А ці сапраўды люБІЦЬ? Што рабіць, калі замест чаканых узаемаразумення і падтрымкі сям’я становіцца крыніцай болю і зневажанняў

Калі людзі чуюць пра сямейнае насілле, першы вобраз, што часцей за ўсё ўзнікае ў галаве, – муж, які б’е жонку. На фоне страшных гісторый пра біццё астатнія элементы дамашняга насілля (эмацыянальнае, эканамічнае і іншыя) застаюцца незаўважанымі, аднак наносяць таксама вялікую шкоду, вынікам якой можа быць не толькі развіццё псіхічных расстройстваў, а і давядзенне да суіцыду.

Прынята лічыць, што сямейнае насілле датычыцца толькі адносін «муж – жонка». Аднак, ад насілля могуць пацярпець усе члены сям’і незалежна ад узросту і полу.

У паняцце «насілле» ўваходзіць не толькі прычыненне фізічнай шкоды. Гэта таксама розныя аспекты націску: абразы, знявагі, пазбаўленне фінансавай падтрымкі, адмова ў выдачы лекаў або звароце ў медустанову, безадказнасць або няздольнасць забяспечыць даросламу чалавеку або дзіцяці камфортныя ўмовы для жыцця (ежу, чыстае адзенне і пасцельныя рэчы, сродкі асабістай гігіены).

Як расказала старшы інспектар прафілактыкі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Алена Васілевіч, у нашым раёне за чатыры месяцы 2020 года было складзена 75 пратаколаў па фактах нанясення пабояў (летась за такі ж перыяд – 93 пратаколы); выдадзена 12 ахоўных прадпісанняў асобам, якія ўчынілі правапарушэнне ў адносінах да членаў сваёй сям’і.
За студзень – красавік у лячэбна-працоўны прафілакторый накіраваны адзін чалавек (у мінулым годзе – чацвёра).
Так званыя прэвентыўныя артыкулы Крымінальнага кодэкса накіраваны на папярэджанне больш цяжкіх злачынстваў. За згаданы перыяд у раёне ўзбуджана шэсць спраў па гэтых артыкулах (за аналагічны перыяд у мінулым годзе – 11).
Хочацца верыць, што ў сем’ях землякоў стала і сапраўды менш скандалаў.

Абараніць дзіця ад сям’і

Пустыя бутэлькі, недакуркі, патушаныя аб стол, брудныя падушкі без навалочак, рэшткі застолляў, разбітая сантэхніка – поўная антысанітарыя… Падобныя карціны даводзілася назіраць неаднойчы падчас рэйдаў з рознымі службамі.

Дарослы чалавек можа жыць, як яму зручна, калі разгром у доме яго задавальняе – яго справа. І зусім іншая, калі сярод гэтага бруду жывуць дзеці, чые бацькі, напіўшыся да непрытомнага стану ды закурыўшы ў ложку, наогул ні пра што не думаюць.

Звычайна ў такіх сем’ях дзеці, што называецца, растуць самі па сабе, без нагляду, прапускаюць ці не наведваюць заняткі ў навучальных установах, звязваюцца з дрэннай кампаніяй і, як следства, знаходзяцца на кантролі міліцыі. А бацькі ў стане ап’янення могуць карыстацца не надта гуманнымі метадамі выхавання.

Адзінай абаронай для такіх дзяцей становіцца дзяржава ў асобе райвыканкама і сацыяльнай службы.

Нядбайных бацькоў выклікаюць у школы, на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, прафілак-тычныя размовы з імі праводзяць інспектары па справах непаўналетніх і ўчастковыя, педагогі і медыкі.Калі нічога не дапамагае, дзяцей з сям’і адбіраюць. Як паведаміла дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ляхавіцкага раёна Наталля Пішч, па стане на 1 мая 2020 года ў сацыяльна небяспечным становішчы ў раёне прызнаны 38 сем’яў, у якіх пражывае 82 дзіцяці.

У 2020 годзе сямёра дзяцей з чатырох праблемных сем’яў былі адабраны. Адно было размешчана ў прытулку, трое пражываюць у дзіцячым доме сямейнага тыпу, яшчэ трое – у замяшчальнай сям’і.

Адно дзіця вярнулі ў сям’ю, бо маці пастаралася як мага хутчэй выканаць усе рэкамендацыі.

Працягнуць руку дапамогі

Што ж рабіць, калі замест чаканых узаемаразумення і падтрымкі сям’я становіцца крыніцай болю і зневажанняў? Людзі, якія пацяр-пелі ад насілля ў сям’і, могуць знайсці часовы прытулак у крызісным пакоі, што створаны на базе Ляхавіцкага тэрытарыяльнага цэнтра
сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Тут чалавек можа адчуваць сябе ў поўнай бяспецы: ананімнасць гарантуецца.Дакладнае месца знаходжання пакоя ведаюць толькі супрацоўнікі міліцыі і тэрытарыяльнага цэнтра – каб агрэсар не мог знайсці і нанесці шкоду. Тут ёсць усё для камфортнага жыцця: чатыры спальныя месцы, ложак для дзіцяці да года, месца для прыгатавання і прыёму ежы.

Акрамя пражывання, пры неабходнасці людзям аказваюцца юрыдычная і псіхалагічная дапамога, садзейнічанне ў афармленні патрэбных дакументаў.

У 2019 годзе ў пакоі часова пражывалі тры чалавекі, сёлета дапамогу аказалі двум землякам.

Рэжым працы крызіснага пакоя – кругласутачны. У экстраннай сітуа-цыі, калі чалавек не мае пры сабе пасведчання асобы, у пакой засяляюць пасля яго пісьмовай заявы.

– Колькі сям’я ці чалавек прабудзе ў пакоі, вырашаецца ў індывідуальным парадку. Усё залежыць ад абставін жыццёвай сітуацыі, – гаворыць псіхолаг аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Дар’я Мароз.

Калі сям’я мае жаданне нала-дзіць сваё жыццё, але не ведае, з чаго пачаць, яна можа заключыць дагавор з ТЦСАН на год на паслугу сацыяльнага патранажу.

У рамках гэтай паслугі супрацоўнікі цэнтра дапамогуць аформіць прызначаныя льготы і субсідыі, паспрыяюць у працаўладкаванні і атрыманні адукацыі, лячэнні і іншае.

Галоўнае – жаданне чалавека або сям’і наладзіць адносіны, пазбавіцца ад шкодных звычак і змяніць сваё жыццё.

Ірына КУЗЬМІЧ.