Надзейная сельгаспадтрымка. Гэтыя арганізацыі звычайна знаходзяцца ў цяні, але такі факт іх значнасць у аграсектары раёна ні кроплі не змяншае

Аграном Зінаіда Коктыш.

Гэтыя арганізацыі звычайна знаходзяцца ў цяні, але такі факт іх значнасць у аграсектары раёна ні кроплі не змяншае. Пад кантролем «сельгасдапаможнікаў» мноства працэсаў.

Работнікі льнонасенстанцыі з года ў год даводзяць да пасяўных стандартаў насенне, пастаўляюць трасту льнозаводу.

Па ацэнцы кіраўніка прадпрыемства Аляксея Раманава, гэты год выдаўся ўдалым. Было нарыхтавана 1250 тон ільнотрасты – па чатыры тоны з гектара. У засекі адправілася 230 тон насення высокай рэпрадукцыі.

– Галоўная каштоўнасць любой арганізацыі – людзі, якія ў ёй працуюць. У нас склаўся вопытны працавіты калектыў. У наступным годзе плануем павялічваць пасяўныя плошчы, будзем далей працаваць на выдатны вынік, – гаворыць Аляксей Раманаў.

Высокія ўраджаі на кантролі ў станцыі хімізацыі. Тут старанна сочаць за тым, як захоўваецца і выкарыстоўваецца ўдабрэнне, праводзіцца вапнаванне, распрацоўваюць своеасаблівую «дыягнастычную карту» глебы.

Райплемстанцыя адказвае за здароўе і аднаўленне статка, працуе на павышэнне яго прадукцыйнасці.

Кожны ўраджай пачынаецца з маленькага зярнятка. Сочаць за яго якасцю ў інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін.

У сферы жывёлагадоўлі аграрыям не абысціся без райветстанцыі. Ветдапамога жывёлам аказваецца і ў горадзе, і на вёсцы.

Задачы райветстанцыі – не дапусціць распаўсюджвання небяспечных захворванняў, лячэнне і прафілактыка, вакцынацыя жывёл. Пад кантролем не толькі грамадскі статак, але і жывёлы з прыватных падвор’яў, а таксама дамашнія гадаванцы.

Павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, павелічэнне даходаў сельгасработнікаў, кантроль за развіццём АПК раёна – такія задачы стаяць перад упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.