Яго іменем названы

Сто дваццаць гадоў назад у вёсцы Крывошын нарадзіўся савецкі военачальнік, генерал-маёр, Герой Савецкага Саюза Гаўрыіл Станіслававіч Здановіч. Тут у 1913 годзе скончыў чатыры класы народнага вучылішча. У Крывошыне прайшло яго дзяцінства, тут ён сустрэў Першую сусветную вайну.

У 1915 годзе сям’я Здановічаў, ратуючыся ад кайзераўцаў, пераехала ў горад Крамянчуг. А ў лютым 1916 года з дзвюма сёстрамі юнак трапіў у прытулак сяла Саланіца Палтаўскай вобласці, які пакінуў у 1918 годзе. Стаў працаваць падмайстрам у арсенале горада Крамянчуга.

Восенню 1919 года Гаўрыіл Здановіч добраахвотнікам уступіў у Чырвоную Армію. Разам са сваімі саслужыўцамі ён удзельнічаў і ў баях супраць Юдзеніча пад Гатчынай і Дзецкім Сялом, абараняў Петраград. Летам 1920 года скончыў курсы чырвоных камандзіраў пры штабе 14-й арміі, а ў 1921 годзе ўступіў у партыю.

Вялікую Айчынную Гаўрыіл Станіслававіч сустрэў каля Гомеля ў званні палкоўніка на пасадзе кіраўніка аператыўнага аддзела штаба 66-га стралковага корпуса. Каля Кіева-Працін трапіў у акружэнне, але не здаўся ў палон. Ён выйшаў з акружэння каля горада Краснаармейска ў Данбасе. Прыкладна 4,5 ме-сяца быў кіраўніком штаба 4-й стралковай дывізіі, затым у горадзе Армавіры фарміраваў 197-ю стралковую дывізію. Пазней Гаўрыіл Станіслававіч – начальнік аператыўнага аддзела штаба 16-га стралковага корпуса, ствараў пазіцыі абароны на рацэ Дон ад станіцы Вешанскай да ракі Хапёр. А 31 жніўня 1942 года Здановіч стаў камандзірам 203-й тралковай дывізіі, якая дзейнічала на правым фланзе Вялікай Сталінградскай бітвы.

Разгарэліся жорсткія баі за вызваленне Данбаса. Вораг утрымліваў кожную станіцу, кожны пункт, але дывізія зламала яго супраціўленне і 20 студзеня 1943 года выйшла на паўночны Данец у раёне станцыі Калітвенай. Пасля доўгіх напружаных баёў дывізія вызваліла горад Краснадон, сяло Свярдлоўск, горад Ровеньскі,выйшла на раку Міўс і там працягвала весці баі да сакавіка. За паспяховае выгнанне ворага многія воіны былі ўдастоены ўрадавых узнагарод. Гаўрыіл Станіслававіч атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга.

203-я стралковая дывізія, якой камандаваў Гаўрыіл Здановіч, ішла на захад. Тройчы фарсіравала Днестр, вызваляла Запарожжа, затым 17 дзён абараняла горад. Дывізіі прысвоілі назву Запарожскай. Здановіча ўзнагародзілі ордэнам Суворава 2-й ступені і прысвоілі воінскае званне генерал-маёра.

За вызваленне Нікопаля 203-ядывізія была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга, а яе камандзір атрымаў ордэн Леніна.Потым былі Нікалаеў, Паўднёвы Буг, Тылігульскі, Куяльніцкі і Хаджыбаеўскі ліманы Чорнага мора. У баях каля горада Дубасары Гаўрыіл Станіслававіч быў моцна паранены.

З 21 жніўня ў складзе 53-й арміі 2-га Украінскага фронту ўдзельнічаў у вызваленні Румыніі. Атрымаў падзяку Вярхоўнага Галоўна-камандуючага за вызваленне Бухарэста.А потым выйшлі на румына-венгерскую граніцу. У ноч на 7 лістапада фарсіравалі Цісу. За гэтыя баі дзесяці воінам дывізіі прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

З 1 студзеня 1945 года ды-візія – у гарах Чэхаславакіі. За баі ў Чэхаславакіі Здановіч быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Тры падзякі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага і ордэн Суворава 2-й ступені атрыманы дывізіяй за баі на рацэ Нітра і вызваленне гарадоў Нітра, Трнава, Глаговец, Сенец. Здановіч быў узнагароджаны ордэнам Кутузава 2-й ступені.

9 мая ў дзень Перамогі часці дывізіі знаходзіліся ў 50 кіламетрах ад Прагі. Але вайна для баявога генерала не скончылася. Дывізія была накіравана ў Манголію, у Тамцак-Булак. За вялікі подзвіг падчас пераходаў па непраходнай мясцовасці дывізіі прысвоена званне Хінганскай. 6 верасня 1945 года Гаўрыіл Станіслававіч быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Дывізія стала называцца «203-я стралковая Запарожска-Хінганская Чырванасцяжная ордэна Суворава 2-й ступені дывізія». Гаўрыіл Здановіч быў узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Суворава і Кутузава 2-й ступені і многімі медалямі.

Родную вёску Здановіч наведваў два разы. Першы – у 1954 годзе, другі – праз 20 гадоў, у 1974-м. Сустракаўся з вучнямі, настаўнікамі і старажыламі вёскі.

Апошнія гады жыцця прайшлі ў Варонежы, але генерал не парываў сувязі з крывошынскімі школьнікамі. Ён часта перапісваўся з імі.

У нашым школьным гісторыка-краязнаўчым музеі ёсць асобны куток, прысвечаны Гаўрыілу Здановічу. На стэндзе можна знайсці фотаздымкі, на якіх адлюстраваны розныя моманты жыцця героя. На адным ён побач з першым кіраўніком музея Леанідам Вікенцьевічам Чаранкевічам. Сярод экспанатаў знаходзіцца і форма Здановіча, якую ён перадаў музею.

У 1984-м Героя Савецкага Саюза не стала, але памяць пра яго жыве: у гонар нашага земляка была названа вуліца ў вёсцы, на будынку школы ўстаноўлена мемарыяльная дошка, якая паведамляе, што ў гэтай вёсцы нарадзіўся і рос будучы Герой Савецкага Саюза генерал-маёр Гаўрыіл Здановіч.

Але самае галоўнае – 16 мая 1992 года Крывошынскай школе было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Гаўрыіла Станіслававіча Здановіча.

Праз некаторы час гэтае імя школа страціла. З 13 лютага наша школа афіцыйна называецца Крывошынскай сярэдняй школай імя Г.С. Здановіча Ляхавіцкага раёна.

Мы не павінны забываць тых, хто загінуў дзеля таго, каб мы жылі пад чыстым мірным небам. Нездарма чалавечая мудрасць кажа: «Толькі тая краіна, у якой людзі помняць пра сваё мінулае, заслугоўвае будучыні».

Наталля ФІЛІПОВІЧ,настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча.