Паспець за травамі

Фота з архіва «ЛВ»

Тэма траванарыхтовак значылася прыярытэтнай на парадку дня чарговага пасяджэння райвыканкама.
У дакладзе аб мерах, што прымаюцца сельгасарганізацыямі раёна па стварэнні трывалай кармавой базы для грамадскай жывёлагадоўлі, нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці і павышэнні якасці малака, першы намеснік старшыні райвыканкама Анастасія Рабцэвіч нагадала пра прынцыпова новыя патрабаванні да якасці кармоў. З мэтай, у тым ліку, недапушчэння іх перарасходу кармы павінны быць збалансаваны па ўсіх неабходных кампанентах, асабліва што тычыцца ўтрымання бялковай масы. Для чаго, як прагучала, у пасяўной структуры шматгадовых траў усё большае месца павінна аддавацца бабовым культурам. У бягучым годзе іх у раёне (у чыстым выглядзе і ў сумесі са злакавымі) 3554 гектары. Для больш эфектыўнага выкарыстання зямельных угоддзяў і зніжэння расходу кармоў на адзінку прадукцыі жывёлагадоўлі гэтага недастаткова, адзначыла начальнік райсельгасхарчу.
Усяго ж пад уборку першым укосам у гаспадарках раёна на бягучы год запланавана 11 тысяч зялёных гектараў. Найбольшым сярод арганізацый першакасавічным клінам валодаюць «Жарабковічы» – 2800 гектараў. У «Шляху новым» і «Ліпнянцы» менш адпаведна на паўтысячы і тысячу гектараў. Райаграсэрвіс запланаваў скасіць 1300 , «Нача» і «Ляхавіцкі» – па 1000, «Белпрампрыбор» – 800 гектараў шматгадовых траў. Мяркуецца, што на выхадзе з першакасавічнай кампаніі кармавы запас раёна будзе складацца з 2100 тон сена і 41900 тон сенажу.
Своечасовае правядзенне кампаніі – пытанне і якасці корманарыхтовак, і патэнцыяльнай магчымасці вярнуцца на зялёны палетак яшчэ двойчы. Але гэта, калі не марудзіць, узяць тэмп і ўкласціся з уборкай у 10-12 дзён.
Механізатарскімі кадрамі пад першакасавічную кампанію раён забяспечаны на 90 працэнтаў. Пад зялёнае жніво поўнасцю ўкамплектаваліся толькі ДП «Нача» і СВК «Ляхавіцкі».
Аграпрамысловаму комплексу раёна таксама не хапае 13 зааветэрынарных работнікаў. У тым ліку галоўнымі ветэрынарнымі ўрачамі не забяспечаны ААТ «Шлях новы», райаграсэрвіс, ДП «Ліп-
нянка». Многія прадпрыемствы маюць патрэбу ў спецыялістах сярэдняга звяна – ветфельчарах, заатэхніках. З наступленнем чэрвеня АПК раёна папоўняць маладыя спецыялісты, кадравая сітуацыя ў жывёлаводстве раёна палепшыцца.
На момант пасяджэння з 28 наяўных кормаўборачных камбайнаў стаць у пракос былі гатовы 26. Заставаліся пытанні па касілках, граблях, прэс-падборшчыках. Але ўсё гэта не пра «Ляхавіцкі», парк корманарыхтоўчых машын якога поўнас-цю падрыхтаваны да работы.
Гэта першае і галоўнае – неабходнасць безумоўнага і абсалютна дакладнага следавання правілам аховы працы. Ніякія аб’ёмы сена-сенажу не могуць служыць апраўданнем фактам парушэнняў нормаў АП.
Як прагучала ў дакладзе Анастасіі Рабцэвіч, эканамічныя службы гаспадарак распрацавалі і давялі да ўдзельнікаў корманарыхтоўкі здзельныя і пагадзінныя – расцэнкі за адзінку выкананых работ. Пры адсутнасці парушэнняў тэхналогіі, звышнарматыўнай прадукцыйнасці працы прадугледжаны дадатковыя бонусы.
У падобным рэчышчы – плаціць за выпрацоўку і якасць – выказаўся старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі. І не толькі падчас корманарыхтовак.

Іван КАВАЛЕНКА.