Вясковае рандэву. Днямі жыхары Станчакоў сабраліся на незвычайнае свята

Днямі літаральна ўсе жыхары Станчакоў (населены пункт знаходзіцца ў двух кіламетрах ад аграгарадка Навасёлкі) сабраліся на незвычайнае свята – «Маленькая кропка ў вялікім суквецці». Яго для вяскоўцаў падрыхтаваў народны клуб аматараў песні, гумару і гульні «Вечарніца» Навасёлкаўскага СДК.
Афіцыйна ў вёсцы зарэгістравана пяць чалавек, летам насельніцтва крыху павялічваецца: прыязджаюць пагасцяваць дзеці, унукі, праўнукі. Цягне на малую радзіму станчакоўцаў, бо гэта месца, дзе прайшлі іх дзіцячыя і юнацкія гады. Таму і прыйшлі на свята, каб расказаць, як жылі раней, і як склаўся лёс кожнага. Спявалі, смяяліся, успаміналі і нават плакалі ад радасці, ад таго, што іх не забываюць. Асаблівыя словы ўвагі і пашаны былі адрасаваны вяскоўцам-старажылам: 93-гадовай Вользе Булатай і 88-гадовай Раісе Станчык.
Развітваліся цёпла, шчыра, з надзеяй на новую сустрэчу – так закончылася вясковае рандэву.
Таццяна ПІШЧ,
культарганізатар Навасёлкаўскага СДК.