Калі Святлана Радомская дома, то нават у пахмурны дзень, здаецца, свеціць сонца.

Пакуль пад снегам і двор, і кветнік, і малады сад, які пасадзілі Радомскія ўсяго 2-3 гады назад. А вясной і летам у іх прыгожа і ўтульна. Чаго вартыя толькі кветкі, якія з любоўю высаджваюць і даглядаюць Святлана з дачушкай Дашай. Дашы 8 гадоў, але яна імкнецца дапамагаць маме ва ўсіх справах. Іншы раз далучаецца да іх клопатаў і дзевяцігадовы Вадзім — з мамай цікава і весела. Усёй сям’ёй клапоцяцца пра старэйшага з дзяцей — Ілью, якому асабліва патрэбны клопат, увага, душэўная цеплыня дамачадцаў.
Такія шчырыя, добрыя ўзаемаадносіны склаліся, зразумела ж, дзякуючы матулі Святлане і тату Вадзіму, якія здолелі аб’яднаць сваіх самых родных людзей у адно цэлае. Калі яна дома, то нават у пахмурны дзень, здаецца, у Радомскіх свеціць сонца. Яна ўсё паспявае: і ў доме навесці парадак, і дзятву накарміць смачным абедам, і гаспадарку дагледзець (у хляве парсюкі, куры).
І на рабоце Святлана такая ж увішная, старанная і заўсёды з добрым настроем. Яна ўпэўнена, калі на душы светла, то і справы ладзяцца. Памочнік брыгадзіра Радомская ў СВК «Ляхавіцкі» лічыцца добрым спецыялістам. А ўсё таму, сцвярджае Святлана, што побач такі вопытны калега — брыгадзір Іван Юнік. І сапраўды іх калектыў — Русінавіцкі вытворчы ўчастак — дабіваецца з году ў год выдатных ураджаяў. Летась Святлана кіравала работай звяна, якое вырошчвала бульбу, — ураджай атрымалі выдатны. Яна ж адказвае за яго захоўванне і рэалізацыю. З восені і ўсю зіму накіроўваюцца грузавікі ў Русінавічы — за бульбай. За сезон сельгаскааператыў рэалізаваў дзве з паловай тысячы тон адборных клубняў. Гэтымі днямі ва ўсю ідзе пераборка і падрыхтоўка насеннага матэрыялу. Стараюцца жанчыны, а Святлана іх падбадзёрвае добрым словам, прыемнай усмешкай.
— Справы ладзяцца, на двары вясна, настрой адпаведны, — за ўсіх адказвае памочнік брыгадзіра і дадае: — Трэба радавацца жыццю, быць аптымістам, цаніць кожны пражыты дзень і са спадзяваннямі чакаць наступнага. Жадаю гэтага жанчынам — маці, працаўніцам, якія сапраўды з’яўляюцца надзеяй і апорай ва ўсіх справах. Часцей усміхайцеся, сяброўкі, дарыце людзям цяпло сваіх сэрцаў!
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *