Рукой падаць. Да п’едэстала. Юны ліпчанін стаў пераможцам рэспубліканскага турніру

Як расказаў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Ліпскай СШ Аляксандр Кірмель, Данііл яшчэ і дастаткова сціплы малады чалавек, таму навіна, што некалькі часу назад прый-шла з Мар’інай Горкі, «шырокай ліпскай грамадскасці» стала вядома не адразу.

Навіна жвартая ўвагі, а яе творца – рэспекту. І так: у сціплых памераў гарадку Пухавіцкага раёна нядаўна прайшоў адкрыты Рэспубліканскі турнір па армрэстлінгу сярод юнакоў і дзяўчат 2002 года нараджэння і малодшых на прызы Заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь майстра спорту СССР і майстра спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа
Валерыя Бабукі.

Валерый Уладзіміравіч адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў гэтага віду спорту ў краіне, з’яўляецца старшынёй ГА БФА. Сёлетні на прызы майстра турнір быў ужо восьмым па ліку, сабраў каля сямі дзясяткаў рукаборцаў з 12 гарадоў краіны. Дзяўчаты спаборнічалі ў вагавых катэгорыях 55, 63 і 63 плюс кілаграмаў, юнакі – 63, 70, 78, 86, 95, 95 плюс і абсалютнай.

У Мар’інай Горцы Данііл Малевіч прадстаўляў самых лёгкіх, уласнай вагой да 63 кілаграмаў, атлетаў турніру. І стаў сярод іх самым моцным. Перамога!

Але не толькі армрэстлінг. Данііл сапраўдны ўніверсал ад спорту. Аляксандр Антонавіч Кірмель, які выкладае ў юнака свой прадмет, а ў якасці трэнера-сумяшчальніка ад СДЮШАР раёна праводзіць са школьнікамі заняткі, у прыватнасці, па лёгкай атлетыцы, адзначыў добрую бегавую, агульнафізічную падрыхтоўку свайго выхаванца.

Данііл удзельнічае і, як правіла, не без поспеху ў рознага кшталту спаборніцтвах. Мэтанакіраваны, настойлівы малады чалавек ставіць перад сабой рэальныя мэты і ведае, як іх ажыццяўляць.

У сярэдзіне лістапада на базе гімназіі горада Ляхавічы прайшоў раённы этап школьнай алімпіяды па прадмеце «фізічная культура і здароўе». Конкурсныя заданні складаліся з тэстаў па тэорыі прадмета, агульнафізічнай падрыхтоўцы, чатырох гульнявых – футбол, валейбол, баскетбол, гандбол –відах спорту і плаванні, этап па якім адбыўся ў басейне суседніх Баранавіч, – сапраўдны экзамен па многім і розным. Данііл Малевіч яго вытрымаў і стаў адным з «алімпіяднікаў», хто па выніках «фізкультвыступлення» быў узнагароджаны дыпломам II ступені. На дыплом I ступені ў гэтым годзе, па меркаванні журы, не выцягнуў ніхто.

Іван КАВАЛЕНКА.