Вітаміны ад фермера. У Ляхавіцкім раёне зарэгістравана 26 фермерскіх гаспадарак

У Ляхавіцкім раёне зарэгістравана 26 фермерскіх гаспадарак. Некаторыя толькі разгортваюцца, але ёсць і тыя, хто сваёй справай займаецца амаль два дзесяцігоддзі, як, напрыклад, «Даманскае», «Уладзімір плюс». Па даных райсельгасхарчу, за мінулы год уклад фермераў у агульны раённы вал сельгаспрадукцыі склаў тры працэнты.

Сакавітыя, наліўныя, духмяныя – яблыкі з фермерскай гаспадаркі «Машэй М.В.» (на здымку) ляхавічане ацанілі даўно. Фермер прапануе землякам 20 сартоў гэтай садавіны з уласнага пяцігектарнага саду. А яшчэ дзевяць сартоў таматаў – цяплічных і грунтавых, а таксама капусту (пад яе ў гаспадарцы адведзена 6,5 гектара), у сезон – яшчэ і расаду. Усё гэта вітаміннае багацце можна набыць не толькі на восеньскіх кірмашах, але і ў самых папулярных мясцовых магазінах. Ды і за межамі раёна ёсць попыт на якасную прадукцыю.