Энергічнасць энергетыкаў. І не толькі. Што разглядалі на парадку дня вераснёўскага пасяджэння Ляхавіцкага райвыканкама

На парадку дня вераснёўскага пасяджэння райвыканкама разглядалася пытанне аб падрыхтоўцы народнагаспадарчага комплексу раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд 2020-2021 гадоў.

Камунгас – у доме кожнага з нас
У той ці іншай меры, а з наступленнем халадоў ступень прысутнасці арганізацыі ў дамах і кватэрах жыхароў горада і раёна істотна павялічваецца за кошт цяпла – уласна выпрацаванага і дастаўленага па назначэнні. Каб працэсы гэтыя не ведалі хібаў, цеплавая гаспадарка патрабуе да сябе пільнай увагі. Пастаянна на працягу года, але найбольш поўная рэвізія, маштабныя прафілактычныя мерапрыемствы і глыбокія рамонты ажыццяўляюцца, вядома, падчас міжсезоння. Важна не ўпусціць момант, не спазніцца, таму дзейнічае правіла: заканчэнне папярэдняга ацяпляльнага сезона павінна бадзёра перацякаць у падрыхтоўку да новага.
Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Ляшчэня ў сваім дакладзе адзначыў, што праведзеная камунгасам падрыхтоўчая работа дазволіць у асенне-зімовы перыяд 2020-2021 гадоў забяспечыць устойлівую работу аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, устаноў і арганізацый сацыяльна-культурнай сферы.
На балансе КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» знаходзіцца 24 кацельні. На прыродным газе працуе кожная чацвёртая з іх, астатнія 18 з’яўляюцца цвёрдапаліўнымі. Сельскую прапіску маюць два дзясяткі камунальных цеплагенератараў, у тым ліку тры – газавыя.
– Усе кацельні забяспечаны прыборамі ўліку цеплавой і электрычнай энергіі. На кожнай цвёрдапаліўнай ёсць склады для захоўвання торфабрыкету, навесы для дроў, – адзначыў Андрэй Ляшчэня.
Яшчэ, па стане на сярэдзіну верасня, у поўным аб’ёме былі выкананы работы па прафілактычным рамонце і выпрабаванні абсталявання ўсіх 24 кацельняў, выпрабавана 75,3 кіламетра – 100 працэнтаў ад плана – цеплавых сетак, на чатырох цэнтральных цеплавых пунктах праведзены прафілактычны рамонт, на 78 катлах – ачыстка ўнутранай паверхні. І многае іншае, што сумарна дазволіла, па стане на 18 верасня, аформіць пашпарты гатоўнасці на ўсе 24 камунальныя кацельні і адзін пашпарт спажыўца цеплавой энергіі.
Яшчэ паўмесяца назад камунгасам было нарыхтавана больш за 2,5 тысячы кубічных метраў дроў.
Па выніках будучага сезона мяркуецца, што страты цеплавой энергіі адчувальна знізяцца і складуць не больш за 10 працэнтаў. У тым ліку і дзякуючы пастаянным на працягу апошняга часу падрадам па замене старых цепланосных труб на новыя – папярэдне ізаляваныя. З пачатку бягучага года, напрыклад, было перакладзена 4,4 тысячы метраў труб.

Энергічная падрыхтоўка
Спачатку пра электраэнергетыкаў, энергічнасць якіх праявілася, у тым ліку, і ў шэрагу рамонтаў, праведзеных на аб’ектах сваёй гаспадаркі з мэтай яе ўстойлівага безаварыйнага функцыянавання нават ва ўмовах патэнцыяльна аварыйнага надвор’я халоднага перыяду года. У залік падрыхтоўкі аб’ектаў энергазабеспячэння да работы ў асенне-зімовы перыяд Ляхавіцкі РЭС рамантаваў памяшканні вытворчых аб’ектаў, капітальна адрамантаваны 17 камплектных трансфарматарных падстанцый, заменены дзясяткі апор і кіламетры проваду на паветраных лініях электраперадачы. На плошчы ў некалькі дзясяткаў гектараў праве-дзена чыстка просек пад паветранымі ЛЭП. Аднак, што тычыцца апошняга пункта, то, па меркаванні старшыні райвыканкама, у даным накірунку РЭС неабходна актывізавацца.
Надзённым і важным для ўсёй сістэмы электразабеспячэння Ляхавіччыны з’яўляецца пытанне перадачы на баланс РУП «Брэстэнерга» аб’ектаў электрычных сетак (трансфарматарныя падстанцыі, паветраныя і кабельныя ЛЭП) напружаннем 10000 вольт, якія зараз знаходзяцца на балансе СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Жарабковічы» і «Шлях новы». У тым ліку і таму, што падобнага кшталту сістэмы патрабуюць адпаведнага абслугоўвання, забяспечыць якое сваімі сіламі сельгасарганізацыі не ў стане. Спецыялісты патрэбнай кваліфікацыі і ступені допуску там адсутнічаюць, а магчымы збой у рабоце можа прывесці да «абясточвання» вялікай колькасці электраспажыўцоў раёна.
Як прагучала ў ходзе пасяджэння, за перыяд мінулага ацяпляльнага сезона Ляхавіцкі раён газазабеспячэння ВУ «Баранавічыгаз» забяспечыў безаварыйнае і бесперабойнае забеспячэнне газам усіх спажыўцоў. З мэтай прадоўжыць працаваць з такім жа вынікам і ў надыхо- дзячым на прадпрыемстве правялі пэўную работу: тлумачальную з насельніцтвам, кіраўніцтвам прадпрыемстваў і іх структурных падраздзяленняў на прадмет вядзення земляных работ у ахоўных зонах газаправодаў. Пад пастаянным і асабліва пільным кантролем спецыялістаў знаходзяцца ўсё газаразмеркавальнае і газатранспартнае абсталяванне, прыборы кантролю і спажывання газу. За студзень – жнівень газавікамі праведзена поўнае тэхабслугоўванне газаабсталявання ў больш як 350 кватэрах, сезоннае ТА – у амаль 1000 індывідуальных жылых дамах і іншае.
Размова датычыла дарожнікаў. Каб і ў самыя густыя снегапады, лютыя завеі забяспечыць чысціню на дарогах раёна, а іх на абслугоўванні 430 кіламетраў плюс паўтары сотні вясковых вуліц, мясцовае ДРБУ-200 валодае амаль трыма дзясяткамі спецыялізаваных машын. Ужо назапашана тысяча тон (палова ад неабходнага) пясчана-салянай сумесі, ёсць запас халоднага асфальту, дызпаліва і бензіну.
Як адзначана ў рашэнні райвыканкама, арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду 2020-2021 гадоў арганізацыямі і ўстановамі Ляхавіцкага раёна ў цэлым выкананы.
Гэта, аднак, не азначае, што рабіць у азначаным накірунку больш няма чаго.

Іван КАВАЛЕНКА.