Кодэкс гонару для салдата. У батальёне кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны новае папаўненне прыняла Кодэкс гонару абаронцы Айчыны

У батальёне кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны новае папаўненне ўваходзіць у армейскі рытм.У адзін з дзён, напрыклад, праходзіла комплексная трэніроўка, на якой адпрацоўвалі дзеянні пры пад’ёме па трывозе. А да гэтага ваеннаслужачыя ва ўрачыстай абстаноўцы прымалі Кодэкс гонару абаронцы Айчыны.


“Я глыбока ўсведамляю, што гонар абаронцы Айчыны абавязвае мяне ўзорна выконваць абавязкі ваеннай службы, імкнуцца заняць годнае месца ў баявой сям’і свайго падраздзялення …” – гэтыя і іншыя абяцанні 20 маладых салдат вымавілі 18 студзеня. ¬Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце Андрэй Паляшук, начальнік штаба Сяргей Вайцяхоўскі, намеснік камандзіра па ўзбраенні Ян Іяўлеў і іншыя службовыя асобы батальёна.


– Мужчына па вызначэнні – абаронца. Армія садзейнічае загартоўцы характару, сілы волі. Абавязак кожнага салдата старанна авалодваць ваеннай спецыяльнасцю, выконваць загады камандзіраў, паважаць гонар і годнасць таварышаў па службе, быць патрыётам сваёй Радзімы, – адзначыў Андрэй Паляшук, які ўручыў ваеннаслужачым нарукаўныя нашыўкі. Праз паўгода службы пры ўмове паспяховай здачы кантрольных залікаў да нашыўкі дабавіцца яшчэ адна.
Значная падзея для часці – традыцыйны рытуал урачыстага ўручэння баявой зброі новаму папаўненню. Для кожнага салдата значнасць гэтага моманту цяжка пераацаніць. Чын асвячэння зброі, малебен правёў іерэй Іаан Ніканчук.


Пакуль кожны новы дзень службы у салдат нязвыклы, складаны і хвалюючы. Але праз час яны будуць ўпэўнена несці баявое дзяжурства, паказваць клас на трэніроўках, стануць сапраўднымі абаронцамі Айчыны.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з архіва батальёна кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.