Веснавыя палявыя. У сельскагаспадарчых угоддзях Ляхавіцкага раёна ўжо з’явіліся веснавыя «ластаўкі»

У сельскагаспадарчых угоддзях раёна ўжо з’явіліся веснавыя «ластаўкі». Першыя, жалезныя, у выглядзе тэхнікі для падсеву пад азімыя шматгадовых траў і ўнясення ў глебу ўдабрэння. І хоць аграрную вясну – у ключавым яе значэнні – з гэтым відам палявых клопатаў звязваюць мала ці не звязваюць увогуле, яе прыход адчуваецца ўжо ва ўсім.

Загрузку насення выконвае механізатар Уладзімір Зіневіч. На першым плане – аграном-насеннявод Сяргей Хвясько.

Многа снегу –  многа хлеба
Іменна гэта выслоўе сёлета ўзгадвалася неаднойчы. Сапраўды, мароз і мяккая снежная «коўдра» – свайго роду бальзам для глебы: ахутвае і грэе, аздараўляе на карысць будучага высокага ўраджаю.
– Да гэтага як мінімум дзве апошнія зімы былі маласнежныя. А то і ўвогуле, як летась, снегу мы не ўбачылі, з-за чаго ў верхніх слаях глебы яўна назіраўся дэфіцыт вільгаці. Што не магло не адлюстравацца на яе ўраджайных магчымасцях, на патэнцыяле. З апошняй зімой аграрыям пашанцавала. Талыя воды нядрэнна паднапаілі зямлю, стартава падрыхтавалі яе да новага сельскагаспадарчага цыкла, зрабілі куды больш прывабнай з пункту гледжання ўраджайных перспектыў. Для азімых зерневых, рапсу плюс яшчэ і ў тым, што снежнае покрыва здарылася не на «жывую», а падмарожаную глебу, калі вегетапрацэсы ў раслінах ужо спыніліся. Гэта добра ў плане іх камфортнай перазімоўкі, захаванасці, магчымасці ўступіць у вясну жывымі-здаровымі. А ўсё астатняе залежыць ад нас – раслінаводаў і, канешне, ад надвор’я на працягу года, – выказвае сваё бачанне сітуацыі і бліжэйшых перспектыў яе развіцця аграном-насеннявод ААТ «Нача» Сяргей  Хвясько.

«Па чарапку»
Сяўба для гэтай гаспадаркі пачалася ўжо – называецца падсеў шматгадовых траў пад азімыя зерневыя.
– Прыблізна сённяшняе надвор’е (уначы да -10) і адпаведны стан азімага палетка з’яўляюцца найбольш спрыяльнымі ўмовамі
для выканання гэтага віду работ. Называецца «па чарапку» – мерзлай скарынцы, якая ўсё яшчэ не пусціла і працягвае трымаць глебу. Чаму гэта важна? «Чарапок» утрымае на сабе і трактар з сеялкай. Адпаведна, не рэжацца каляіна, не псуецца коламі асноўная культура. Азімы палетак застаецца ў сваім першачарговым выглядзе, аднак, ужо ў дапоўненым статусе, –  працягвае Сяргей Хвясько.
«Начы» належыць пасеяць 320 гектараў шматгадовых, у аснове сваёй – бабовых і бабова-злакавых. Работы працягваюцца ўжо каля тыдня. Напрыклад, у мінулую сераду азімы палетак трыцікале падсяваўся міксам траў у складзе купкоўкі зборнай і аўсяніцы лугавой.
– Пакупное насенне травы дастаткова дарагое. Куды лагічней і экана-
мічней вырошчваць сваё. Так і робім, для чаго ў нас адведзены спецыяльныя ўчасткі траванасення. Адным словам, сеем сваім, – гаворыць аграном-насеннявод.
Пэўную цікавасць уяўляе і тэхніка, што пры гэтым выкарыстоўваецца. Некалі класічная ўніверсальная пнеўмасеялка даўно ўжо не з’яўляецца актуальнай, на змену ёй прыйшлі пасяўныя камбайны. Камбінаваныя здольны за адзін праход выконваць не адну тэхналагічную аперацыю, шыроказахватныя, якасныя ў сваёй пасяўной рабоце. Старыя-доб-
рыя СПУшкі адышлі ў гаспадарках на трэці план, маюць мінімальнае,
а то і спецыфічнае выкарыстанне.
Як, напрыклад, у «начаўскім» варыянце, дзе шляхам невялікай рэканструкцыі СПУ-6 адмыслова трансфармавалі і задзейнічалі на падсеве траў.

Травы, травы, травы
У планах сельгаспрадпрыемстваў раёна – пасеяць дзве тысячы гектараў шматгадовых траў. Гэта кансалідаваная плошча, з улікам і 320 «начаўскіх» гектараў. Як і ў папярэднім выпадку, усе нашы аграрыі ставяць на бабовыя і бабова-злакавыя – як асаблівую крыніцу бялку ў рацыёне жывёлы. Кожныя чатыры з пяці пасеяных у раёне травяных гектараў будуць бабовымі ці з утрыманнем раслін гэтай групы. У «Жарабковічах», напрыклад, з 500 увогуле пасеяных такімі будуць 400 гектараў, у «Ляхавіцкім» – 300 з 350, у «Белпрампрыборы» стаўку сёлета робяць выключна на бабовыя.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.