Профессиональная деятельность первого секретаря Ляховичского райкома ОО «БРСМ» Ларисы Юшкевич интересная и насыщенная

Прафесійная дзейнасць першага сакратара райкама грамадскага аб’яднання «БРСМ» Ларысы Юшкевіч цікавая і насычаная. Сёння яна прысутнічае пры стварэнні новай пярвічкі, заўтра — на чарговым мерапрыемстве для моладзі. Менавіта пра яе можна сказаць словамі з вядомай кінастужкі: выдатніца, спартсменка, камсамолка. Закончыўшы школу з залатым медалём, не вагалася з выбарам прафесійнай будучыні: старэйшая сястра — настаўніца, і Ларыса, якая з ёй у дзяцінстве любіла гуляць у школу, вырашыла пайсці па слядах роднага чалавека. Не магла вызначыцца толькі з факультэтам: замежных моў ці гістарычны. Перамагла гісторыя, якой, па прызнанні Ларысы Мікалаеўны, яе зацікавіла Людміла Булатая — менавіта настаўніца гісторыі «улюбіла» яе ў навуку з мноствам загадак. Гады вучобы ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце праляцелі адным імгненнем насычанага студэнцкага жыцця ў спалучэнні з абавязкамі старасты групы.
Паўгода працы настаўнікам гісторыі ў Востраўскай школе, творчасць маладога педагога, яго нераўнадушнасць «прывялі»да зусім нечаканага павароту лёсу — сёння яна першы сакратар райкама ГА «БРСМ». Яна не ўяўляе сваё жыццё без любімай работы з моладдзю, знаходзіцца пастаянна ў гушчыні падзей і людзей. Нават дэкрэтны водпуск сумяшчала з вучобай у Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Яна жыве справамі сваіх саюзнікаў-бээрэсэмаўцаў. Такі вось марш энтузіясткі і энтузіястаў. Арганізуюць працоўныя спаборніцтвы, праводзяць конкурсы. Адзін з іх — да Дня абаронцы Айчыны — адбыўся нядаўна. Ларыса заклапочана другаснай занятасцю юнакоў і дзяўчат, іх ладам жыцця, поглядамі і прыярытэтамі.
Непаседа, у добрым сэнсе гэтага слова, Ларыса і на рабоце, і дома фантануе ідэямі. Любімая і любячая жонка, мама чатырохгадовага сыночка Пашы, гасцінная гаспадыня, якая цэніць у людзях адкрытасць, іх шчырасць. Па-ранейшаму цікавіцца гісторыяй, любіць падарожжы, адпачынак з сям’ёй і ў сям’і. У гэтай маладой і прывабнай жанчыне спалучаюцца дабрыня і пяшчота, душэўнасць і чалавекалюбства, сціпласць і працавітасць. Яна заўсёды ставіць сябе на месца іншага і лічыць, што кожны чалавек мае права на ўласнае меркаванне. Разам з мужам (Сяргей нядаўна ўзначаліў ПМС) Ларыса імкнецца закласці свае сямейныя традыцыі, вырасціць-выхаваць свайго Паўлушу сапраўдным чалавекам.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *