Дастойны вынік складаецца з агульных намаганняў. Кіраўнік Мінсельгасхарчу сустрэўся з калектывам СААТ «Ляхавіцкі малочны завод»

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко, першы намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Рабкавец, дырэктар СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» Вячаслаў Емяльяненка, старшыня райвыканкама Мікалай Мароз (справа налева).

У мінулую суботу міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Іван Крупко наведаў з рабочым візітам шэраг прадпрыемстваў Брэстчыны.
Працоўны прыпынак значыўся і ў Ляхавіцкім раёне. У прыватнасці, кіраўнік Мінсельгасхарчу сустрэўся з калектывам СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», азнаёміўся  з вытворчым працэсам на прадпрыемстве.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падчас нядаўняй сустрэчы з работнікамі прадпрыемства  ААТ «Малочны свет» заявіў, што Беларусь захавала прадпрыемствы малакаперапрацоўчай прамысловасці, і гэта адно з дасягненняў дзяржавы. Таму зразумела сённяшняя і заўсёдная дзяржаўная ўвага да гэтай галіны АПК.
Ляхавіцкі малочны завод – адна з візітных картак раёна, менавіта па такім знаёмым брэндзе «Ляхавічок» у многіх кутках краіны і не толькі ведаюць, што смачная  малочная прадукцыя мае ляхавіцкія каардынаты вытворчасці. А для больш як 200 чалавек гэта прадпрыемства – працоўнае месца са стабільнай заработнай платай, належныя ўмовы працы, дружны калектыў, магчымасць працаваць пад вядомым брэндам.
Што ўяўляе сабой прадпрыемства сёння, якія існуюць праблемы, шляхі іх вырашэння, ключавыя аспекты работы, пытанні мадэрнізацыі і далейшыя перспектыўныя напрамкі развіцця – гэта і многае іншае стала прадметам размовы на рабочай нарадзе, удзел у якой прынялі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко, першы намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Рабкавец, старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз.
Ляхавіцкі малочны завод сёння мае добрую фінансавую рэпутацыю, гэта адзначыў і міністр сельскай гаспадаркі, а таксама годна выглядае ў плане дынамікі развіцця прадпрыемства. Выпуск сметанковага масла лінейкі вядомага брэнда «Прэзідэнт», вырашэнне пытання будаўніцтва ўласных ачышчальных збудаванняў, курс на пашырэнне аб’ёмаў вытворчасці і перапрацоўкі сыравіны, аснашчанасць сучасным абсталяваннем, якое адпавядае сусветным стандартам, – таму пацвярджэнне. Плюс відавочны, калі паглыбіцца ў статыстыку: максімальная магутнасць па перапрацоўцы малака дасягнула 250 тон у суткі, больш за 50 найменняў малочнай прадукцыі выпускаецца пад гандлёвымі маркамі «Ляхавічок», «Унучок Ляхавічок», за мінулую пяцігодку Ляхавіцкі малочны завод павялічыў аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі ў 2,3 раза.
Падрабязна міністр спыніўся на паказчыках аграпрамысловага комплексу рэспублікі ў разрэзе мінулых пяці гадоў. Нягледзячы на пандэмію, палітычныя моманты, сельская гаспадарка спрацавала даволі паспяхова. Гадавы тэмп вытворчасці таварнай прадукцыі ў гаспадарках усіх катэгорый склаў 104,9 працэнта. Непасрэдна ў сельгасарганізацыях гэты паказчык вырас да 106,9 працэнта.
Адно з пытанняў тычылася сыравіннай зоны. Яна павінна быць сертыфікавана, адпавядаць патрабаванням прадпрыемства – доказ таго, што забяспечваецца поўная бяспека і высокая якасць малака. Таму сёння асноўная  задача перапрацоўшчыкаў – працаваць разам з сельгаспрадпрыемствамі на якаснае і колькаснае развіццё сыравіннай зоны, каб быць устойлівымі і канкурэнтаздольнымі на ўсіх рынках, ад гэтага будуць залежаць далейшыя перспектывы, геаграфія паставак, фінансавы дабрабыт.
Толькі калі сельгасвытворцы і перапрацоўшчыкі будуць працаваць разам, дзеля агульнага выніку, магчыма дасягнуць і павышэння заработнай платы.
А дабрабыт кожнай сям’і – гэта аснова і прыярытэт дзяржаўнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі.

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.