Грушаўка. Новая версія. Работа ў Грушаўцы Ляхавіцкага раёна кіпіць

Былая сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы, бясспрэчна, адзін з самых цікавых гістарычных аб’ектаў Ляхавіччыны. Апошнім часам помнік архітэктуры ХІХ-ХХ стагоддзяў у цэнтры ўвагі яшчэ і таму, што тут нарэшце распачаліся рамонтна-аднаўленчыя работы.

Як ужо неаднойчы расказвала раёнка, удыхнуць у грушаўскія краявіды новае жыццё дапаможа грантавы кантракт па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна 2014-2020 гг.».
Нагадаю, што міжнародная тэхнічная дапамога выдзелена на рэалізацыю праекта адначасова ў дзвюх краінах. У Польшчы рэканструюецца сядзіба Лахерта ў гміне Пухачув, у Беларусі – наша Грушаўка. Партнёры створаць дзве новыя ўстановы, што адказваюць за трансгранічную дзейнасць: гістарычны,турыстычны і культурны цэнтр на Ляхавіччыне і цэнтр творчай работы ў польскіх Цэханках. Мяркуецца, што гэта актывізуе супрацоўніцтва моладзі і творчых калектываў суседніх краін, павялічыць турыстычны інтарэс да рэканструяваных аб’ектаў.
Але творчыя сустрэчы, выставы, пленэры, фестывалі, культурныя святы ў сядзібных інтэр’ерах пакуль яшчэ толькі ў перспектыве. Зараз мясцовымі краявідамі штодзень любуюцца будаўнікі сталічнага будтрэста № 7.


Работа ў Грушаўцы кіпіць: ачышчаюцца падвалы, умацоўваецца фундамент сядзібнага дома, рэстаўруюцца фасады. У зоне
актыўнай увагі і капліца: аднаўляецца гістарычны выгляд яе даху, рамантуецца купал.
І гэта толькі першая чарга рэканструкцыі, якая, па папярэдніх планах, працягнецца да канца 2020-га. Другая чарга прадугледжвае інжынернае забеспячэнне сядзібнага дома, трэцяя – рэстаўрацыю яго інтэр’ера і ўладкаванне дома пад гістарычны,турыстычны і культурны цэнтр.
Дарэчы, што  датычыць добраўпарадкавання паркавай тэрыторыі, то да гэтай справы далучыліся ўжо многія арганізацыі і прадпрыемствы. Дзякуючы суботнікам і чыстым чацвяргам, актыўным працоўным дэсантам, яна падтрымліваецца ў санітарным парадку.
Пройдзе пэўны час, і Грушаўка зноў ажыве, напоўніцца стваральнай мітуснёй, яркімі фарбамі творчасці. Канешне, гэта будзе зусім не тая, ранейшая, Грушаўка. Але яе новая версія: утульная, прыцягальная і, хочацца спадзявацца, вельмі папулярная сярод землякоў і не толькі.
Таццяна СЕДАС, метадыст па ахове гісторыка-культурнай
спадчыны.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.