Аўтазнешнасць для зімовай дарогі . У любы сезон дарога патрабуе ўвагі і не даруе памылак

Зімой кіраваць транспартным сродкам намнога складаней з-за ўмоў надвор’я: снег, галалёд, завіруха патрабуюць ад тых, хто за рулём, асаблівых навыкаў.  А яшчэ – і гэта галоўнае – безумоўнага выканання правілаў дарожнага руху. Згодна з ПДР, з 1 снежня па 1 сакавіка аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 тоны ўключна, легкавыя і грузапасажырскія аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай звыш 3,5 тоны, а таксама аўтобусы з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 5 тон павінны быць «абуты» ў зімовыя шыны. Прычым яны ўстанаўліваюцца на ўсіх колах транспартнага сродку. За парушэнне – адміністрацыйная адказнасць
у выглядзе папярэджання або штрафу да 0,5 базавай велічыні.

У мінулую пятніцу на Ляхавіччыне супрацоўнікі АДАІ падводзілі вынікі прафілактычнай акцыі «Зімовы цюнінг для машын –
правільны пратэктар шын!». Старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ капітан міліцыі Аляксандр  Анікевіч уручаў аўтааматарам тэматычныя лістоўкі  і правяраў, ці перайшлі аўтамабілі на зімовую рызіну.
На гадзінніку – пачатак дванаццатай гадзіны. Пунктам «сустрэчы»
стаў мікрараён па вуліцы Інтэрнацыянальнай – уезд-выезд з Ляхавічаў, дзе заўсёды даволі інтэнсіўны рух аўтамабіляў.
Інспектар АДАІ выбарачна спыняе машыну.
– Добры дзень, – вітаецца Аляксандр Анікевіч і прадстаўляецца па ўсёй форме. Міліцыянер правярае дакументы на права ваджэння аўтамабіля і прыглядваецца да шын. «Экзамен» баранавічанін Дзмітрый здаў – і дакументы ў парадку, і колы «правільныя». Вадзіцель з сямігадовым стажам падкрэслівае, што «пераабувае» колы заўсёды загадзя, таму што ад яго адказнасці залежыць
бяспека і пасажыраў машыны, а таксама тых, хто ўдзельнічае ў дарожным руху. Законапаслухмяны вадзіцель атрымлівае лістоўку з рэкамендацыямі па бяспечным дарожным руху і працягвае паездку.
Наступным спынены аўтамабіль ляхавічаніна Юрыя. У яго тэхнікі шыны таксама адпавядаюць сезону. Дарэчы, зімовыя шыны механічных транспартных сродкаў павінны быць маркіраваны знакам у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі і са сняжынкай унутры яе альбо знакамі М+S, M&S, M.S., M S або All seasons.
Чарговая машына, за рулём якой жыхар Слоніма Аляксандр, зноў без парушэнняў. Старшы дзяржаўтаінспектар уручае лістоўку і жадае добрага шляху.
Віктар з Клецка мае 55-гадовы вадзіцельскі стаж. Расказвае, што падрыхтоўкай машыны да зімы пачаў займацца за паўтара месяца да вызначанага тэрміну. Акрамя замены летняй рызіны на зімовую, запраўляе «незамярзайкай» амывальнік, правярае стан святлопрыбораў. Да законапаслухмянага вадзіцеля таксама ў супрацоўніка АДАІ няма пытанняў.
Узмах жазла – і кароткачасовы прыпынак у машыны, за рулём якой жыхарка Баранавічаў Іна. Рызіна ў машыне зімняя, пратэктар у межах дапушчальных значэнняў. Між тым, калі рэшткавая велічыня малюнка пратэктара менш за чатыры міліметры, то вадзіцеля чакае папярэджанне або штраф да 1 базавай велічыні, пры паўторным парушэнні на працягу года – штраф ад 2 да 5 БВ.
Падчас прафілактычнай акцыі ў цэнтры ўвагі і аўтамабілі, якія належаць прадпрыемствам і арганізацыям. Такіх было спынена два – ва ўсіх патрабаванні да транспартнага сродку выкананы. У адваротным выпадку адказнасць накладаецца на службовую асобу.
За гадзіну дзяжурства сярод правераных машын парушальнікаў не выяўлена. Летась, па словах Аляксандра Анікевіча, парушэнняў па зімовай рызіне за ўвесь перыяд  не зарэгістравана. Сёлета з
1 снежня на летняй рызіне ехалі пяць аўтамабіляў. Такім чынам, большасць вадзіцеляў, якія праязджаюць па дарогах раёна, не грэбуе бяспечнай паездкай і рыхтуе аўтамабіль да зімы своечасова.
З пачатку года супрацоўнікі міліцыі выявілі 1725 парушэнняў ПДР. 73 вадзіцелі кіравалі машынай у нецвярозым стане, бяспраўнікаў – 169. 83 чалавекі пераходзілі праезную частку «пад градусам», не былі абазначаны святлоадбівальнымі элементамі 30 чалавек, парушылі правілы перавозкі дзяцей 36 вадзіцеляў.
– Бяспечны скорасны рэжым, вызначаная дыстанцыя, адсутнасць рэзкіх паскарэнняў і тармажэнняў, лішніх манеўраў, увага і асцярожнасць на праезнай частцы – складнікі бяспечнага дарожнага руху, – падкрэслівае старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Аляксандр Анікевіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.