Прыгажосці пасуе мір. Прашу слова!

Падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года». Чарговы раз гучна, таленавіта, шчыра, патрыятычна заявілі пра сябе нашы сучасніцы – прадстаўніцы самых розных прафесій, інтарэсаў, поглядаў.
Руплівыя і шчырыя працаўніцы, актыўныя ў грамадскім жыцці, ім пакараюцца спартыўныя вяршыні, яны творчыя і таленавітыя, клапатлівыя мамы і захавальніцы сямейнага ачага. Заўжды, ва ўсе часы беларускі славіліся мудрасцю, талерантнасцю, надзейнасцю, неабыякавасцю да лёсу сваёй краіны. Жаночаму твару так пасуе мірнае развіццё. Ён прыгожы, абаяльны позірк квітнеючай Беларусі. На жаль, апошнім часам яго спрабавалі зрабіць тварам пратэстаў, заклікаў да разбурэння.
Больш за чвэрць стагоддзя наш народ па цаглінцы будаваў, узводзіў, ствараў суверэнную дзяржаву, беражліва захоўваў і прымнажаў спадчыну, пакінутую продкамі. У міры і згодзе, ладзе і дабрабыце жылі і жывуць прадстаўнікі розных рэлігійных канфесій, нацыянальнасцей і сацыяльнай прыналежнасці. Паглядзіце, азірніцеся, якія выдатныя ўмовы створаны ў Беларусі для кожнага чалавека, развіцця талентаў і здольнасцей, у нас моцная дзяржаўная падтрымка сем’яў, у зоне асаблівай увагі – мнагадзетныя. А колькі робіцца для падрастаючага пакалення! Беларуская медыцына не толькі бясплатная і даступная, але і высокатэхнічная. Не стаіць на месцы эканоміка, развіваюцца вытворчасць, сельская гаспадарка. Уражваюць гучнымі перамогамі на міжнародных арэнах беларускія спартсмены. Хіба гэтага мала, каб ганарыцца сваёй краінай? І якімі ж няўдзячнымі трэба быць, каб агітаваць за супрацьдзеянне законнай уладзе, заклікаць да беспарадкаў, забастовак, выступаць за пашырэнне палітычных і эканамічных санкцый супраць краіны, у якой жывуць самі, жылі іх бацькі і ў якой будуць жыць іх дзеці і ўнукі.
У нашага народа дастаткова сіл, мудрасці, рэсурсаў, каб самастойна вырашаць праблемы, якія ёсць. Мы не можам заставацца абыякавымі да таго, што адбываецца навокал, у што спрабуюць уцягнуць нашых дзяцей. Мне як жанчыне, як маці, як кіраўніку навучальнай установы сапраўды страшна: дзякуючы падтрымцы іншых дзяржаў, нашы так званыя «рэвалюцыянеры», псеўдабарацьбіты за справядлівасць распальваюць вайну. Паслухайце, пачытайце да чаго заклікаюць так званыя лідары апазіцыі пад «праславіўшыміся» ў гады фашысцкай акупацыі бел-чырвона-белымі сцягамі ці дэструктыўныя Telegram-каналы. Парушыць асноўныя каштоўнасці беларускага народа, раскалоць грамадства, пасеяць нянавісць, супрацьпаставіць людзей па палітычных, рэлігійных, гістарычных поглядах. Яны патрабуюць перамен. Але каму патрэбныя такія перамены? Асабіста я не хачу, каб настаўнікаў абражалі за тое, што яны працавалі ў выбаркамах, каб пагражалі сем’ям міліцыянераў, каб не паважалі працу ўрачоў, каб зневажалі памяць пра Вялікую Айчынную вайну і ў той жа час праслаўлялі паліцаяў-здраднікаў.
Якія пытанні можна вырашыць, калі выйсці на вуліцу і крычаць агульныя лозунгі, заклікі да звяржэння законнай улады? Адназначна, ніякія. Напэўна, лепш прыйсці з работы ці вучобы дамоў, заняцца сваёй сям’ёй, хатнімі клопатамі. Гэта асноўная роля, галоўнае прызначэнне любой жанчыны, незалежна ад таго, у якой краіне ты жывеш.
Мы, жанчыны, не маем права маўчаць. Аднолькава балюча і неспакойна і за сілавікоў, якія стаяць на варце правапарадку, і за юнакоў і дзяўчат, якія называюць сябе «мірнымі», проста гуляючымі, а на справе яны парушальнікі парадку. Але ўсе яны нашы дзеці, якія павінны пачуць мацярынскі голас. Ён заклікае да адзінства, да неабходнасці вярнуць мір і спакой на нашу беларускую зямлю,
у наш агульны дом, у нашы сем’і, парадак на вуліцы і самае галоўнае – дыялог і ўзаемаразуменне
ў грамадстве.

Вольга БУРАК, старшыня раённай арганізацыі  ГА «Беларускі саюз жанчын».