Меліярацыя іх карпарацыя. «Парад» прафесійных святаў, якія прыпадаюць на летнія месяцы, адкрывае Дзень меліяратара

Машыніст экскаватара Ляхавіцкага ПМС  Іван Краўчук і механік прадпрыемства
Юрый Гатоўчыц.

Ён наступіць ужо заўтра, разам з першай нядзеляй  чэрвеня. І гэта нагода для афіцыйных і проста шчыра-сяброўскіх віншаванняў з пажаданнямі найлепшага ў адрас прадстаўнікоў няпростай і, безумоўна, далёка не самай параднай з прафесій. Дзеючы строй раённых паляпшальнікаў зямлі фарміруюць каля шасці дзясяткаў чалавек. Спецыялісты ў сваёй справе –экскаватаршчыкі, бульдазерысты, трактарысты, вадзіцелі аўто, інжынерна-тэхнічныя і іншага профілю і ўзроўню работнікі, разам якія – УП «Ляхавіцкае ПМС». Ветэранскі ж строй арганізацыі з’яўляецца куды больш шырокім і не менш паважаным. Падставай для такога меркавання могуць служыць сабраныя, тэматычна скампанаваныя і з павагай прадстаўленыя ў зале для пасяджэнняў фотакадры гісторыі развіцця меліярацыі Ляхавіччыны. Што называецца, у фактах і асобах, якія былі, ёсць і заўжды будуць галоўным капіталам любой працоўнай структуры.

Думаецца, што побач ці поруч з героямі нашай публікацыі заслужана маглі б стаяць і іншыя прозвішчы – у Ляхавіцкім ПМС дастаткова класных спецыялістаў, сумленных і надзейных работнікаў. Але сённяшняе наша прысвячэнне адрасавана тром прафесіяналам. У якасці сваіх лаўрэатаў Івана Краўчука, Міхаіла Дыдышку і Юрыя Гатоўчыца абраў прафесійны саюз. З узнагародамі старшыня Ляхавіцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Чура ў адзін з перадсвяточных дзён наведалася на галоўны «стан» прадпрыемства. Трэба сказаць, што цяперашняй парой застаць меліяратара на базе магчыма хіба толькі з ранняга ранку, падчас выпіскі нарада на працу ў поле, на луг, асушанае балота і г. д.
Машыніст экскаватара Міхаіл Дыдышка ў наш час іменна там і знаходзіўся.
– Пазней арганізуем для яго асабістую цырымонію ўзнагароджання, і сваё Падзячнае пісьмо РА Беларускага прафсаюза работнікаў АПК ён атрымае ў належны тэрмін, – адзначыла з гэтай нагоды Ірына Чура.
Такой жа прафсаюзнай узнагароды – Падзячнага пісьма – за высокія працоўныя дасягненні ўдастоіўся механік ПМС Юрый Гатоўчыц. Машыніст экскаватара з больш як 40-гадовым стажам служэння справе меліярацыі, заслужаны работнік галіны Іван Краўчук атрымаў Ганаровую грамату РА Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. Не галоўнае, але ў якасці факта адзначым, што бонусам да пісьмаў і граматы прадугледжаны пэўныя грашовыя сумы. Пра словы віншавання ўжо ўзгадвалася, але яшчэ раз – са святам, меліяратары і ветэраны галіны!

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.