Асцярожнасць не адмяняецца. З канца мая аднаўляюцца планавыя стаматалагічныя паслугі

Асцярожна, не забягаючы наперад, каб не фарсіраваць сітуацыю, паціху пачынаюць вяртацца ў паліклінікі і бальніцы такія неабходныя і запатрабаваныя паслугі як, напрыклад, стаматалогія.
Галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій Хлябовіч расказаў, што ў паліклініцы ў сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй пэўны час зубная медыцынская дапамога працавала выключна па «каранавірусных» правілах. У прыватнасці, яе можна было атрымаць толькі па неадкладных паказаннях і экстранна.

– Асаблівасці аказання стаматалагічнай дапамогі ствараюць умовы для высокай рызыкі заражэння паміж пацыентам і медыкам па прычыне блізкага кантакту падчас лячэння, тым больш, каранавірус можа працякаць бессімптомна. Таму такія маніпуляцыі былі зведзены да мінімуму, – зазначае галоўны ўрач райбальніцы. Дарэчы, многія  пацыенты прыслухаліся да рэкамендацый медыкаў і пастараліся мінімізаваць кантакты, у паліклініку звярталіся ў асноўным з вострым болем.
Аднак, паступова, з улікам зноў жа эпідсітуацыі, з канца мая аднаўляюцца планавыя стаматалагічныя паслугі.
– Паэтапна вяртаемся да ранейшага раскладу работы стаматалогіі з улікам патрабаванняў па захаванні санітарна-эпідэмічнага рэжыму, у тым ліку па сацыяльным дыстанцыраванні і павелічэнні часавага інтэрвалу паміж прыёмамі пацыентаў. Спачатку аднавілі планавае лячэнне зубоў, а з 1 чэрвеня пачалі работы па аказанні паслуг зубапратэзавання, – гаворыць Георгій Хлябовіч.
Канешне, пакуль рана гаварыць, калі, у рэшце рэшт, установы аховы здароўя поўнасцю вернуцца да ранейшага раскладу работы. Аднак, зрухі ўсё ж ёсць. У сваё рэчышча, канешне ж, паступова вяртаецца і фізіятэрапеўтычнае аддзяленне. А вось пра вяртанне аздараўленчага масажу гаварыць пакуль не даводзіцца. Разам з тым, фізіятэрапеўтычныя працэдуры пацыентам, якія лечацца ў райбальніцы, па паказаннях аказваюцца.
Што тычыцца эпідсітуацыі ў Ляхавіцкім раёне, то, па словах
галоўнага ўрача, з ложкаў, перапрафіляваных у розных аддзяленнях для лячэння пнеўманій, у тым ліку каранавірусных, звычайна 30 не занятыя хворымі. Лякарстваў для лячэння хапае, як і медыцынскіх кадраў для работы ва ўмовах пандэміі.
Няма праблем і са сродкамі індывідуальнай абароны для медыкаў: пальчаткі, маскі, спецадзенне, шапачкі і іншае – у дастатковай колькасці на складзе, запасы папаўняюцца (частку пастаўляюць спонсары, частку бальніца закупляе за ўласныя сродкі).
Па-ранейшаму асноўнае на парадку дня для ўсіх і для кожнага –
выкананне супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, сацыяльнае дыстанцыраванне і ўважлівасць да ўласнага здароўя.
Галіна КАНЬКО.