Абеды ў навучальных установах Ляхавіцкага раёна не толькі смачныя, але і танныя

Народная мудрасць сцвярджае, што калі правільна харчавацца, то і лякарства не трэба. Згодны з гэтым і медыкі, якія лічаць, што здароўе чалавека на 50 працэнтаў залежыць ад яго ладу жыцця, у тым ліку і харчавання. Таму збалансаванаму і рацыянальнаму харчаванню школьнікаў надаецца вялікая ўвага.

…Празвінеў званок, і вучні спяшаюцца ў сталовую.
— Харчаванне ў школе арганізавана на аснове прыкладнага двухтыднёвага рацыёну, распрацаванага з улікам патрабаванняў санітарных нормаў, правілаў і гігіенічных нарматываў, — расказвае дырэктар СШ №2 Святлана Якубоўская. — На сённяшні дзень паняцце «няпоўны абед» у навучальнай установе цалкам сябе зжыло. Кожны наш вучань атрымлівае паўнацэнны абед, які складаецца з гарачай стравы, абавязковага салата з агародніны, кампоту. Канешне, у школьным меню ў рабят ёсць стравы любімыя і нелюбімыя. У першую катэгорыю традыцыйна трапляюць катлеты курыныя, сырнікі і блінчыкі, сасіскі ці вараная каўбаса (прычым, каўбаса толькі вышэйшага гатунку). Прымаем меры па змяншэнні кошту абедаў — нарыхтоўваем агародніну ў СВК «Тальмінавічы». Школьны абед у месяц «каштуе» прыкладна ад 100 да 120 тысяч рублёў. Згадзіцеся, наўрад ці за 5 тысяч магчыма дзесьці паабедаць. Між іншым, рабяты пачатковых класаў, з сельскай мясцовасці, як у нашай, так і ў іншых навучальных установах, за кошт дзяржаўнай датацыі харчуюцца бясплатна, — адзначае Святлана Канстанцінаўна.
У адзін з сакавіцкіх дзён, калі карэспандэнт «ЛВ» наведаў сталовыя некаторых школ горада, рабяты праходзілі міма з амаль чыстымі талеркамі: у меню ў адной школе былі прасяная каша і курыная катлета, а ў другой — сырнікі са смятанай і маркоўны салат. Каша з’елася не ўся і не ўсімі, а вось катлеты і сырнікі пайшлі «на ўра». На пытанне, ці смачна іх кормяць, школьнікі адказвалі ўсюды станоўча.
А вось гэтае пытанне прымусіла дзяцей прызадумацца: што хацелі б змяніць у школьным абедзе?
— Не люблю катлет з рыбы…. Хацелі б, каб быў буфет… Добра, каб быў гарачэйшым суп… Усё падабаецца, кормяць смачна…. У адзінаццатым класе хлопцы пасля 4 урокаў ядуць усё, гэта малодшыя выбіраюць…
Важны аспект у ланцужку школьнага харчавання — эстэтычны выгляд абедзенных залаў, зручная і сучасная мэбля. На жаль, так не ўсюды. У некаторых школах у сельскай мясцовасці вымалёўваецца не зусім вясёлы пейзаж. Ёсць над чым падумаць дарослым (пра гэта ішла размова ў «ЛВ» ад 5 снежня 2012 года).
І ўсё ж пры ўсіх відавочных плюсах школьнага харчавання часам можна пачуць незадаволенасць бацькоў яго якасцю. Чаму? У большасці таму, што не выпрацаваны ў рабят навыкі здаровага харчавання — на перапынках яны жуюць чыпсы і сухарыкі. Перавага ж школьных абедаў у тым, што дзеці атрымліваюць максімальна разнастайную ежу. З пылу з жару, так сказаць. Згадзіцеся, не кожны з бацькоў паспявае (а некаторыя і не лічаць патрэбным) зварыць зранку кашу ці зрабіць амлет. Ды і не заўсёды тое, што прапаноўваем мы сваім дзецям, з’яўляецца карысным. Але ж мамы і таты лічаць, што толькі яны могуць правільна і смачна накарміць свайго школьніка. Прадбачу пярэчанні, але ж факт устаноўлены спецыялістамі: дзеці школьнага ўзросту сталі есці менш рыбы, каш, агародніны, малочных прадуктаў.
Ёсць нараканні і на тэмпературу страў. Але праблема вырашальная. Дзяжурныя пачынаюць раздаваць порцыі амаль перад званком. У гэтых абставінах неабходна ўлічваць і колькасць абедаючых. Напрыклад, у СШ №1 адразу харчуецца 150 чалавек, у іншых і таго больш. Канешне, тэмпература першай і апошняй порцыі будзе адрознівацца… Дарэчы, усе ўзнікаючыя пытанні можна заўсёды вырашыць на месцы з адміністрацыяй установы, дырэктар адказвае не толькі за якасць вучэбна-выхаваўчай работы, але і за якасць харчавання. Спадабалася пазіцыя дырэктара СШ №2: мы запрашаем бацькоў у любы дзень прыйсці і паглядзець, чым кормім дзяцей.
Па словах урача-гігіеніста райЦГіЭ Валянціна Скарыны, у апошні час бацькі па пытаннях якасці школьнай ежы ў санітарную службу не звярталіся.
Наконт буфета. Менавіта адсутнасць магчымасці перакусіць паміж прыёмамі ежы штурхае гарадскіх школьнікаў да паходу на перапынку ў магазін. І набываюць яны там не сок ці апельсін, а тыя ж чыпсы і напітак. Каб арганізаваць буфет, неабходна выканаць шмат умоў санстанцыі, але намаганні таго варты. Канешне, калі ў буфеце будуць прадавацца не шкодныя для дзіцячага арганізма прадукты, а тыя, якія дапамогуць папоўніць недахоп вітамінаў, падсілкавацца, каб далей імкнуцца да набыцця новых ведаў і пакарэння адукацыйных вяршынь. Хто спрабуе — той атрымлівае вынік.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *