У мінулую пятніцу адбылося чарговае пасяджэнне Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта

У ім прынялі ўдзел намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Якаў Бухавецкі, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сцяпан Радкавец, яго намеснік Сяргей Буткевіч, іншыя спецыялісты аблсельгасхарчу.На парадку дня разглядаўся шэраг пытанняў.
Галоўнай тэмай стала абмеркаванне ходу выканання задання па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі за 2 месяцы гэтага года і чакаемага выканання за І квартал года. Разам з падвядзеннем вынікаў работы жывёлагадоўчай галіны за вышэйназваны перыяд давалася ацэнка работы райсельгасхарчу, ветэрынарнай службы раёна, кіраўніцтва і спецыялістаў гаспадарак.
Лепш любой справаздачы гавораць лічбы. Як было адзначана, сёлета за студзень-люты вытворчасць малака ў раёне зніжана на 6,3 працэнта да ўзроўню адпаведнага перыяду мінулага года і склала 7638 тон. Адпаведна менш малака атрымана і ад кожнай каровы — 715 кілаграмаў (мінус 65 у параўнанні з мінулагоднім паказчыкам). На 1,5 працэнтных пункта ўпала таварнасць малака і склала 87,7 працэнта за справаздачны перыяд. 75 працэнтаў малака, якое пастаўляецца на малочны завод, ідзе вышэйшым гатункам і «экстра». Тым не менш, пытанні да якасці малака застаюцца.
— Па-ранейшаму пакідае чакаць лепшага якасць кармоў, якія гатуюцца непасрэдна ў гаспадарках. Большасць не ўтрымлівае дастатковай колькасці неабходных мікра- і макраэлементаў, якія паляпшаюць якасць малака. І тут недапрацоўваюць як кіраўнікі і адказныя спецыялісты аграпрадпрыемстваў, так і ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, чые прадстаўнікі павінны часцей бываць у гаспадарках. Ваша агульная задача — шукаць найбольш прымальныя сучасныя тэхналогіі ў прыгатаванні кармоў, арганізацыі іх дыферэнцыраванага падбору. Дарэчы, апошні вядзецца толькі ў СВК «Шлях новы» і «Ляхавіцкі», — адзначыў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук.
Замест 103 тон стартавага камбікорму КР-1 за 2 месяцы выкарыстана гаспадаркамі раёна ўсяго 33 тоны — 32 працэнты ад неабходнага. Менш за іншых закупілі яго СВК «Жарабковічы» і ЗАТ «Белпрампрыбор». Яшчэ больш унушальны спіс гаспадарак, якія знізілі фактычнае выкарыстанне ўсіх відаў камбікармоў: «Дарава», «Тальмінавічы», «Ліпнянка», «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», «Востраў-Агра». У цэлым замест неабходных 2654 тон у справу пайшло толькі 1016 тон камбікармоў.
Ёсць сур’ёзныя прэтэнзіі да якасці кармоў, нарыхтаваных гаспадаркамі. З правераных 30680 тон сенажу больш як 76 працэнтаў аднесены да някласнага па сухім рэчыве, больш як 12 працэнтаў — па масленай кіслаце. Не лепшая карціна і па сіласе. Узнікае пытанне: а дзе ж у час нарыхтоўкі кармоў былі спецыялісты райсельгасхарчу і гаспадарак?
— Пры такім падыходзе да арганізацыі кармлення і падбору рацыёну пра якую якасць малака і станоўчыя паказчыкі ўвогуле ў жывёлагадоўлі можна гаварыць, — рэзюмаваў Якаў Бухавецкі.
Са знакам «мінус» спрацавалі сельгасвытворцы раёна і па прывагах буйной рагатай жывёлы, якія склалі за азначаны перыяд 612 грамаў — на 61 грам ніжэй мінулагодняга ўзроўню. Адпаведна, знізілася ў цэлым вытворчасць прадукцыі вырошчвання БРЖ і склала 90,8 працэнта да ўзроўню 2012 года. Валавыя прывагі знізілі СВК «Жарабковічы», «Дарава», «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік», «Канюхі», «Востраў-Агра», ЗАТ «Белпрам-прыбор». У «Ліпнянцы», «Белпрампрыборы», «Кастрычніку», райаграсэрвісе прывагі і ўвогуле атрыманы менш за 550 грамаў. Не выкананы ў большасці гаспадарак раёна заатэхнічныя нормы па ўкамплектаванасці індывідуальнымі домікамі для вырошчвання цялят. Па падліках спецыялістаў, іх павінна быць 1550 штук, у наяўнасці — 773. Недастаткова і цэхаў для ўтрымання сухастою.
Сярод асноўных прычын, якія прывялі да такога, далёка не станоўчага, стану спраў у жывёлагадоўлі раёна, намеснік старшыні аблвыканкама адзначыў безыніцыятыўнасць, бяздзейнасць, а ў некаторых выпадках і нядбайнасць з боку кіраўніцтва райсельгасхарчу, ветэрынарнай службы раёна, кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў гаспадарак.
— Неабходна не з кабінетаў даваць указанні і кіраваць, а як мага часцей, а калі трэба і штодзённа, бываць непасрэдна на фермах, кантраляваць працэс, аказваць канкрэтную дапамогу, абапіраючыся на навуковыя дасягненні і вопыт перадавых сельгасвытворцаў, — падкрэсліў Якаў Бухавецкі.
Райвыканкам прыняў рашэнне прызнаць работу кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў па арганізацыі вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі ў 2013 годзе нездавальняючай. За дапушчанае зніжэнне вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, непрыняцце дзейсных мер па павелічэнні вытворчасці аб’яўлены вымовы начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Мікалаю Варажуну, галоўнаму заатэхніку ўпраўлення Аляксандру Шытаву, галоўнаму ветурачу раёна Паўлу Сіцько. Па гэтай жа прычыне райвыканкам хадайнічае перад РДУП «Брэстплемпрадпрыемства», агульнымі сходамі СВК «Дарава» і «Жарабковічы», назіральным саветам ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці ў выглядзе вымовы дырэктара райплемстанцыі Кацярыны Фірусь, старшынь гаспадарак Уладзіміра Пятроўскага, Віталія Бусько, Дзмітрыя Несцяровіча. Кіраўнікам гаспадарак указана на нездавальняючую работу па забеспячэнні пагалоўя камбікармамі, бялковымі дабаўкамі, па набыцці пастэрызатараў малака, па забеспячэнні маладняку БРЖ індывідуальнымі домікамі для вырошчвання.
Указана на тое, што ўсе без выключэння сельгаспрадпрыемствы раёна абавязаны штомесячна праводзіць даследаванне малака ў абласной спецыялізаванай лабараторыі. Усе згаданыя недахопы павінны быць ухілены ў вызначаныя тэрміны.
— Канструктыўная, а часам і жорсткая размова вялася не дзеля таго, каб паказаць, як у нас усё кепска ці пакрыўдзіць кагосьці з кіраўнікоў, а каб указаць на памылкі, вызначыць шляхі для іх выпраўлення. Тым больш, што патэнцыял для гэтага ёсць. Неабходна больш жадання і ініцыятыўнасці, а не чакаць, пакуль паказчыкі самі падымуцца ўверх, — падвёў вынікі абмеркавання пытання Дзмітрый Бурдук.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *