Асколкі болю

— Нарэшце зазірнула сонейка і ў маё акно, – здаецца, аж памаладзеў Павел Адамавіч, калі расказваў пра радасную падзею ў жыцці. – Я дачакаўся праўнукаў: патрымаў на руках маленькага чалавечка і зразумеў: вось яно, шчасце, і што нездарма перажыта столькі выпрабаванняў…
Паўлу Адамавічу сёлета споўнілася 92 гады. Ён па-ранейшаму рухавы, бадзёры і вельмі цікавы суразмоўца. Некалі атрымаў добрую адукацыю, працаваў настаўнікам нямецкай мовы, ведае польскую. Але самую большую навуку далі яму жыццё і вайна, якая прыпала якраз на маладосць і пакінула свой чорны знак на лёсе гэтага чалавека. Знак гэты – не толькі выпалены на руцэ гарачым жалезам нумар 165596, ён адбіўся і на сэрцы…
Павел Адамавіч памятае ўсё дакладна. Памятае і расказвае людзям, асабліва маладым, каб яны, заўтрашнія гаспадары жыцця, шанавалі і бераглі мір на зямлі.
А нядаўна завіталі ў госці да Паўла Адамавіча прадстаўнікі германскага дабрачыннага таварыства, якое дапамагае былым вязням: юрыст з жонкай, дзвюма дочкамі і рэдактар акруговай газеты. Мілюк расказваў ім гісторыю свайго жыцця.
…Юнак з вёскі Гашчын трапіў спачатку ў канцлагер Калдычэва, што быў пад Баранавічамі, пасля ў Трасцянец – пад Мінскам, а пасля быў Асвенцым-Бжэзінка. Гэтае месца на польскай зямлі і сёння пазначана як былая фашысцкая фабрыка смерці. Павел Адамавіч упэўнены, што застацца жывым яму дапамаглі яго прыродныя сіла і здароўе. Голад, холад, медыцынскія эксперыменты, непасільная праца… – а ён, асілак з беларускага Палесся, моцны, як дуб. Такіх хлопцаў фашысты паслалі на будаўніцтва новага канцлагера Гроз Рошэн, дзе яны пасля знясільваючай работы жылі ў зямлянках. І ўжо на верную смерць эшалон вязняў адправілі ў Бухенвальд, дзе пры ўездзе вялізарнымі літарамі сустракала выслоўе Бісмарка – “Кожнаму сваё”. Коміны печаў клубіліся чорным дымам і былі бачны здалёк: адтуль людзі не вярталіся…
Якраз у гэты час у вайну з гітлераўцамі ўступілі саюзнікі, і на франтах адбыліся перамены. Фашысты адступалі, замяталі сляды сваіх злачынстваў, круглымі суткамі гарэлі крэматорыі. Эшалон, у якіх быў Павел Адамавіч, шэсць разоў ганялі па чыгунцы з захаду на ўсход. На вагон пры пагрузцы вязняў было выдадзена па буханцы хлеба і па літру вады. На шостыя суткі тых, хто мог яшчэ трымацца на нагах, засталося шасцёра, у тым ліку і Павел Мілюк. Ён прапанаваў збегчы і кіраваў гэтай аперацыяй: пры па-грузцы нейкі паляк непрыкметна сунуў яму ў рукаў нажніцы па металу, маўляў, яны павінны табе спатрэбіцца. Пасля гэтыя словы сталі зразумелымі: дах у вагоне быў зроблены з калючага дроту і абцягнуты брызентам. Калі цягнік ішоў пад гару і збавіў скорасць, вязні кінуліся пад адхон…
Доўгія блуканні па незнаёмай тэрыторыі, зноў палон, а пасля зноў пабег, нарэшце, сустрэча з дзяўчынай з Харкава. Яна прывяла Мілюка ў групу ўзброеных французскіх мсціўцаў, з якімі разам хадзіў на дыверсіі супраць фашыстаў. А пасля была сустрэча з саюзнікамі-амерыканцамі і доўгі шлях дадому. Спадарожна давялося папрацаваць перакладчыкам у лагеры ваеннапалонных немцаў. У адным з ваенных шпіталяў падлячыўся. А калі прыйшла Перамога і пачалася дэмабілізацыя, яго як настаўніка адправілі ў ліку першых на вызваленую родную зямлю – трэба было наладжваць вучобу ў школах…
На розных пасадах у сістэме адукацыі працаваў Павел Адамавіч. Для хлопчыкаў і дзяўчынак быў не толькі настаўнікам-прадметнікам, але і жыццёвым дарадчыкам. Сёння, праз дзесяцігоддзі, тэлефануюць і пішуць яго былыя вучні, і гэта яшчэ адна з нямногіх радасцяў для Паўла Адамавіча. Дзіўнай уласцівасцю валодае чалавечая памяць. Столькі гадоў прайшло пасля вайны, а душа і сёння баліць, вяртаюцца ў снах тыя жудасныя дні, калі побач з маладосцю хадзіла смерць. Насцігаюць хвалі ўспамінаў, і Павел Адамавіч бярэцца за напісанне мемуараў. Іх ужо 26 агульных сшыткаў. Некаторыя ўвайшлі ў невялікі зборнік, выдадзены абласной асацыяцыяй былых вязняў фашысцкіх канцлагераў пад рэдакцыяй Пятра Шалохі, які называецца “Асколкі болю”. Сціплы зборнічак, выпушчаны невялікім тыражом, некалі падарылі і Паўлу Адамавічу як аднаму з аўтараў. Ім ён вельмі даражыў. Аднойчы падчас інтэрв’ю заезджая журналістка (на жаль, ён не памятае яе імя) папрасіла гэты зборнічак, паабяцала неўзабаве пераслаць. Ён спадзяецца, што ўсё-такі гэтая дарагая для яго рэліквія вернецца…
Аліна ЛАПІЧ.

2 thoughts on “Асколкі болю

  • 20/06/2011 в 20:14
    Permalink

    BY-NBCB-st-10-700945
    Авторы: Мілюк П.
    Заглавие: За калючым дротам. Успаміны вязня Асвенціма Паўла Мілюка / падрыхтавала да друку Марына Станіславовіч
    Опубликовано в:
    Беларускі гістарычны часопіс: навуковы, навукова-метадычны ілюстраваны часопіс / заснавальнікі: Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне», дзяржаўная навуковая ўстанова «Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» [і інш.]. — 2010. — № 6. — С. 48—57
    Примечания: Рэзюмэ на англійскай мове: с. 80

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *