Неба пад надзейнай абаронай. Карэспандэнты «ЛВ» напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны завіталі ў батальён кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны

Салдаты тэрміновай службы батальёна кіравання 8-й РТБр
Ягор Ярашук, Аляксандр Бычкоў, Дзмітрый Тарасевіч.

Вайсковая  часць 29969 пачалася з паста  КПП.  Усё строга: высвятленне прычын  прыбыцця  гасцей, уважлівая праверка дакументаў. Хвіліны  чакання  суправаджаючага –  і вось мы
крочым  па армейскай тэрыторыі.
Штодзень ваеннаслужачыя часці заступаюць на баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне. Служба патрабуе адказнасці і ўважлівасці, бо ад якасці выканання пастаўленых задач залежыць бяспека і недатыкальнасць паветраных межаў нашай краіны.
Камандзір батальёна кіравання падпалкоўнік Дзмітрый Брадніцкі адзначае, што кожны з яго падначаленых – і афіцэры, і кантрактнікі – адданыя справе прафесіяналы. Ды і салдатаў тэрміновай службы камандзір характарызуе станоўча:
– Кожны прызыў назіраем жаданне і гатоўнасць навабранцаў да службы ва Узброеных Сілах. Гэта абнадзейвае. Маладое папаўненне паспяхова прайшло і стажыроўку дзяжурства, а зараз гатова да самастойнага выканання баявых
задач.
Як ім служыцца сёння?

Не навічкі –  салдаты

Салдат тэрміновай службы Ягор Лукашоў з Гомеля тры месяцы назад яшчэ не меў уяўлення, што яго чакае ў арміі. Канешне, хваляваўся, як складуцца адносіны з саслужыўцамі, ці справіцца з нагрузкай. Сёння ж выпускнік Гомельскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА» прызнаецца, што служба не такая страшная.
– Армія загартоўвае, дапамагае асэнсаваць многія жыццёвыя каштоўнасці. Магу з упэўненасцю сказаць, што кожны мужчына павінен прайсці армейскую школу. У цывільным жыцці атрымаў прафесію юрыста, у арміі авалодаў ведамі і ўменнямі механіка трапасфернай станцыі.
А ў Міхаіла Бажко спецыяльнасць, атрыманая на «грамадзянцы», сумежная з армейскай – радыётэхнік стаў радыётэлеграфістам прыёмных радыёўстройстваў. Цяга да электронікі перадалася яму ад бацькі. Калі родныя прыязджалі на прысягу, бацька сказаў сыну: «Я служыў, і ты служы дастойна». Прыклад для Мішы – і дзядуля, які да выхаду на пенсію працаваў на 61-й авіябазе тэхнікам-механікам.
Уладзіслаў Дземідзенка – эканаміст па адукацыі, у арміі атрымаў спецыяльнасць планшэтыста. Адзначае, што служба праходзіць добра, і размовы пра дзедаўшчыну – чарговы міф.
– Ёсць патрабаванні, і яны не складаныя. Галоўнае – дысцыпліна і павага таварышаў. Служыць у Ваенна-паветраных сілах і войсках СПА – адказнасць вялікая. Але дні бягуць хутчэй, калі ведаеш, што цябе з нецярпеннем чакаюць дома, – дзеліцца Уладзіслаў.
Антон Грыгор’еў з Магілёва. Але немалую адлегласць да дома лічыць
плюсам – так лягчэй пражыць паўтара года службы. Яго «мірная» прафесія – тэхнік па эксплуатацыі паветраных суднаў і рухавікоў, што атрымаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, сумежная з армейскай, дзе ён разведчык-назіральнік паста візуальнага назірання. Неабходна ведаць віды самалётаў і іх параметры, умець вызначаць і многае іншае. Таму ў салдацкім жыцці зарыентаваўся хутка. Адаптавацца дапамагалі і камандзіры, сяржанты, якія самі перажылі такі ж перыяд.
– У арміі хапае прыемных момантаў. У дзень нараджэння, 21 студзеня, камандзір батальёна павіншаваў  мяне перад усім строем, а пасля зноў сюрпрыз – атрымаў пасылку ад сяброўкі. Быў вельмі рады. А яшчэ маем магчымасць займацца спортам, нават пачытаць кнігі можна. Сам не мясцовы, але з інтарэсам чытаю тутэйшую раёнку – «Ляхавіцкі веснік», – дзеліцца Антон Грыгор’еў.
Баранавічанін Максім Пячонкін загадзя для сябе вырашыў пайсці ў армію на кантрактнай аснове. Для гэтага пераадолеў шэраг іспытаў, сярод якіх і прафадбор, і медагляд, меў спецыяльнасць, запатрабаваную ва Узброеных Сілах, – тэхнік-механік. Тэрмін службы ў яго – два гады:
– Адрозненне ад тэрміновай службы ў тым, што сюды іду, як на работу, з дому і атрымліваю зарплату. Працоўны дзень у мяне, вадзіцеля-электрыка, з 8 да 18 гадзін з перапынкам на абед. Сярод абавязкаў – і забеспячэнне тэхнічнага стану аўтамабіля «Урал-4320».
Аляксандру Вайтулевічу засталося тры месяцы да звальнення ў запас. Па адукацыі псіхолаг, у вайсковай часці перакваліфікаваўся ў аператара аддзялення кантролю за палётамі авіяцыі.
У армейскай службе галоўнае, дзеліцца салдат, дакладна выконваць загады і пастаўленыя задачы. А калектыў заўсёды дапаможа. У сталовай кормяць смачна, як гаворыцца, кожная калорыя на сваім месцы. Трэба памыць  форму – маецца пральная машынка.
Усё прадумана і арганізавана так, каб больш часу адводзіць на баявую падрыхтоўку. Разбавіць армейскія будні могуць у вызначаны час званок дадому, пісьмы родным.

Служу Радзіме!

Салдатам ёсць у каго павучыцца. Сярод лепшых камандзір батальёна Дзмітрый Брадніцкі называе начальніка камандна-тэхнічнага вузла маёра Міхаіла Каваленку. Свой у вайсковай часці лейтэнант Юрый Цывінскі – прыйшоў салдатам тэрміновай службы і застаўся на кантракт, прайшоў перанавучанне і зараз узначальвае групу апрацоўкі інфармацыі камандна-тэхнічнага вузла. За арганізацыю сувязі адказвае начальнік тэлефонна-тэлеграфнага цэнтра капітан Андрэй Герасімовіч, з абавязкамі спраўляецца паспяхова. У яго падначаленні тры дзясяткі чалавек. Бесперабойнае забеспячэнне вайсковай часці электрычнасцю – справа начальніка электрасілавых установак прапаршчыка Дзмітрыя Чарняўскага. Шлях ад радавога да старшага прапаршчыка прайшоў Дзмітрый Базыльчук, зарэкамендаваў сябе адказным ваеннаслужачым і быў накіраваны на курсы падрыхтоўкі малодшых камандзіраў, адкуль вернецца ў званні малодшага лейтэнанта. Сярод вадзіцеляў вызначаецца сяржант Яўгеній Маслоўскі.


Пасля звальнення ён застаўся на кантрактную службу і пяць гадоў водзіць аўтобус. 37 гадоў вадзіцельскага стажу ў Сяргея Шакаля, з якіх больш за дзесяцігоддзе ён хоць і ў грамадзянскім статусе, але ў армейскім графіку на МАЗе-631705.


Больш за дзесяцігоддзе ў форме радыётэлеграфіст Алена Трапашка,
дзяжурная па сувязі Ірына Плескацэвіч, планшэтыст Наталля Федаровіч. З абавязкамі прыгожая палова спраўляецца не горш, чым калегі-мужчыны.
Батальён кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады па выніках дзейнасці  займае лідзіруючыя пазіцыі па многіх напрамках.
За час гісторыі батальёна склаліся слаўныя традыцыі, заснаваныя на патрыятызме і вернасці абавязку. Намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце Андрэй Паляшук расказвае, што сярод іх прыняцце салдатамі Кодэкса гонару абаронцы Айчыны, рытуал урачыстага ўручэння баявой зброі новаму папаўненню, рытуал заступлення на баявое дзяжурства і г. д.
– Высокія вынікі дзейнасці батальёна – справа калектыўная. Адзін за ўсіх, а ўсе за аднаго – прынцып не напаказ, а дзеля бездакорнага выканання пастаўленых баявых задач, – падкрэслівае Дзмітрый Брадніцкі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.