Паэтычная вандроўка па Ліпску

У кожнага чалавека ёсць родны кут, дзе ён нарадзіўся і адкуль пачаў свой жыццёвы шлях. З любві да бацькоўскага дому, да роднай вёскі пачынаецца і выспявае пачуццё любві да Радзімы.

2018-2020 гады ў Беларусі абвешчаны Годам малой радзімы.
Наша малая радзіма – вёска Ліпск, а ў сучасным статусе – аграгарадок. Ліпск мае цікавую гісторыю. Звесткі пра яго мы знайшлі ў кнізе «Памяць. Ляхавіцкі раён». Там згадваецца, што ў 1492 годзе Ліпск быў сялом, цэнтрам воласці, дзяржаўнай уласнасцю, падараванай пану М. Радзівілу.

Ліпы, Ліпск, Ліпнянка – гэта не толькі роднасныя словы, але яшчэ і напеўныя, мілагучныя. Яны так і просяцца, каб іх паклалі на вершы. І наша мясцовая паэтка Вера Дыдышка напісала шмат цудоўных вершаў.

«Мая радзіма – вёска Ліпск. Тут я гадавалася, хадзіла ў школу, пісала першыя вершы. Я расла ў атмасферы добразычлівасці, светлай рамантыкі і ўзнёсласці, многа чытала і марыла. Мае бацькі, простыя людзі, любілі кнігу, асабліва беларускую, чытанне ўголас было правілам нашай сям’і». Так сказала пра сябе Вера Іосіфаўна ў зборніку «Узрушэнне сэрца».

Назва вёскі паходзіць ад назвы прыгожага дрэва – ліпы. Менавіта ліпамі была абсаджана большасць двароў. І гэтыя абставіны натхнілі Веру Дыдышка на з’яўленне верша «Бацькоўскія ліпы».

Далёка застаўся той горад вялікі,
Я еду дамоў, я ў сваёй старане.
Любімыя дрэвы – бацькоўскія ліпы –
Здалёку прыветна вітаюць мяне.
Нібы вартавыя ля роднае хаты,
Так сумна шумяць, як чакаюць кагосьці.
Бацькоўскія ліпы, зялёныя шаты,
Ізноўку да вас я прыехала ў госці.
Стаю, да магутнага дрэва тулюся,
Мо, я адпачну тут збалелай душою,
Пяшчотай радзімы сваёй наталюся,
Пабуду хоць крыху ў светлым спакоі.
Ах, ліпавы водар, салодкі і дзіўны!
На кветках гудуць працавітыя пчолы.
Аб чым вы раскажаце мне, вершавіны,
Каб ведала я вашы думы і словы!
А лёс сапраўды ганаровы вам выпаў:
Ці сонца пячэ, ці спявае салоўка,
Прыгожыя дрэвы – бацькоўскія ліпы, –
Вы роднага Ліпска майго візітоўка.
За вас, мае ліпы, я сэрцам малюся,
Каб вам ад віхуры ліхой не зламацца.
Аднойчы да вас назаўсёды вярнуся,
Каб болей ніколі ўжо нам не расстацца.

Сучасны Ліпск – прыгожы населены пункт, з дагледжанымі сядзібамі, рознакаляровымі кветнікамі. Менавіта такому Ліпску Вера Іосіфаўна прысвяціла яшчэ адзін свой верш.

Ода Ліпску
Дзень добры, Ліпск, мая калыска,
Мая найпершая любоў!
Далёка я жыву ці блізка,
А да цябе спяшаю зноў.
Разлёгся вольна на прасторы
Палескай роднае зямлі,
Разбудаваўся ты, як горад,
Хоць буры жорсткія прайшлі
Каля тваіх адкрытых вокан,
А ў дзверы грукала вайна…
А колькі гора было потым!
Ды ад цямна і да відна
Ты жаў, касіў і будаваўся,
І песні добрыя спяваў,
А калі госць які здараўся,
Па-ліпску, шчодра ўсіх прымаў…
Дарога лёгкая дадому!
Яна сама мяне вядзе
Па гэтых вуліцах зялёных,
Што не забыліся нідзе.
Знаёмыя сустрэну твары,
І радасць сэрца саграе:
І Янкавы, і Кашаваравы,
І Рымаравы, і Піваваравы –
Усе людзі родныя мае.
Мне любы родныя мясціны,
А іх у Ліпску не злічыць!
Замошша, Краснае, Дабрыні –
Як гэта хораша гучыць!
Заўсёды, кожнаю парою,
Як родны Ліпск прыгожы мой!
І аксамітнаю вясною,
І серабрыстаю зімой.
І летам, у гарачы ліпень,
Калі ад бацькавых прысад
Плыве салодкі водар ліпаў
І запаўняе далягляд…
Як добра жыць на гэтым свеце,
Калі такі куточак ёсць,
Каторы нас люляў і песціў,
І адкрываў нам прыгажосць
Зямелькі беларускай роднай,
І мове роднай навучыў,
І бараніў нас ад нягодаў,
І добрым словам нас лячыў!
Я Ліпскам родным ганаруся!
І пройдуць хай сабе гады,
Яму ў вернасці клянуся,
Яму ў любові прызнаюся,
Ліпчанкай шчырай застаюся
Сягоння, заўтра – назаўжды!

І як жа не ўспомніць і не адзначыць яшчэ адну нашу славутасць – рэчку Ліпнянку. Найлепш аб ёй сказала паэтка ў аднайменным вершы.

Цячэ каля Ліпска рачулка Ліпнянка,
Хаваецца ў зелені ціхіх лугоў.
Там некалі я, дзяўчынка-бялянка,
Расла ля яе берагоў.
Днём сонца лавіла ў гэтай крынічцы,
А сонца заўсёды ўцякала знарок.
А вечарам бачыла: падаюць знічкі
Ў рачулку Ліпнянку, як зорны гарох.
Тут мама бяліла палотны-дарогі
І рассцілала па мяккай траве.
Жаданні, пачуцці, надзеі, трывогі –
Усё каля рэчкі Ліпнянкі жыве.
Я роднага краю свайго паланянка,
І быць мне дагэтуль у палоне яшчэ,
Пакуль гэта ціхая рэчка Ліпнянка
Праз сэрца маё ўсё цячэ і цячэ…

Калі вандраваць па вуліцах Ліпска, то нельга не прыпыніцца каля помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, які знаходзіцца ў цэнтры вёскі.

Праз гады, што ў вечнасць цякуць,
Праз дажджы, спёку, замець
Не дае нам спакойна заснуць
Неспакойная памяць.
Бо змагла ў сябе ўвабраць
Нашу горыч і слёзы,
Дзе над прахам герояў шумяць,
Нібы плачуць, бярозы.
Стаў апошнім прытулак для іх
Той куточак Радзімы,
Дзе ў лясах і балотах глухіх
Яны ворага білі.
Маладымі за нас паляглі,
Гэты боль душу раніць.
Аддае ім паклон да зямлі
Наша горкая памяць.
Ясным ранкам дарогай сваёй,
Людзі, так не праходзьце:
Каля гэтай магілы святой
Вы хвіліну пастойце.
Спяць героі ў зямельцы сырой.
Вы ж у святы і ў будзень
За іх вечны і светлы спакой
Памаліцеся, людзі,
Каб пра тых, хто з вайны не прыйшоў
І ніколі не ўстануць,
Засталася на векі вякоў
Наша ўдзячная памяць.

Так сказала пра ўсіх загінулых Вера Дыдышка ў сваім вершы «Памяць».

Яшчэ адна ліпская адметнасць і, можа, нават візітоўка, без якой не ўяўляеш сабе Ліпск, – буслянка на апоры электрычных ліній каля аўтобуснага прыпынку.

А над Ліпскам учора кружылі буслы,
Два прыгожыя белыя птахі.
Яны велічна, хораша ў небе плылі
І рабілі прыветныя махі.
– Гэта мы, – гаварылі яны, – гэта мы!
Цераз буры, завеі, мяцелі
Пасля сівераў лютых і доўгай зімы
Мы ізноўку да вас прыляцелі.
Кожны год з тых далёкіх заморскіх шырот
На радзіму вярнуцца нам трэба,
Бо няма там ні родных палёў і балот,
Ні прасторнага добрага неба.
Мы вам рады, буслы! Прынясіце святло
Сваіх крылляў у кожную хату,
І на кожным падворку будуйце жытло
І выводзьце сваіх буслянятаў.
…Кажуць, сіла магічная скрыта ў буслах:
Яны прэч адганяюць напасці,
А ў людзей, ля якіх жыве велічны птах,
Пасяляюцца радасць і шчасце.

(«Буслы»).

Прайшоўшы некалькі метраў, мы не можам не заўважыць будынак сельскага Дома культуры. А там яшчэ адна мясцовая знакамітасць – Ліпскі народны хор. Вера Дыдышка прысвяціла яму свой верш «Залатыя галасы». Гэты верш быў напісаны ў 2006 годзе і прысвечаны юбілею хору.

Ў залаты юбілей залатыя звіняць
галасы,
І над Ліпскам зялёным беларуская песня
лунае.
Колькі ў песні той шчырасці
і мілагучнай красы!
Яе слухаеш – і, нібы кветка,
душа расцвітае.
Заварожвае нас непаўторны,
прыгожы матыў,
Накрывае пяшчоты ласкавая
цёплая хваля.
Кожны з нас, землякоў, з гэтай песняй
радзіўся і жыў,
Бо яна, як зямля, як Радзіма, свая,
дарагая.

А калі знаходзішся ў цэнтры Ліпска, нельга не прыпыніцца, каб не палюбавацца нашай школай.

Яна адкрылася ў 1885 годзе. У гады польскай акупацыі працавала сямігодка з выкладаннем на польскай мове. У 1939 годзе пачалося навучанне на беларускай мове. 1961 год – першы выпуск сярэдняй школы. 1963 год – уведзены ў дзеянне цяперашні будынак школы.

Сёння ўстанова налічвае 92 навучэнцы. Напярэдадні Дня настаўніка мы ад душы віншавалі сваіх педагогаў вершам Веры Іосіфаўны.

Займаеце вы сціплую пасаду,
Але трымаеце надзейна ў руках
Духоўнасці нязгасную лампаду,
Што чалавецтву асвятляе шлях
Да велічнай вяршыні той – да ведаў,
Якую кожны марыць пакарыць.
Настаўнікі! Сам лёс наканаваў вам зведаць
Вялікае, святое шчасце – быць
Валадарамі юных душ і сэрцаў!
Вы кожны дзень прыходзіце ў клас,
Каб даць урок, што адкрыццём завецца,
Ваш абавязак узвышае вас.
Як вам патрэбны талент і цярпенне,
Упэўненасць, душэўны неспакой,
Але найперш – высокае натхненне,
Усведамленне місіі сваёй.
У наш час, калі даўно вядуць рэвізію
Маралі несумленныя дзялкі,
Важнейшай застаецца ваша місія –
Дабро і розум сеяць на вякі.
І верыцца, што ўбачыце вы скора
Аддачу – вашай творчай працы плён,
Настаўнікі, – духоўнасці апора.
Настаўнікі! Вам гонар і паклон!

(«Настаўнікам»).

Паважаная Вера Іосіфаўна! Вялікі дзякуй за вершы. Напярэдадні Вашага юбілею мы жадаем Вам здароўя, даўгалецця і творчага плёну.
Вам лёс наканаваў паэткай нарадзіцца,
І з воляй Божай нельга не згадзіцца.
Чатыры зборнікі – прыгожы
паэтычны шлях,
Заслужвае падзякі і паваг!

Рэдкалегія школьнай газеты «Пунсовыя ветразі».