Эфект агульных намаганняў. Першы намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама райвыканкама сустрэлася з працоўным калектывам ААТ «Шлях новы»

Апошнім часам у жывёлагадоўчай галіне ААТ «Шлях новы» адчувальныя станоўчыя зрухі. Аднак, тым не менш, нямала пытанняў застаецца, і іх неабходна вырашаць, каб мець большыя прывагі, павялічваць надоі, паляпшаць якасць малака. Менавіта пра гэта ішла размова ў мінулы панядзелак, калі з працоўным калектывам сельгаспрадпрыемства сустракалася першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Анастасія Рабцэвіч.

– Змаглі сканцэнтравацца, правялі дэталёвы разбор найбольш праблематычных момантаў і самае галоўнае – пачалі мэтанакіравана рэалізоўваць прынятыя рашэнні. Адпаведна, прыйшоў і першы поспех, няхай не паўсюдна і не так хутка, як хацелася. Але ўсё ж вынік ёсць, і ён абнадзейвае. Са станоўчага боку істотна сярод іншых выдзяляецца малочнатаварны комплекс «Сакуны», дзе па выніках мінулага года павялічылася вытворчасць малака. Больш высокай стала і якасць сыравіны –  92 працэнты малака прадаецца на перапрацоўчыя прадпрыемствы гатункам экстра. Гэта адносна новы аб’ект у «Шляху новым», там створаны выдатныя ўмовы як для статка, так і для тутэйшых работнікаў. Аднак, многае залежыць і ад арганізацыі працы, і ад рацыёну жывёлы, і ад догляду – усё гэта разам спрацавала на агульны лепшы вынік. У плане вытворчасці малака плюсуе і МТК «Навасёлкі». Што тычыцца прываг, то па такім паказчыку неабходна ў якасці прыкладу адзначыць жывёлагадоўчую ферму ў Малым Падлессі, – расказвае Анастасія Рабцэвіч.
Пазітыўныя змены, што адбываюцца ў гэтым сельгаспрадпрыемстве, начальнік райсельгасхарчу назвала
заканамерным эфектам агульных намаганняў.
Анастасія Рабцэвіч падкрэсліла, што такія сустрэчы даюць магчымасць зразумець, чым жыве калектыў, акцэнтуюць увагу на мерах, якія неабходна прыняць, каб палепшыць стан спраў на прадпрыемстве ці ў арганізацыі, выслухаць хвалюючыя пытанні і паспрыяць іх вырашэнню.

Галіна КАНЬКО.