Кадры з патэнцыялам. Маладыя спецыялісты Ляхавіччыны прымалі ўдзел у традыцыйнай сустрэчы з кіраўніком раёна

За апошнія паўгода жыццё Ігара Кіслюка кардынальна змянілася. У недалёкім мінулым засталіся студэнцкія клопаты, інтэрнатура, размеркаванне.
Ён дыпламаваны ўрач-хірург, а цяпер і ўвогуле шматфункцыянальны доктар – хутка перакваліфікаваўся і вядзе прыём як урач агульнай практыкі  ў чырвонай зоне паліклінікі. Кіраўніцтва Ляхавіцкай райбальніцы адзначае кампетэнтнасць маладога спецыяліста, яго адказнае стаўленне да справы, уважлівыя адносіны да пацыентаў і жаданне ўдасканальвацца ў прафесіі.
– Перспектыўны ўрач, – характарызуе маладога калегу галоўны ўрач ЦРБ Георгій Хлябовіч.

– Выбар прафесіі рабіў асэнсавана. Медыцына, лічы, сямейная справа, старэйшы брат – ваенны медык, бабуля – фармацэўт. Калі вучыўся ва ўніверсітэце, у вольны ад заняткаў час працаваў медсястрой, так што практыку прайшоў неаднойчы. У па-
ліклініцы вяду прыём як  хірург і ўрач агульнай практыкі. Дзяжуру, пры неабходнасці працую і ў стацыянары райбальніцы. Калектыў падабаецца. Ёсць і настаўнік – загадчык хірургічнага аддзялення
Андрэй Пуцілаў. Многаму вучуся ў выдатнага практыка галоўнага ўрача Георгія Хлябовіча. Задавальняюць умовы работы, адносіны ў калектыве, матэрыяльнае стымуляванне. Атрымаў месца ў інтэрнаце, але мару пра арэндную кватэру, – гаворыць Ігар Кіслюк.
Ляхавічанка Эліна Фёдарава летась пасля заканчэння Ляхавіцкага аграрнага каледжа (дарэчы, з чырвоным дыпломам) прыйшла працаваць памочнікам брыгадзіра на МТФ «Зубелевічы» ў ААТ «Нача».


– У нас зладжаны калектыў, шмат моладзі. З інтарэсам пераймаю вопыт сваіх старэйшых калег – яны прафесіяналы з вялікім стажам работы. Маю ўласную кватэру ў Ляхавічах, на работу прыязджаю на транспарце сельгаспрадпрыемства. Вольнага часу застаецца мала, люблю спяваць, таму працую яшчэ і ў ГДК, – адзначае
Эліна.
Спецыяліст па кадрах райпо Таццяна Мацкевіч – таксама ляхавічанка. Пакуль жыве з бацькамі, але, канешне ж, марыць пра ўласнае жыллё.
У рабоце выпускніцу Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта задавальняе ўсё, праўда,  хацелася б большую зарплату.
– Люблю Ляхавічы. Толькі шкада, што ў нашым горадзе няма месца, дзе моладзь магла б адпачыць з камфортам, – падзялілася Таццяна.
Гэтыя маладыя спецыялісты сярод 60 іншых прымалі ўдзел у традыцыйнай сустрэчы з кіраўніком раёна.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз пажадаў юнакам
і дзяўчатам паспяхова прымяняць на практыцы атрыманыя падчас вучобы веды, быць настойлівымі, не баяцца цяжкасцяў і любіць зямлю, на якой працуюць, выказаў пажаданне, каб і пасля абавязковай адпрацоўкі яны звязалі свой далейшы лёс з Ляхавіччынай. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што маладым спецыялістам у раёне рады і гатовы іх падтрымаць, запрасіў да канструктыўнага і шчырага дыялогу.
І калі спачатку ў зале сказвалася зразумелае хваляванне, то паступова атмасфера стала больш даверлівай, адкрытай і зацікаўленай.
Мікалай Мароз як адзін з шасці дэлегатаў ад Ляхавіцкага раёна на VI Усебеларускім народным сходзе падзяліўся з моладдзю ўражаннямі ад удзелу ў народным веча.
– Гэта была сапраўды лёсавызначальная для краіны падзея. Акрэслены задачы на бліжэйшую пяцігодку, і ёсць дакладнае разуменне, што ўнутраная палітыка нашай краіны застаецца сацыяльна арыентаванай. Размова перш за ўсё ідзе пра прыярытэты, вызначаныя ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця: моцныя рэгіёны, дзяржава-партнёр, інтэлектуальная краіна, шчаслівая сям’я. І Ляхавіччыну чакаюць пераўтварэнні і змяненні ў розных галінах. Увага і на вытворчасць, і на адукацыю, і на ахову здароўя, і на выхаванне падрастаючага пакалення.
Ад вас, маладых, у многім залежыць, якой будзе наша краіна заўтра. Пра гэта, у тым ліку, гаварылі на галоўным форуме пяцігоддзя і вашы равеснікі – прадстаўнікі моладзі з розных рэгіёнаў Беларусі, – адзначыў старшыня райвыканкама.
Эмацыянальна і змястоўна пра пачутае і ўбачанае на Усебеларускім народным схо-дзе расказаў і першы сакратар райкама ГА БРСМ Яўгеній Сініла.
– Галоўную выснову, якую зрабіў пасля ўдзелу ў сходзе, агучу так: каб жыць лепш, трэба пачынаць з сябе. Давайце кожны
зробіць усё магчымае, каб Беларусь стала яшчэ больш заможнай, квітнеючай, прывабнай. А ў Год народнага адзінства няхай думкі і справы кожнага будуць толькі пазітыўнымі і стваральнымі, – рэзюмаваў маладзёжны лідар Ляхавіччыны.
Маладыя спецыялісты атрымалі адказы на хвалюючыя іх пытанні, што тычыліся выдзялення жылля, правядзення вольнага часу, арганізацыі месцаў масавага адпачынку для моладзі і іншага.
Бясспрэчна, атрыманне жылля для маладых спецыялістаў – тэма ў многім вызначальная. За апошнія тры гады толькі арэнднае жыллё ў раёне атрымалі 16 маладых спецыялістаў, з іх сямёра – летась.
– Ёсць свабодныя ўчасткі для індывідуальнага будаўніцтва. Каб стаць іх уладальнікам, неабходна стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Дарэчы, зямельны ўчастак выдзяляецца бясплатна, аплачваецца толькі падрыхтоўка дакументацыі, – расказала начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і  ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
Для тых, хто размеркаваўся на першае працоўнае месца, прадугледжана атрыманне льготнага крэдыту на спажывецкія патрэбы першай неабходнасці ў Беларус-
банку.
– Прафсаюзы заўжды побач. Напэўна, кожны з вас у гэтым паспеў упэўніцца. Пры ўзнікненні нейкіх пытанняў ці проста за парадамі звяртайцеся да старшыняў пярвічак – разам будзем адстойваць вашы інтарэсы, – запэўніла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач расказала пра ўмовы для развіцця творчага патэнцыялу моладзі, культурнае развіццё нашага рэгіёна.
Кіраўнік раёна адзначыў важнасць і неабходнасць такіх сустрэч і пажадаў маладым землякам праяўляць больш ініцыятыўнасці, крэатыўнасці, актыўнасці, імкнення да самаўдасканалення, не быць пасіўнымі і інертнымі ў рабоце, грамадскім жыцці, бо ад сённяшняга пакалення маладых залежыць заўтрашні дзень і Ляхавіччыны, і ўсёй краіны.

Летась на Ляхавіччыну размеркаваўся 101 малады спецыяліст, самае істотнае кадравае папаўненне сярод медыкаў – 32, аграрыяў – 25.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.