавязкі.
На працягу ўсяго святочнага мерапрыемства дэманстраваўся відэафільм пра гісторыю станаўлення райаддзела – шлях, які прайшлі нашы вартавыя правапарадку за восем дзесяцігоддзяў.
Музычны падарунак да юбілею РАУС падрыхтавалі лепшыя самадзейныя артысты раёна і будучыя міліцыянеры, а пакуль кадэты.
І нават у дзень юбілейнага святкавання многія супрацоўнікі РАУС знаходзіліся на міліцэйскім пасту. Займаліся, у тым ліку, прафілактыкай. Напрыклад, супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх для гарадскіх школьнікаў, з якімі праводзіцца інды-
відуальная прафілактычная работа, арганізавалі экскурсію па райаддзеле, ім паказалі відэафільм пра шкоду наркотыкаў, расказалі пра тое, што сфера высокіх тэхналогій апошнім часам часцяком становіцца пляцоўкай для злачынстваў і правапарушэнняў.
Гэта была святочная пятніца. А назаўтра пачалася чарговая старонка Ляхавіцкага РАУС.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.